×

LingQ'yu daha iyi hale getirmek için çerezleri kullanıyoruz. Siteyi ziyaret ederek, bunu kabul edersiniz: çerez politikası.

image

Меч князя Вячкі, Раздзел трэці III 5

Раздзел трэці III 5

Ён узняў на спіне палатняную кашулю. Спіна была ў цёмна-сініх пісягах.

— Што гэта? — уздрыгнуў Мірошка.

— Лаза, — хмура сказаў Якаў, апускаючы кашулю. — Баярын Іван, вош ненажэрная, пачаставаў. У рабстве быў я, Мірошка, валом пад'ярэмным быў. Цяжка нават успамінаць…

Твар у Якава быў бледны. Якаў сядзеў згорбіўшыся, кусаў губы.

— Помніш нашу пушчу, Мірошка? — ціха спытаўся ён, і вочы пасвятлелі.— Як вецер у ёй шумеў… Як дождж ліўся… Як снег падаў… Помніш?

— Помню, — таксама прыцішваючы голас, пагладзіў стрыеву руку Мірошка. Скура на руцэ была шурпатая, цвёрдая.

— Не вярнуцца нам туды… Не пабачыць болей пушчу, — сумна глядзеў на высокі гарадскі вал Якаў.— Часта я яе ўспамінаў, асабліва ноччу, калі ўся чэлядзь баярская спала. Дзядам і бацькам нашым лягчэй было. Яны ведалі, што, калі памруць, іх закапаюць у роднай зямлі — у Гарэлай Весі. А мы не ведаем, хто і дзе нашы косці ў зямлю кіне… Ды што гэта я расплакаўся? — Якаў матнуў галавою, ускочыў з бервяна, падхапіў, закружыў Мірошку:

— Разам мы, браценнічак. Разам!

Вочы ў Якава зноў былі вясёлыя, іскрыстыя. Ён падкінуў Мірошку, злавіў, потым яшчэ раз падкінуў. Сонца плыло над Кукейносам. Белыя хмаркі беглі па сінім небе адна за адною. Высокі русавалосы вой глядзеў з забаролаў на Якава і Мірошку, усміхаўся ім. Ён быў малады, і яму, пэўна, таксама хацелася пабегаць, пабарукацца з кім-небудзь на мяккай зялёнай траве. Але ён толькі глыбей надзеў, насунуў на самыя бровы шлем, крыкнуў, трасянуўшы кап'ём: — Полацк!

І пакацілася па забаролах Кукейноса:

— Менск! Друцеск! Рша!

Мірошка з Якавам яшчэ б доўга ўспаміналі Гарэлую Весь, але прыбегла дзяўчына-чалядніца, задыхана сказала:

— Ты Мірошка, што ў Клімяты Аднарука жыве?

Княгіня загадала цябе знайсці і прывесці да яе ў святліцу. Пайшлі хутчэй.

Са страхам шыбаваў Мірошка ўслед за чалядніцай. Што хоча ад яго суровая княгіня?

Дабранега сядзела на мяккай зялёнай канапцы, трымаючы ў руках белую пушыстую кошку.

— Вось ты які, маленькі смерд, — сказала княгіня. — Падыдзі бліжэй.

Мірошка нясмела ступіў некалькі крокаў. Пры яго набліжэнні белая кошка выгнула дугой спіну, пагрозліва звузіла вочы.

— Ты не брудны? Не хворы? — строга дапытвала княгіня. — З табою чамусьці любіць гуляць князёўна Соф'я. Я не забараняю ёй, але ты павінен помніць, хто ты і хто яна. Ты павінен заўсёды гэта помніць.

Яна выпусціла з рук кошку, устала з канапы.

— Сёння князёўна Соф'я хоча схадзіць за гарадскі вал у грыбы. З ёю пойдуць воі, і ты пойдзеш таксама. Ідзі збірайся і помні тое, што я табе сказала.

Не хацеў Мірошка ісці ў лес, да Якава хацеў на стайню збегаць, але паспрабуй не выканаць княгінін загад. У Клімяты Аднарука ўзяў ён лубяны кошык і нож у жоўтых касцяных тронках. Соф'я і тры ўзброеныя воі ўжо чакалі яго каля гарадскіх варот. Разважна шумеў яловы лес, гаманіў з ветрам. Грыбоў было няшмат. Князёўна знайшла-такі адзін баравік, горда паказвала яго воям і Мірошку. Воі для прыліку дзівіліся спрыту князёўны, але па іхніх тварах было відно, што патрэбны ім гэтыя грыбы як сабаку пятая нага. Каб не капрыз князёўны, сядзелі б яны зараз у малой грыдніцы, гулялі ў косці.

Мірошка ж, апынуўшыся ў лесе, успомніў сваю пушчу, і так радасна зрабілася, хоць спявай. Ён ішоў побач з князёўнай, павучаў яе, як трэба шукаць грыбы.

— Кожнаму грыбу трэба пакланіцца, князёўна, — казаў ён словы, якія калісьці чуў ад свайго бацькі.— Грыб хавацца любіць. Пад куст, пад мох, пад ігліцу залазіць. Сядзіць там і цікуе на людзей — знойдуць або не? Паспеху не любіць грыб.

На вузкай сцежачцы ўбачыў Мірошка бітву рыжых лясных мурашак з сінімі жукамі. Жукоў было тры, а мурашак незлічонае мноства. Яны абляпілі ў жукоў ногі, крылцы, не даючы ўзляцець. Аднаго перавярнулі на спіну і цягнулі ў свой мурашнік. Знясілены жук толькі слаба варушыў вусікамі і ўжо не супраціўляўся.

Мірошка стаў на каленцы, ціха паклікаў князёўну Соф'ю, каб і яна паглядзела. — Выратуй жука, — адразу папрасіла Соф'я. — Мурашкі з'ядуць яго. Выратуй хутчэй.

Мірошка ўзяў яловую лапку, пачаў асцярожна змахваць, змятаць мурашак з сіняга жука. Але не так проста было гэта зрабіць, бо рыжыя разбойнікі мёртвай хваткай учапіліся ў яго.

— Як у людзей вайна, — сказаў сівавусы вой, што таксама назіраў за гэтым няроўным паядынкам.

Князёўна Соф'я неўзабаве стамілася, і воі на лясной паляне зрабілі прывал. Сівавусы расклаў цяпельца, выразаў ражно, накалоў на яго грыб, спёк у агні і з'еў, пасаліўшы соллю, якую насіў з сабой, загарнуўшы ў мяккую белую анучачку. Ён сядзеў, выціраў рукою вусы, і раптам свіснула страла і ўпілася яму ў грудзі. Вой паваліўся тварам у цяпельца.

— Засада! — крыкнуў ягоны напарнік, схапіўшыся за меч. Ды і ў яго між лапатак ужо тырчала страла.

Князёўна закрычала ад жаху. Мірошка ўскочыў на ногі, спужана азірнуўся. З дзесятак чалавек у доўгіх белых плашчах, на якіх былі нашыты чырвоныя крыжы і мячы, акружалі паляну. Адзін з іх зноў цэліўся з арбалета. «Мечаносцы», — здагадаўся Мірошка і крыкнуў Соф'і: — Уцякайма, князёўна!

Соф'я пабегла за Мірошкам, ды мечаносцы кінулі вяровачную пятлю, падсеклі князёўне ногі, павалілі яе. Вой, што яшчэ быў жывы, мужна абараняў князёўну, адбіваючы ўдары шматлікіх ворагаў баявой сякерай, якая рэменем мацавалася да рукі. Трох ці чатырох мечаносцаў ён зваліў на лясную траву, рассекшы ім чарапы, але неўзабаве і сам упаў, абліваючыся крывёю. Мечаносец нагой, абутай у жалезны чаравік, наступіў вою на грудзі, шырока махнуў мячом.

Знямелая ад страху князёўна бачыла, як набліжаюцца да яе чужынцы, сцялася ў камячок. Жоўтабароды мечаносец схапіў князёўну на рукі, панёс да каня, які пад сядлом стаяў у глыбіні лесу.

— Бог паслаў нам дачку ўладальніка Кукейноса, — сказаў ён сваім сябрам. — Хутчэй у Рыгу. Епіскап Альберт чакае нас.

Аднаму Мірошку ўдалося ўцячы. Ён і прынёс у горад жахлівую вестку.

Праз дзень вярнуўся з Пскова князь Вячка, вясёлы, шумны, прывёз князёўне падарунак — маленькага бурага мядзведзіка, які ўмеў біць у бубен. Дабранега, уся ў чорным, з паніклай галавою, выйшла князю насустрач, прыпала галавой да запыленага паходнага стрэмені, заплакала.

Вячка, не злазячы з каня, здзіўлена і разгублена глянуў на княгіню, запытаўся:

— Чаго ты плачаш, Дабранега?

Княгіня стала на калені ў гарачы ад сонца сыпучы пясок.

— Далёка ты лётаў, князь, як чайка за мора. Прабач, калі зможаш… Бяда прыйшла ў твой дом, бяда вялікая. Няма тваёй перапёлачкі яснавокай.

— Дзе Соф'я?! — пабляднеў, крыкнуў Вячка. Ён у імгненне вока саскочыў з каня, абедзвюма рукамі ўзяў княгіню за плечы, павярнуў яе заплаканы твар да сябе.

— У мечаносцаў… у Рызе, — прашаптала княгіня.

— Эх ты! — Вячка адпіхнуў ад сябе жонку, і яна ўпала на спіну. — Не зберагла… Эх ты!

Ён выхапіў меч, глыбока, па самую крыжавіну рукаяці, усадзіў у пясок.

На некалькі дзён быццам знямеў Кукейнос. Нават царкоўны звон са званіцы гучаў квола і няўпэўнена. Чалядніцы ў цераме перагаворваліся шэптам.

Аднойчы надвячоркам бясшумна апусцілі пад'ёмны мост, і двое верхавых у чорных дарожных плашчах, бяззбройныя, калі не лічыць кордаў, засунутых за халявы ботаў, пакіраваліся ў бок Рыгі. Лясная цемра навалілася на іх адразу ж за Кукейносам. Хмары велізарным шэрым шчытом закрывалі ўсё неба. Пачаўся дождж, спачатку дробненькі, як макавае зерне, потым усё больш спорны, густы, і неўзабаве мора вады абрынулася на лес, на балоты, на верхавых, што калючымі шпорамі няшчадна падганялі сваіх коней, злёгку прыгінаючыся ў сёдлах.

— Хутчэй, — адно толькі слова паўтараў пярэдні коннік, уразаючыся ў змрок, у дождж. Ягоны спадарожнік маўчаў, толькі засяроджана грыз мокры чэрмны вус. Гэта былі Вячка і Халадок, і ехалі яны да епіскапа Альберта.

Раздзел трэці III 5 Chapter Three III 5