Раздзел чацвёрты II 2
Мова памірала. Яна болей не вярталася ў сны. Ува сне ён гаварыў зараз на латыні.
Яна б зусім памерла, але ў Рызе, на споведзі, Генрых расказаў епіскапу Альберту, свайму любімаму настаўніку, аб усім, што трывожыла яго.
— Што ты робіш, сын мой? — усклікнуў Альберт. — Латынь — божая мова, мова моў. Але пакуль што яна не можа быць адзіным ключом, які адмыкае ўсе сэрцы. Нам, рыжскай царкве, патрэбны людзі, якія б ведалі мову ліваў і эстаў, палачан і лэтаў.
Так зноў ажыла ў душы Генрыха мова продкаў.
Абсушыліся, адпачылі, і невялічкі абоз рушыў далей. Пасля вымушанага купання ў халоднай вадзе настрой у Генрыха ўзняўся, не так змрочна глядзеў ён зараз на ўсё, што адбывалася вакол. Лівы і лэты цэлымі сем'ямі ўцякаюць з хат, зашываюцца ў лясы пры іхнім з'яўленні? Бо неразумныя язычнікі. Не азарыла іх яшчэ святло гасподняе? У іх дужа бедныя хаты, сядзібы? Бо лянуюцца працаваць.
Шмат рэчак і рэчачак цякло па гэтай зямлі. І ўсе цяклі з усходу на захад сонца. Мора іх вабіла, прыцягвала да сябе.
Пры пераправе праз адну з такіх рэчачак з лесу, што рос на самым беразе, выскачыла каля трыццаці коннікаў, у белых доўгіх плашчах з нашытымі на іх чырвонымі крыжамі і мячамі, у гаршкападобных шлемах. Наставіўшы коп'і, яны рынуліся на абоз. — Вендэнскія рыцары, — сказаў стары Алебранд, — мечаносцы. — І закрычаў коннікам, што гатовы былі змяць, растаптаць іх абоз.
— Імем Хрыста — спыніцеся! Мы з Рыгі! Людзі епіскапа Альберта!
Але стальная конная лава неслася, не зважаючы на адчайны крык старога клірыка, і тады Генрых схапіў святое распяцце, высока ўзняў над галавой, на ўсю моц сваіх грудзей сказаў:
— Спыніцеся, вы, што пахавалі твары за жалеза! Рыцары ўзвілі на дыбкі коней каля самай павозкі, у якой сядзелі Генрых і Алебранд. На конях былі металічныя папоны і нагруднікі. Галовы пакрывала кальчужная сетка. Генрых убачыў проста перад сабой бліскучыя ад вады цяжкія конскія капыты.
— Стой! — шырока махнуў рукой у металічнай пальчатцы комтур86, у якога на доўгім кап'і трапятаўся белы сцяжок з чырвоным крыжам. Каманду гэтую ён аддаў і сваім разгарачаным рыцарам і спалоханаму царкоўнаму абозу.
Комтур, шыракаплечы, смуглатвары, пад'ехаў да Генрыха і Алебранда. На комтуру былі перавязь, рыцарскі пояс, залатыя шпоры — усё, што належыць мець высакароднаму адважнаму воіну.
— Мы думалі, што вы эсты, — сказаў комтур, глянуўшы на Генрыха суровымі вачамі.
— А калі б мы аказаліся лэтамі? — запытаўся Генрых, у якога ўсё яшчэ бухала ў грудзях сэрца.
— Лэты — падданыя нашага ордэна, — скупа ўсміхнуўся закаваны ў жалеза комтур. — Які сэнс забіваць рабоў, што пояць і кормяць нас? Праўда, здараецца, што мы сячэм, топчам коньмі і лэтаў, палічыўшы іх за эстаў. Гэтыя тубыльцы — усе на адзін твар.
— Я са сваімі людзьмі еду на раку Імеру, каб збудаваць там царкву і пачаць справу святога хрышчэння, — сказаў комтуру Генрых. Ягоны абоз усё яшчэ стаяў у рацэ, там, дзе напалі на яго мечаносцы. Коні. пакуль ішла гаворка, пілі рачную ваду. Авадні адразу ж абляпілі потныя конскія спіны. Генрых убачыў гэтых крылатых шэрых крывасмокаў, і злосць успыхнула ў душы. Ён гнеўна загадаў вазнічаму:
— Паганяй! Пакуль мы стаім, авадні вып'юць з нашых коней усю кроў. — Вы паедзеце ў замак Вендэн да браццяў рыцараў і магістра Венна, — спакойна, нібы гэта само сабой разумелася, сказаў комтур.
— Я спяшаюся на Імеру, — запярэчыў Генрых.
— Язычнікі пачакаюць. А вы паедзеце ў Вендэн, — ужо рашуча паварочваў свайго цяжкага каня комтур.
— Паедзем, Генрых, да рыцараў,— адразу згадзіўся стары Алебранд. — Чуў я, што ў іхніх падвалах ёсць Цудоўнае віно.
Замак мечаносцаў стаяў на абрывістым беразе ракі Гаўі. Камень, з якога зусім нядаўна ўзвялі сцены і вежы, яшчэ не пацямнеў ад дажджу і дыму.
Пад'ехалі да запоўненага бруднай вадой рова. Комтур патрубіў некалькі разоў у баявы рог, падаў тым, што сядзелі ў замку, умоўны сігнал, і праз шырокі роў лёг з цяжкім грукатам пад'ёмны мост. Замак быў цесна забудаваны, з вельмі вузкімі вулкамі, з невялікім, прыплясканым конскімі капытамі ўнутраным дваром, дзе мясцілася казарма браццяў-рыцараў і стаяла ордэнская капэла87.
Юнак-зброяносец прытрымаў стрэмя, калі комтур саскочыў з каня, узяў у яго кап'ё і шчыт. Генрых і Алебранд, пакінуўшы абоз і ўсю сваю ахову, пайшлі следам за комтурам. «Цесна жывуць рыцары, — думаў па дарозе Генрых. — Не замак, а сакалінае ці каршуновае гняздо».
Яны бачылі, як вучацца мечаносцы рукапашнаму бою — падзяліўшыся на дзесяткі, рыцары, узброеныя мячамі і коп'ямі, атакавалі адзін аднаго. Стук мячоў, крыкі зліваліся з іржаннем коней і адрывістымі загадамі сівога рыцара ў чорным плашчы, які стаяў на спецыяльна збудаваным памосце і ўважліва сачыў за дзеяннямі сваіх падначаленых. Праўда, на наканечнікі коп'яў, як заўважыў Генрых, былі надзеты невялікія драўляныя шары. Па лабірынце вулачак, а потым па звілістым зацемненым калідоры галоўнай цытадэлі замка комтур прывёў іх нарэшце ў вялікі, з высокай столлю пакой, дзе ярка гарэла мноства свечак. На сцяне, насупраць уваходу, віселі вялікі меч і вялікі крыж — сімвалы вярхоўнай улады вялікага магістра, ці, як яго называлі, гросмайстара, Ордэна мечаносцаў.
Высокі белатвары мужчына з разадранай кап'ём шчакой маленькімі шчыпцамі асцярожна сашчыкваў нагар з кнота свечкі. Здавалася, ён хоча сарваць чырвоную трапяткую кветку. Пачуўшы крокі за сваёй спінай, ён рэзка азірнуўся, моцна сціснуў шчыпцы, аж костачкі пальцаў пабялелі. Гэта быў гросмайстар Венна, якога на гэту пасаду пажыццёва абралі рыцары ордэна, а папа Інакенцій IIІ зацвердзіў іхні выбар.
— Людзі епіскапа Альберта, — сказаў гросмайстару, глянуўшы на Генрыха і Алебранда, комтур. Паміж сабой мечаносцы прывыклі размаўляць лаканічна.
— Ваш епіскап — дурны тлусты каплун! Сабака! — адразу ж закрычаў гросмайстар Венна. Ён шпурнуў шчыпцы, і яны, ударыўшыся аб сцяну, зазвінелі. Комтур нагнуўся, падняў шчыпцы, здзьмуў з іх сажу.
— Ён завёў гандаль з Ордэнам з-за трэці Лівоніі,— крычаў Венна. — З нашай крыві ён хоча пячы пірагі! Рыцарская кроў — не вада! Не вада! Я заключу саюз з дацкім каралём Вальдэмарам і вазьму ўсё, што заваюе мой меч!
Гросмайстар у адзін скок апынуўся ля сцяны, сарваў з яе меч. Вочы ў яго блішчэлі, і Генрыху на імгненне здалося, што наступіў канец, што зараз Венна пасячэ яго і Алебранда на шматкі, як капусту.
Але прыступ гневу вельмі хутка прайшоў. Гросмайстар акуратна павесіў меч на сцяну, лагодна глянуў на гасцей, сказаў:
— Мы — карані аднаго дрэва. Запрашаю гасцей павячэраць з браццямі-рыцарамі.
Трапезная мечаносцаў размяшчалася якраз пад пакоем, у якім жыў гросмайстар. Венна з комтурам, Генрых і Алебранд спусціліся па вінтавой лесвіцы ў паўзмрок трапезнай. Як вогненная пашча дракона, чырванеўся, трашчаў у куце трапезнай камін, у якім згаралі вялізныя смалістыя бярвенні. Часам адтуль выскоквалі яркія вугольчыкі, з піскам круціліся па каменнай падлозе.
Мечаносцаў было чалавек пяцьдзесят. Капелан прачытаў малітву, усе стоячы выслухалі яе, потым селі, кожны на сваё навечна замацаванае за ім месца. Па правую руку ад гросмайстра сеў рыцар, які асабліва адважна біўся ў самым апошнім баі. Кожны мечаносец узяў свой залачоны кубак, на якім было напісана: «Уславім бога». Паж-віначэрпій срэбным апалонікам наліў усім з дубовай бочачкі віна.
Толькі адзін чалавек у трапезнай не піў, не меў сёння права піць. У чорным плашчы — усе мечаносцы былі ў белых плашчах — ён сядзеў на ахапку саломы на падлозе і з драўлянай міскі драўлянай лыжкай чэрпаў гарохавую кашу. Ды гарох, было бачна, не лез яму ў горла, і ён сядзеў сумны, растаптаны ўсеагульнай знявагай, з набітым ежай ротам.
_
86 Комтур — выбраная пасада ў рыцарскім ордэне.
87 Капэла — малітоўня невялікіх памераў.