Раздзел другі III 5
Аднойчы, у самую глухую поўнач, завылі ў пушчы ваўкі. Мірошка спаў, а маці прачнулася, з дрогкасцю ў сэрцы слухала пагрозлівае пералівістае выццё. Здавалася, ваўкі таксама жаляцца-скардзяцца небу на голад і холад. Высокія і нізкія ваўчыныя галасы луналі над бязмежнай пушчай, над замёрзлай Свіслаччу, і ўсё жывое замірала, глыбей хавалася ў норы і дуплы.
Раніцой Мірошка ўбачыў каля хаткі вялікія глыбокія сляды і зразумеў, што за нязваныя госці знайшлі дарогу ў Гарэлую Весь. Хаваючыся ад маці, ён пачаў рыхтаваць стрэлы, яму патрэбна было нарабіць як мага болей стрэл, каб абараніць хатку ад ваўкоў. Як ён будзе ваяваць з ваўкамі, ён не ведаў, адно яго суцяшала — у яго ёсць зброя, ён, калі спатрэбіцца, зможа пастаяць за маці і за сябе. Маці бачыла ягоныя рыхтаванні, сумна ўсміхалася.
Ваўкі, якія таксама пакутавалі ад голаду, пасяліліся ў Гарэлай Весі, зрабілі лагво, потым другое на папялішчах, пад развалінамі хат. Яны адчувалі сябе поўнымі гаспадарамі весі. Спачатку, баючыся Настассі і Мірошкі, хадзілі па вуліцы толькі ўначы, але неўзабаве, зразумеўшы, што з людзей тут жывуць усяго толькі жанчына і маленькі хлопчык, а іншыя людзі, якія ацалелі, сышлі ў белы свет, ваўкі настолькі асмялелі, што пачалі хадзіць сярод белага дня.
У хатцы перавялася вада. Настасся ўзяла дубовае вядро, адчыніла дзверы, каб схадзіць на крыніцу. Каля дзвярэй сядзеў воўк, худы, светла-шэры, ільдзістымі галоднымі вачамі глядзеў на яе. Настасся ўскрыкнула, махнула вядром. Воўк адбегся на некалькі крокаў, зноў сеў. У ягоных вачах свяціўся нясцерпны голад. І жанчына зразумела, што гэта воўк-людаед, што ўсе ваўкі, якія пасяліліся ў Гарэлай Весі,— людаеды. Яна закрычала мацней, адчайней. Выкульнуўся з хаткі Мірошка з лукам, пусціў у ваўка стралу. Воўк падцяў хвост, адскочыў убок, ашчэрыў зубы, уважліва паглядзеў на Настассю з Мірошкам, потым на стралу, прыпадаючы да зямлі жыватом, падкраўся да стралы і панюхаў яе. Прыбегла яшчэ трое ваўкоў, адзін вялізны, рыжаваты, без левага вуха — ці адмарозіў, ці ў бойцы з родзічамі страціў. Ваўкі селі паўкругам, перагарадзіўшы сцяжынку, што вяла да крыніцы.
Вельмі хацелася піць, і Мірошка, выцягнуўшы з акенца камяк змёрзлага рыззя, якім сам калісьці заткнуў яго, палэпаў рукою спанадворку, нашкроб жменю снегу, потым яшчэ і яшчэ… Снег растапілі ў печы і пілі цёплую нясмачную ваду. Але аднойчы, калі Мірошка зноў хацеў такім самым чынам здабыць снегу, у акенца ўсунулася вялізная воўчая морда. З ноздраў у ваўка вырывалася цёплая пара. Воўк разявіў рот, шчоўкнуў зубамі, паглядзеў, пранізваючы позіркам навылёт, на Мірошку. Хлопчык схапіў каля печы бярозавае палена, шыбануў у ваўка. Морда адразу знікла. На вуліцы пачуўся незадаволены пагрозны віск.
Ваўкі ўзялі хатку ў аблогу. Нават на страху забіраліся, якая была засыпана тоўстым пластом снегу. Уначы, а потым і ўдзень тупацела на страсе, рыпеў снег пад моцнымі кіпцюрыстымі лапамі. Настасся і Мірошка, узняўшы галовы, халадзеючы, прыслухоўваліся да таго, што рабілася на страсе. Ваўкі ў любы міг маглі пачаць раздзіраць лапамі і мордамі страху.
Так прайшло некалькі трывожных дзён. Больш немагчыма было трываць голад і смагу. Настасся, узяўшы ў рукі сякеру, вырашыла ісці ў пушчу і пашукаць што-кольвечы з яды ў дуплах дрэў. Мірошка праз шчыліну ў акенцы бачыў, як маці, азіраючыся, хуценька крочыла па замеценай сцяжынцы. Здаецца, пашанцавала ёй, здаецца, прайшла, як раптам, нібы з-пад зямлі, з'явілася зграя ваўкоў на чале з аднавухім. Настасся адчайна ўзмахнула сякерай, але аднавухі клубком пакаціўся, ударыў ёй пад ногі, зваліў. Толькі матчыну руку ўбачыў Мірошка ў мільгаценні шэрых воўчых спін і галоў, дый рука ў той жа міг знікла.
Так ён застаўся адзін. Не было жывой душы побач. Не было паратунку. Усе слёзы былі выплаканы, і Мірошка болей не плакаў.
Ваўкі хадзілі па страсе, вылі пад сценамі хаткі. Заўсёды адзін з іх сядзеў на варце, якраз насупраць дзвярэй. Ваўкі чакалі, калі ж і Мірошка выйдзе з хаткі. Яны былі ўпэўнены, што хлопчык выйдзе.
Мірошка зусім аслабеў. Часам даставаў праз акенца жменю снегу, смактаў яго. Шумела ўвушшу. Ён спачатку думаў, што гэта шуміць лес… Халодная абыякавасць была разліта па ўсім целе, абыякавасць і страшэнная стома. Ён садзіўся на падлогу, прысланіўшыся спінаю да яшчэ цёплай печы, і нібы правальваўся ў цёмную бездань, доўга ляцеў, падаў уніз. Усё часцей яго пачаў зморваць сон. Аднойчы падалося, што твар маці мільгануў над бажніцаю. Мірошка прыўзняўся, з цяжкасцю дайшоў да бажніцы, нават сцяну рукой пакратаў. Нікога нідзе не было…
Усё часцей у вачах пачалі ўспыхваць залатыя мільготкія бліскаўкі. Па першым часе яны адразу ж знікалі, але паступова ўсё даўжэй танцавалі ўваччу. І ён прывык да іх. Яны былі прыгожыя, дробненькія, як бліскучыя мошкі. Ён ужо чакаў іх.
Было цяжка дыхаць застаялым паветрам, і Мірошка выцягнуў рыззе з акенца ды так і пакінуў акенца незаткнутым. Свежы вецер уляцеў у хатку. На вуліцы было сонечна. Мірошка прыпаў да акенца. Прагна пачаў глядзець на белы свет, які быў у кроку ад яго і ў той жа час недасяжна далёка. Ззяў снег. Кропелькі іскрыстай вады былі ўжо разліты па снезе. Нават кавалачак неба ўбачыў Мірошка. Вясёлыя ружовыя воблакі павольна плылі па небе.
Яшчэ ён убачыў сцяжынку, што бегла да Грымучага бору, а на сцяжынцы — воя на кані. Але ён не ўзрадаваўся. Ён добра ведаў, гэта яму толькі здаецца, што вой вось-вось знікне, як знік матчын твар над бажніцаю.
Вой трымаў у правай руцэ доўгае кап'ё і вёз над сабою, накалоўшы на кап'ё, вялізнае светлае воблака, якое ўздрыгвала, злёгку пагойдвалася. «Навошта воблака вою? — падумаў Мірошка. — Зараз і вой і воблака знікнуць».
Ён заплюшчыў вочы і ў дрыготкай цемры ўбачыў маці і бацьку, Дамажыра і Тэклю. «Ідзі да нас, — сказала Тэкля. — Тут добра». Астатнія маўчалі, толькі загадкава пасміхаліся самі сабе.
Не было сіл расплюшчыць вочы, і Мірошка сядзеў як сляпы. «Што робіцца з вачамі людзей у магіле? — раптам падумаў ён. — Маці казала, што яны ператвараюцца ў расу. І праўда, раніцою, як глянеш на луг, здаецца, людскія вочы свецяцца з травы і кветак».
Ён сядзеў з заплюшчанымі вачамі і чакаў смерці. Лёгкасць была ў руках і нагах. Каб з'еў хоць кавалачак хлеба, паляцеў бы пад воблакамі, як птушка. Конскі тупат раптам пачуўся каля хаткі. Мірошка ўздрыгнуў, расплюшчыў вочы. Трымаючы ў руцэ кап'ё, перад хаткай гарцаваў на кані вой. Воблака на кап'і не было, але вой быў, той самы, вясёлы, чэрмнавалосы, якога Мірошка сустрэў на рацэ. І тут востры страх пранізаў Мірошку. Вой можа паехаць, паехаць назаўсёды. Што яму нейкая разбураная хатка? Зараз ён ударыць шпорамі каня, і памінай як звалі. Мірошка, напружваючы апошнія сілы, крыкнуў. Толькі нейкі свіст вырваўся з грудзей, нейкае шыпенне. Але вой пачуў. Глянуў на акенца, убачыў хлопчыка, лёгка саскочыў з каня. А па вуліцы, каля папялішчаў, каля разбураных сядзіб, ехалі і ехалі дружыннікі ў бліскучых шлемах, з чырвонымі шчытамі.