Раздзел першы III 5
Рака пакорна лізала абдымленыя конскія капыты.
На трэці дзень дарогі мінулі Асоцкае гарадзішча, дзе сядзелі воі герцыкскага князя Усевалада, або Вісвальда, як называў яго Ніцын са сваімі латгаламі, і нарэшце ўбачылі Герцыке. Яна, хацеў бы гэта прызнаць Вячка або не хацеў, была і прыгажэйшая і буйнейшая за Кукейнос. Горад велічна ўзвышаўся на стромым беразе, ззяў чырвоным золатам царкоўных купалоў, шумеў багатым людным торжышчам. Пасад быў апаясаны высокім земляным валам з дубовымі забароламі. На пасадзе шчыльна цясніліся сядзібы рамеснікаў і гандлёвых людзей, весела дыміліся іхнія лазні. Царква пракляла лазні, назвала паганскай забаваю, бо ў іх не толькі абмываюць грахоўную плоць сваю. У святыя дні простыя людзі прыносяць у лазні, хаваючыся ад папоў, яйкі і масла і пакідаюць сваім нябожчыкам. З'ядуць мышы падарункі, не пакінуць ні крошкі, а ўсе думаюць, што ў лазні продкі смачна вячэралі, нашчадкаў сваіх хвалілі. Як бы там ні было, а лазні ў Герцыке дыміліся весела, і ўсім было відно, што жыве тут вясёлы здаровы народ, бо толькі вясёлых любіць пякучая лазня.
Для дружыны князя Вячкі апусцілі пад'ёмны мост, затрубілі ў баявыя трубы на забаролах. На высокай надваротнай вежы, якая ахоўвала ўваход у горад, узвіўся сцяг Усевалада і Герцыке — чырвоны, з белым крыжам. Гэта не вельмі каб спадабалася Вячку. Ён падумаў: «Свой сцяг завёў князь Усевалад, хоць, як і я, падданы Полацка. А я сваіх вояў вяду ў сечу пад старадаўнім полацкім сцягам — белым, з харобрым коннікам, які ўздымае дзясніцу з мячом».
Князь Усевалад з княгіняй-аўкштайткай14, маладой, прыгожай, светларусай, сустрэлі Вячку на высокім ганку свайго церама. Вакол князя тоўпіліся баяры, у багатых сукнях, у сабаліных шапках, хоць добра прыпякала сонца.
Вячка, пакінуўшы каня воям, ішоў да ганка, і халопы князя Усевалада раскочвалі, рассцілалі перад ім цудоўны рамейскі кілім, на якім золатам былі вытканы львы і арлы. «Багата жыве Усевалад», — думаў Вячка, цвёрда стаўляючы ногі ў запыленых паходных поршнях на заморскія дзівосы. Яму ўспамінаўся драўляны церам у Кукейносе, хворая дачка Соф'я, дзікія вочы пераможанага тэўтона і нянавісць у гэтых вачах. «Адсюль далёка да Рыгі,— думаў Вячка, — але не настолькі далёка, каб на пазалочаны дах Уладзіміравага церама не ўпалі іскры з тэўтонскіх кастроў».
Князь Усевалад спусціўся з ганка насустрач Вячку, абняў, пацалаваў у шчаку, сказаў хрыплаватым голасам:
— Вітаю цябе, брат мой. Хлеб і мёд Герцыке будуць тваімі.
У князя былі шэрыя стомленыя вочы, пакамечаны бяссонніцай твар. Затое ярка ззяла на князю наборная сталь, падарунак епіскапа Альберта. Яна складалася з некалькіх дзесяткаў прамавугольных і квадратных пласцін, злучаных між сабою раменьчыкамі. Грудзі закрывала стальная круглая бляха, якую тэўтоны называюць умбонам. У тэўтонаў у Рызе ўжо ёсць цэлы атрад вояў, апранутых у наборную браню. Імя ім — жалезаносцы.
— Мір табе, князь, — сказаў Вячка Усеваладу, потым павярнуўся да прыгажуні княгіні, схіліў перад ёю калена:
— Мір табе, княгіня Юрга. Пакланіўся баярам:
— Мір вам, мужы княжыя, людзі вятшыя15. Рукою ў баявой пальчатцы шырока павёў наўкруг сябе:
— Мір табе, слаўны град Герцыке.
Як толькі ён скончыў, у княжацкай царкве ўдарылі ў звон. Урачыста сустракаў князь Усевалад князя Вячку.
Надворныя чаляднікі павялі коней у стайню, кукейноскіх вояў запрасілі ў малую трапезную піць мёд, гуляць у косці. Князя Вячку і латгальскага старэйшыну Ніцына частаваў у вялікай трапезнай сам Усевалад. Перад гэтым княгіня Юрга паліла ім на рукі з залатой карчажкі, паднесла льняныя ручнікі.
Яна была апранута ў белую шаўковую сукенку з вышываным срэбным узорам. Плечы аблягала блакітнае, затканае золатам карзно. Вялізная залатая грыўня ззяла на тонкай пяшчотнай шыі — Вячка ўбачыў сінюю жылку, што ўздрыгвала, пульсавала на шыі. Абута княгіня была ў чырвоныя саф'янавыя боцікі. На свае светлыя, злёгку кучаравістыя валасы павязала белую палатняную павязку, якую літоўцы называюць нуаметас. «Сумуе па радзіме», — падумалася Вячку. Але за сталом княгіня Юрга была вясёлая, выпіла крышачку хмельнага мёду, заружовілася, як летні яблычак. Вячка не-не дый лавіў закаханыя позіркі, якія князь Усевалад, суровы грубаваты вой, кідаў на сваю прыгажуню жонку.
Так, ён моцна кахаў яе. І калі епіскапу Альберту, вераломнай рыжскай лісе, удасца схапіць княгіню Юргу разам з яе дзецьмі і служанкамі, кінуць у халодную цямніцу, князь Усевалад, як паранены журавель, прыляціць у Рыгу, аддасць Альберту сваё княства, багацце, свой гонар, адмовіцца ад прадзедаўскай праваслаўнай веры, стане рабом епіскапа, абы толькі выратаваць сваю жонку, абы толькі бачыць зялёныя сумныя любімыя вочы. Але гэта будзе пазней, а ў гэты серпеньскі вечар, у лета 6715-е, княгіня Юрга, весела смеючыся («Яе голас як ручаёк», — думаў Вячка), налівала з карчагі п'яны густы мёд. — Ад прышлых тэўтонаў усе нашы няўдобіцы, — сказаў Вячка.
Ярка гарэлі вітыя свечкі ў срэбных падсвечніках. Воск са слабым трэскам сплываў па свечках. У князя Усевалада быў добры ружовы твар.
— Што ж будзем рабіць, князь Вячаслаў? — спытаўся ён. — Мы з табой васалы. А васал, калі моцна прыпячэ, можа знайсці сабе новага гаспадара.
— Не тое кажаш, князь Усевалад, — успыхнуў Вячка. — Мы Полацку служым, а не Уладзіміру Валадаравічу. Сваёй зямлі служым. Яна не даруе нам слабасці, хітрасці, крывадушша. Я на мяжы сяджу, я сваёю шкураю адчуваю тэўтонскі агонь.
— Што ж рабіць? — глянуўшы на жонку, перапытаў Усевалад.
— Меч на меч, косць на косць трэба ісці.
— Дружына ў мяне слабая. Жалеза і хлеба ў мяне мала, — паскардзіўся Усевалад. Патрэскваючы, пускаючы сіненькі дымок, паміралі свечкі.
— У літоўскіх лясах думаеш адсядзецца? — адсунуў ад сябе карчагу Вячка.
Але Усевалад не пакрыўдзіўся. Ён быў чалавек памяркоўны, асцярожны, жыццё на літоўскім парубежжы навучыла яго разважлівасці і цярплівасці. Слова ў яго ішло наперадзе мяча. Ён быў старэй за Вячку на пятнаццаць сонцаваротаў і ў душы злёгку пасмейваўся над шчанячай гарачлівасцю маладога князя.
— Я ў Полацк іду, — не дачакаўшыся адказу ад Усевалада, страсна загаварыў Вячка. — Да князя Уладзіміра іду. У новы паход супроць тэўтонаў трэба ўзнімацца. Пра паход з вялікім князем буду размову весці. Рыхтуйся і ты, князь Усевалад. Усе ведаюць мужнасць тваіх вояў, сілу тваіх харалугаў16. Калі ж не пойдзеш на Рыгу — загінеш. Спачатку Кукейнос растопчуць тэўтоны, а потым і да Герцыке іхнія коні дабягуць. Рыхтуйся, князь. І цесця свайго Даўгерута кліч з усёю Літвою.
Усевалад зноў, як мудры ліс, увільнуў ад адказу. Замест гэтага сказаў княгіні Юрзе:
— Княгінечка, загадай, каб прыйшлі сюды гудошнікі, дудары і гусляры. Хай граннем сваім нас пацешаць.
Увайшлі музыкі, селі на лавах, абабітых звярынымі шкурамі. Стары сівагаловы гудошнік лёгка ўскінуў да пляча свой трохструнны гудок, ударыў па струнах смыком. Смык быў зроблены з галінкі вербалозу і конскага воласу, нацёртага смалой-жывіцай. Пранізлівы голас падхапілі дудка і гуслі, падхапілі мякка, але зладжана і надзейна — так шырокая рака прымае ў свае абдымкі гарэзу ручаёк.
_
14 Аўкштайты — жыхары паўднёва-ўсходняй Літвы.
15 Вятшыя — лепшыя, багатыя баяры.
16 Харалуга — меч.