×

LingQ'yu daha iyi hale getirmek için çerezleri kullanıyoruz. Siteyi ziyaret ederek, bunu kabul edersiniz: çerez politikası.


image

Меч князя Вячкі, Раздзел трэці II 4

Раздзел трэці II 4

Якаў ішоў з абцугамі ў руках. Ззаду гучна тупалі коні — ехалі баярскія воі, абвіўшы зялёнай мяккай дзеразой коп'і. З кожным імгненнем Якаў набліжаўся да горада, пра які столькі чуў, пра які штоночна марыў, лежачы на цесных брудных палатках разам з чалядзінамі. Паветра гэтага горада робіць людзей свабоднымі. Зямля гэтага горада, толькі на яе ступіш, дае сілу і радасць. Вось ён ужо выплывае купаламі Сафіі, якія, быццам сем чырвона-залатых пялёсткаў, ірвуцца ў неба. Вось паказаліся ўжо цэрквы ў золаце, срэбры і медзі, шэрыя непарушныя муры манастыроў. Дзвіна асляпіла вочы блакітам, а на ёй безліч ветразяў — чырвоных, сініх, зялёных. Кіпіць, як мурашнік, торжышча. Усё, што расце ў полі, што шуміць у лесе, што плавае ў рацэ, што ляжыць у зямлі,— усё прадаецца тут. Пільна сочаць за сваім таварам купцы. Рыхтуюць да няблізкай дарогі свае лайбы, стругі і шкуты карабельшчыкі — забіваюць пазы між дубовымі дошкамі белай кудзеляю, заліваюць днішчы і баржы цягучай смалой, меднымі цвікамі прыбіваюць да палубы цюленевыя шкуры. Ганчары круцяць свае колы, гліна спявае пад пальцамі, а на сподзе свежых збаноў і гаршкоў, карчаг і макатроў кожны ганчар трэсачкай або саломінкай выводзіць свой знак, сваю пячатку. Цесляры спорна грукаюць сякерамі. Ярка-белымі трэскамі засыпаны іхнія ногі. Каменячосы абсякаюць, абгладжваюць валуны. Іскры вылятаюць з дзікіх камянёў. Кажамякі і чабатары размінаюць, чысцяць, рэжуць шкуры. Збройнікі наточваюць рогвіцы і коп'і. Стэпнякі танцуюць з бубнамі ў смуглых руках. Яўрэі прадаюць варанае мяса і абаранкі з макам. Крышыцца камень. Звініць метал. Зіхціць, ільецца вада. Шумяць вуліцы. Плошча ля Сафіі напоўнена сонцам і ветрам. І ўсюды — народ, густы харобры народ. О Полацк магутны! Светлае вока на твары зямным.

Палачане дружна віталі Усяславаў меч, які тройка белых коней везла па Прабойнай вуліцы, потым па Вялікім пасадзе. З Вялікага пасаду праз вароты Крывіцкай вежы меч уехаў на дзядзінец.

Епіскап Дзяніс разам з усім клірам выйшаў насустрач з Сафійскага сабора. Божыя служкі, спяваючы псалмы, неслі крыжы, абразы, харугвы69.

Епіскап асвяціў меч. Потым пасаднік Ратша ўзяў меч з футарала, прыціснуў яго лязом да правага пляча і зрабіў круг вакол Сафіі. Усе маўчалі, стаялі кожны на сваім месцы, глядзелі, як ззяе пад вясновым сонцам меч.

— Слава мячу Усяслававу! — крычаў натоўп.

Ды між мужоў-вечнікаў не было князя Уладзіміра, не прыехаў з Бельчыцаў князь. Ці то справы неадкладныя затрымалі, ці то хвароба — ніхто не ведаў. Некаторыя ж казалі, праўда, з асцярогаю, што паехаў князь са сваімі лоўчымі70 на бабровыя ловы.

І баярства было няшмат на плошчы. Сядзелі ў сваіх палатах, мёд пілі, чакалі. Той крык на вечы, калі патрабавалі баяры ў князя Уладзіміра весці Полацк на Рыгу, быў ужо забыты. Епіскап Альберт не драмаў — слаў да баяр тайных ганцоў з падарункамі, з клятвамі ў хрысціянскай любові і згодзе.

Толькі купцы з Крывіцкага ста, рамеснікі і чорны люд віталі меч Усяславаў. Разумелі: будзе моцная Полацкая зямля, будуць моцныя і яны. Ім патрэбен быў гандаль, тавары свае, грузы трэба было па Дзвіне і Варажскаму мору везці без страху, мыта не плоцячы нязваным тэўтонам.

Князь Вячка чакаўся з Кукейноса толькі заўтра. Заўтра ж павінна было сысціся веча, каб уручыць князю меч. Са згоды епіскапа Дзяніса і пасадніка Ратшы баярын Іван забраў на ноч меч у свае гарадскія палаты, што былі збудаваны тут жа на дзядзінцы, непадалёку ад Крывіцкай вежы.

Якаў увесь гэты час месца сабе не знаходзіў. У адным кроку ад яго была воля, яе, здаецца, можна было пакратаць рукою. Вось гэтыя купцы, барадатыя, загарэлыя, — воля. Прыбіцца б да іх, як да жураўлінай чарады, і можна паплыць у далёкія моры, у дзівосныя краіны, дзе ад гарачага сонца растаюць камяні, дзе бруяцца рэкі з птушынага малака, дзе жывуць людзі з сабачымі галовамі.

Вось гэтыя рамеснікі, жылістыя, вясёлыя, гаваркія, — воля. Яны ведаюць таямніцы жалеза і каменю. За вогненную бараду трымаюць яны агонь, што бушуе ў горнах і ў печах-домніцах. Быць бы ў іх унотам, ваданосам, прыбіральшчыкам смецця, абы вольным.

Ды Якава і Чухому неадступна пільнавалі баярскія грыдні. Як сабачыя хвасты, валачыліся следам. Дзе тут уцячэш? Усадзяць кап'ё між лапатак і кінуць на памыйную яму. Або яшчэ горш — зловяць, жывога месца на скуры не пакінуць, а потым на жалезным ашыйніку і ланцугу ў падзямелле пад баярскімі палатамі кінуць, у поруб, дзе вока чалавечае слепне ад вечнага змроку, дзе пацукі па руках чалавечых ходзяць.

Баярын Іван спыніўся на начлег у сваіх гарадскіх палатах. Багаты стол чакаў яго, лазня, мяккі пуховы ложак, маладыя прыгожыя чалядніцы, якія, каб баярын соладка спаў, гусінымі пёрамі пяткі яму казычуць. Смачна спаў баярын у тую ноч.

Якаў з Чухомам паклаліся спаць у малой грыдніцы, дзе звычайна жыве і сталуецца чорная баярская чэлядзь — дрывасекі, начныя вартаўнікі, фурманы. Тут жа, як гэта ўжо спрадвеку павялося, жывуць клапы і прусакі.

Неўзабаве сон, як цяжкі надмагільны камень, наваліўся на грыдніцу. Чэлядзь, змучаная за дзень, спала, храпучы і раз-пораз нешта мармычучы. Спаў Чухома. Толькі Якаў, лежачы на спіне, падклаўшы пад галаву рукі, ніяк не мог заснуць. Душа ягоная, усе думкі былі на плошчы перад Сафіяй, там, дзе зусім нядаўна шчодра свяціла сонца, дзе шумеў полацкі люд. Няўжо ён, Якаў, малады, моцны, так і памрэ нявольнікам?

Начныя зоркі ззялі над Полацкам. Ззяў месяц. Срэбныя воблачкі лёгка плылі ў цішыні празрыстага неба.

Раптам сусед Якава па палатках, малады, высокі і хударлявы чалядзін, узняўся, быццам яго нешта падкінула, са свайго месца. Колькі імгненняў ён сядзеў з заплюшчанымі вачамі, з нейкім ціхім смуткам на твары. Прамень месяца праз шчыліну ў акне, зацягнутым бычыным пухіром, упаў на высокі бледны лоб.

Здавалася, чалядзін толькі і чакаў гэтага. Здавалася, тонкі месячны прамень быў той рукой, што падняла яго і аддала толькі аднаму яму зразумелы загад.

Ён сядзеў зусім побач з Якавам. Ён спаў і не спаў, бо трапяталі бровы, у кутках вуснаў цеплілася слабая ўсмешка. Ён быў падобны на кветку, бледную і кволую. Кветкі раніцой паварочваюць свае галоўкі насустрач сонцу. У яго ж быў гаспадаром начны месяц.

Вось ён уздрыгнуў. Сутарга прабегла па твары. Чалядзін лёгка, бясшумна злез, не адкрываючы вачэй, з палаткаў, пайшоў да дзвярэй, адцягнуў дубовую завалу, нячутна расчыніў дзверы і знік, растварыўся ў цемені ночы. Ніхто ў грыдніцы нават не варухнуўся. Усе спалі як забітыя.

Якаў, страшэнна ўражаны нечаканым відовішчам, ляжаў на палатках і не дыхаў. Няўжо гэты хлопец кожную ноч так ходзіць? А што, калі ён надумае перадушыць усіх? Сам сонны падавіць сонных, і ніхто нічога ведаць не будзе. Але ж куды і дзеля чаго ён пайшоў?

Якаў услед за хлопцам нячутна саскочыў з палаткаў, асцярожна выйшаў на двор. Як белы птах, плыў над горадам месяц. Туманілася наваколле. Ні агеньчыку… Ні голасу чалавечага… Быццам горад заснуў і ніколі больш не прачнецца. Дзе ж малады чалядзін?

Як ні напружваў Якаў зрок і слых, нідзе нікога не было. Але не праваліўся ж чалядзін скрозь зямлю. І праз вастраверхі дубовы частакол не мог ён перабрацца — там варта баярская стаіць з калатушкамі, дый частакол дужа высокі.

І раптам, узняўшы ўгору вочы, Якаў убачыў чалядзіна і аслупянеў ад нечаканасці і жаху. Чалядзін з заплюшчанымі вачамі ішоў па крытым асінавай гонтай даху грыдніцы. Вось узабраўся на самы верх і накіраваўся да вільчыка. Ён быў у шэрай сподняй кашулі і здаваўся вылепленым з пацямнелага сакавіцкага снегу. Ён ішоў лёгка, роўна, быццам трымаўся за месячныя промні, быццам быў прывязаны да іх. Якая сіла вяла яго? Што прымушала яго ўставаць уначы і, павярнуўшы да месяца сонны твар, блукаць па стрэхах? Няўжо гэта патрэбна богу, богу, які ахоўвае ўсё жывое? Калі ж бог ні пры чым, то хлопца вадзіў пад месяцам д'ябал. Якаў, схаваўшыся ў цень пад маладзенькай бярозай, што расла на двары, не адрываў ад чалядзіна вачэй. Вось той дайшоў да самага вільчыка. Яшчэ крок — і абарвецца, паляціць уніз цяжкае соннае цела. Але над самай прорваю малады чалядзін спыніўся, нібы нехта прытрымаў яго за локаць. Ён стаяў, заліты месячным святлом, і быў падобны на ідала-балвана, якога разам з Мірошкам знайшоў калісьці Якаў у лясным гушчары каля Гарэлай Весі.

Раптам на супрацьлеглым баку двара пачуўся ўсхваляваны чалавечы голас, а потым шэпт:

— Цішэй… Цішэй… Ты яго разбудзіш, баярын, і ён разаб'ецца. Значыць, не адзін толькі Якаў сачыў за чалядзінам.

_

69 Харугва — палотнішча з выявай Хрыста, якое ўмацоўвалася на доўгім шасце.

70 Лоўчыя — паляўнічыя.

Learn languages from TV shows, movies, news, articles and more! Try LingQ for FREE

Раздзел трэці II 4 Chapter Three II 4

Якаў ішоў з абцугамі ў руках. Ззаду гучна тупалі коні — ехалі баярскія воі, абвіўшы зялёнай мяккай дзеразой коп’і. З кожным імгненнем Якаў набліжаўся да горада, пра які столькі чуў, пра які штоночна марыў, лежачы на цесных брудных палатках разам з чалядзінамі. Паветра гэтага горада робіць людзей свабоднымі. Зямля гэтага горада, толькі на яе ступіш, дае сілу і радасць. Вось ён ужо выплывае купаламі Сафіі, якія, быццам сем чырвона-залатых пялёсткаў, ірвуцца ў неба. Вось паказаліся ўжо цэрквы ў золаце, срэбры і медзі, шэрыя непарушныя муры манастыроў. Дзвіна асляпіла вочы блакітам, а на ёй безліч ветразяў — чырвоных, сініх, зялёных. Кіпіць, як мурашнік, торжышча. Усё, што расце ў полі, што шуміць у лесе, што плавае ў рацэ, што ляжыць у зямлі,— усё прадаецца тут. Пільна сочаць за сваім таварам купцы. Рыхтуюць да няблізкай дарогі свае лайбы, стругі і шкуты карабельшчыкі — забіваюць пазы між дубовымі дошкамі белай кудзеляю, заліваюць днішчы і баржы цягучай смалой, меднымі цвікамі прыбіваюць да палубы цюленевыя шкуры. Ганчары круцяць свае колы, гліна спявае пад пальцамі, а на сподзе свежых збаноў і гаршкоў, карчаг і макатроў кожны ганчар трэсачкай або саломінкай выводзіць свой знак, сваю пячатку. Цесляры спорна грукаюць сякерамі. Ярка-белымі трэскамі засыпаны іхнія ногі. Каменячосы абсякаюць, абгладжваюць валуны. Іскры вылятаюць з дзікіх камянёў. Кажамякі і чабатары размінаюць, чысцяць, рэжуць шкуры. Збройнікі наточваюць рогвіцы і коп’і. Стэпнякі танцуюць з бубнамі ў смуглых руках. Яўрэі прадаюць варанае мяса і абаранкі з макам. Крышыцца камень. Звініць метал. Зіхціць, ільецца вада. Шумяць вуліцы. Плошча ля Сафіі напоўнена сонцам і ветрам. І ўсюды — народ, густы харобры народ. О Полацк магутны! Светлае вока на твары зямным.

Палачане дружна віталі Усяславаў меч, які тройка белых коней везла па Прабойнай вуліцы, потым па Вялікім пасадзе. З Вялікага пасаду праз вароты Крывіцкай вежы меч уехаў на дзядзінец.

Епіскап Дзяніс разам з усім клірам выйшаў насустрач з Сафійскага сабора. Божыя служкі, спяваючы псалмы, неслі крыжы, абразы, харугвы69.

Епіскап асвяціў меч. Потым пасаднік Ратша ўзяў меч з футарала, прыціснуў яго лязом да правага пляча і зрабіў круг вакол Сафіі. Усе маўчалі, стаялі кожны на сваім месцы, глядзелі, як ззяе пад вясновым сонцам меч.

— Слава мячу Усяслававу! — крычаў натоўп.

Ды між мужоў-вечнікаў не было князя Уладзіміра, не прыехаў з Бельчыцаў князь. Ці то справы неадкладныя затрымалі, ці то хвароба — ніхто не ведаў. Некаторыя ж казалі, праўда, з асцярогаю, што паехаў князь са сваімі лоўчымі70 на бабровыя ловы.

І баярства было няшмат на плошчы. Сядзелі ў сваіх палатах, мёд пілі, чакалі. Той крык на вечы, калі патрабавалі баяры ў князя Уладзіміра весці Полацк на Рыгу, быў ужо забыты. Епіскап Альберт не драмаў — слаў да баяр тайных ганцоў з падарункамі, з клятвамі ў хрысціянскай любові і згодзе.

Толькі купцы з Крывіцкага ста, рамеснікі і чорны люд віталі меч Усяславаў. Разумелі: будзе моцная Полацкая зямля, будуць моцныя і яны. Ім патрэбен быў гандаль, тавары свае, грузы трэба было па Дзвіне і Варажскаму мору везці без страху, мыта не плоцячы нязваным тэўтонам.

Князь Вячка чакаўся з Кукейноса толькі заўтра. Заўтра ж павінна было сысціся веча, каб уручыць князю меч. Са згоды епіскапа Дзяніса і пасадніка Ратшы баярын Іван забраў на ноч меч у свае гарадскія палаты, што былі збудаваны тут жа на дзядзінцы, непадалёку ад Крывіцкай вежы.

Якаў увесь гэты час месца сабе не знаходзіў. У адным кроку ад яго была воля, яе, здаецца, можна было пакратаць рукою. Вось гэтыя купцы, барадатыя, загарэлыя, — воля. Прыбіцца б да іх, як да жураўлінай чарады, і можна паплыць у далёкія моры, у дзівосныя краіны, дзе ад гарачага сонца растаюць камяні, дзе бруяцца рэкі з птушынага малака, дзе жывуць людзі з сабачымі галовамі.

Вось гэтыя рамеснікі, жылістыя, вясёлыя, гаваркія, — воля. Яны ведаюць таямніцы жалеза і каменю. За вогненную бараду трымаюць яны агонь, што бушуе ў горнах і ў печах-домніцах. Быць бы ў іх унотам, ваданосам, прыбіральшчыкам смецця, абы вольным.

Ды Якава і Чухому неадступна пільнавалі баярскія грыдні. Як сабачыя хвасты, валачыліся следам. Дзе тут уцячэш? Усадзяць кап’ё між лапатак і кінуць на памыйную яму. Або яшчэ горш — зловяць, жывога месца на скуры не пакінуць, а потым на жалезным ашыйніку і ланцугу ў падзямелле пад баярскімі палатамі кінуць, у поруб, дзе вока чалавечае слепне ад вечнага змроку, дзе пацукі па руках чалавечых ходзяць.

Баярын Іван спыніўся на начлег у сваіх гарадскіх палатах. Багаты стол чакаў яго, лазня, мяккі пуховы ложак, маладыя прыгожыя чалядніцы, якія, каб баярын соладка спаў, гусінымі пёрамі пяткі яму казычуць. Смачна спаў баярын у тую ноч.

Якаў з Чухомам паклаліся спаць у малой грыдніцы, дзе звычайна жыве і сталуецца чорная баярская чэлядзь — дрывасекі, начныя вартаўнікі, фурманы. Тут жа, як гэта ўжо спрадвеку павялося, жывуць клапы і прусакі.

Неўзабаве сон, як цяжкі надмагільны камень, наваліўся на грыдніцу. Чэлядзь, змучаная за дзень, спала, храпучы і раз-пораз нешта мармычучы. Спаў Чухома. Толькі Якаў, лежачы на спіне, падклаўшы пад галаву рукі, ніяк не мог заснуць. Душа ягоная, усе думкі былі на плошчы перад Сафіяй, там, дзе зусім нядаўна шчодра свяціла сонца, дзе шумеў полацкі люд. Няўжо ён, Якаў, малады, моцны, так і памрэ нявольнікам?

Начныя зоркі ззялі над Полацкам. Ззяў месяц. Срэбныя воблачкі лёгка плылі ў цішыні празрыстага неба.

Раптам сусед Якава па палатках, малады, высокі і хударлявы чалядзін, узняўся, быццам яго нешта падкінула, са свайго месца. Колькі імгненняў ён сядзеў з заплюшчанымі вачамі, з нейкім ціхім смуткам на твары. Прамень месяца праз шчыліну ў акне, зацягнутым бычыным пухіром, упаў на высокі бледны лоб.

Здавалася, чалядзін толькі і чакаў гэтага. Здавалася, тонкі месячны прамень быў той рукой, што падняла яго і аддала толькі аднаму яму зразумелы загад.

Ён сядзеў зусім побач з Якавам. Ён спаў і не спаў, бо трапяталі бровы, у кутках вуснаў цеплілася слабая ўсмешка. Ён быў падобны на кветку, бледную і кволую. Кветкі раніцой паварочваюць свае галоўкі насустрач сонцу. У яго ж быў гаспадаром начны месяц.

Вось ён уздрыгнуў. Сутарга прабегла па твары. Чалядзін лёгка, бясшумна злез, не адкрываючы вачэй, з палаткаў, пайшоў да дзвярэй, адцягнуў дубовую завалу, нячутна расчыніў дзверы і знік, растварыўся ў цемені ночы. Ніхто ў грыдніцы нават не варухнуўся. Усе спалі як забітыя.

Якаў, страшэнна ўражаны нечаканым відовішчам, ляжаў на палатках і не дыхаў. Няўжо гэты хлопец кожную ноч так ходзіць? А што, калі ён надумае перадушыць усіх? Сам сонны падавіць сонных, і ніхто нічога ведаць не будзе. Але ж куды і дзеля чаго ён пайшоў?

Якаў услед за хлопцам нячутна саскочыў з палаткаў, асцярожна выйшаў на двор. Як белы птах, плыў над горадам месяц. Туманілася наваколле. Ні агеньчыку… Ні голасу чалавечага… Быццам горад заснуў і ніколі больш не прачнецца. Дзе ж малады чалядзін?

Як ні напружваў Якаў зрок і слых, нідзе нікога не было. Але не праваліўся ж чалядзін скрозь зямлю. І праз вастраверхі дубовы частакол не мог ён перабрацца — там варта баярская стаіць з калатушкамі, дый частакол дужа высокі.

І раптам, узняўшы ўгору вочы, Якаў убачыў чалядзіна і аслупянеў ад нечаканасці і жаху. Чалядзін з заплюшчанымі вачамі ішоў па крытым асінавай гонтай даху грыдніцы. Вось узабраўся на самы верх і накіраваўся да вільчыка. Ён быў у шэрай сподняй кашулі і здаваўся вылепленым з пацямнелага сакавіцкага снегу. Ён ішоў лёгка, роўна, быццам трымаўся за месячныя промні, быццам быў прывязаны да іх. Якая сіла вяла яго? Што прымушала яго ўставаць уначы і, павярнуўшы да месяца сонны твар, блукаць па стрэхах? Няўжо гэта патрэбна богу, богу, які ахоўвае ўсё жывое? Калі ж бог ні пры чым, то хлопца вадзіў пад месяцам д’ябал. Якаў, схаваўшыся ў цень пад маладзенькай бярозай, што расла на двары, не адрываў ад чалядзіна вачэй. Вось той дайшоў да самага вільчыка. Яшчэ крок — і абарвецца, паляціць уніз цяжкае соннае цела. Але над самай прорваю малады чалядзін спыніўся, нібы нехта прытрымаў яго за локаць. Ён стаяў, заліты месячным святлом, і быў падобны на ідала-балвана, якога разам з Мірошкам знайшоў калісьці Якаў у лясным гушчары каля Гарэлай Весі.

Раптам на супрацьлеглым баку двара пачуўся ўсхваляваны чалавечы голас, а потым шэпт:

— Цішэй… Цішэй… Ты яго разбудзіш, баярын, і ён разаб’ецца. Значыць, не адзін толькі Якаў сачыў за чалядзінам.

_____

69 Харугва — палотнішча з выявай Хрыста, якое ўмацоўвалася на доўгім шасце.

70 Лоўчыя — паляўнічыя.