×

LingQ'yu daha iyi hale getirmek için çerezleri kullanıyoruz. Siteyi ziyaret ederek, bunu kabul edersiniz: çerez politikası.

image

Меч князя Вячкі, Раздзел чацвёрты I 4

Раздзел чацвёрты I 4

— Ты сапраўдны сын царквы, Генрых, — усклікнуў епіскап. — Абяцаю табе: калі ты атрымаеш сан свяшчэнніка, я зраблю цябе канонікам, членам капітула. Мне патрэбны разумныя адданыя людзі. Бачыш мой алтар? — ён паказаў у глыбіню пакоя. — Тут я кожны дзень спраўляю месы, вячэрні і чытаю на ноч малітвы. Клянуся гэтым святым алтаром, што я не забудуся пра тваю вернасць рыжскай царкве і мне.

— Мансіньёр, — усхвалявана ўзняўся са свайго месца Генрых, — я аддам жыццё за божую справу.

— Добра, сын мой, — па-бацькоўску ўсміхнуўся епіскап. — Я веру табе. А зараз адкажы мне, Генрых, адкажы, як на святой споведзі: каго ты лічыш галоўным ворагам рымскай царквы?

Ён вельмі ўважліва глядзеў на Генрыха, як бы пранізваў таго шэра-стальнымі вачамі.

— Мясцовыя плямёны, вядома, не дужа горнуцца да нас, — пасля некаторага роздуму загаварыў Генрых, — яны лічаць, што мы прыплылі да іх з-за нашай беднасці, каб тут, на берагах Дзвіны, узбагаціцца, набіць кішэні золатам. Але святая царква зможа справіцца з імі, бо яны разрозненыя, пастаянна ваююць, грызуцца між сабой. Яны нас не любяць, гэта праўда, але вымушаны будуць з цягам часу скарыцца. Іхнія старэйшыны, такія, як, напрыклад, Каўпа, ужо сёння нашы саюзнікі. Галоўныя нашы ворагі, мансіньёр, гэта — Полацк, Ноўгарад і…

Ён на хвіліну змоўк.

— І хто яшчэ? — моцна сціснуў яму плячо епіскап.

— І Ордэн братоў святой Марыі, ці, як яны сябе называюць, мечаносцы, на чале з магістрам Венна.

— Мечаносцы! Мечаносцы! — у гневе закрычаў Альберт і аж трасянуў кулакамі.— Асінае гняздо, якое я калісьці сагрэў сваім дыханнем. Клубок гадзюк. Начныя драпежныя птушкі, якія кожны момант стараюцца клюнуць мне проста ў вока. А я ж, Генрых, сам, сам упрошваў у Рыме папу Інакенція, каб ён дазволіў стварыць гэты пракляты ордэн. Я думаў займець моцнага саюзніка, аднадумца ў вайне супраць язычнікаў, а што маю? Магістр Венна са сваёй бандыцкай шайкай амаль кожны тыдзень шле на мяне даносы ў Рым. Ён патрабаваў адну трэць усіх заваяваных зямель. Я даў яму адну трэць, я дазволіў яму браць усе магчымыя даходы з гэтых земляў. Ён пабудаваў замак Вендэн, у якім адчувае сябе, як імператар Свяшчэннай Рымскай імперыі. І што ж? Дзе ўдзячнасць? Мечаносцы сёння крычаць, каб рыжская царква выдзеліла ім трэць яшчэ не заваяваных земляў. Разумееш? Яшчэ не заваяваных! Так можна падзяліць усё: сонечныя промні, паветра, гром нябесны, месяц, які плыве над галавой…

Ён, цяжка дыхаючы, змоўк, знясілена прашаптаў:

— На адной зямлі жыць побач з гэтымі пачварамі… Якая пакута, сын мой…

І столькі стальной злосці, столькі гнеўнага болю было ў вачах, што Генрых міжволі ўздрыгнуў. Двух зусім розных людзей, двух Альбертаў фон Буксвагенаў, толькі што бачыў ён перад сабой. Адзін — ціхі, з ласкавай усмешкай, з цеплынёй у галубіным позірку.

Глядзіш — і здаецца, залаты німб іскрыцца над танзурай82. Другі — страсны ў нянавісці, суровы, як пякельнае полымя, з пухірамі пены ў куточках вуснаў.

«Які ж ён, сапраўдны епіскап Альберт?» — падумалася Генрыху, але ён са страхам адагнаў ад сябе гэту грэшную думку.

— Купцы і ўсе гараджане за нас, мансіньёр, — асцярожна сказаў Генрых. — Ім абрыдлі ваўчыныя апетыты мечаносцаў, яны хочуць вольна гандляваць, яны хочуць спакою і міру ў Лівоніі. Я асмелюся параіць: на землях, якія належаць рыжскай царкве, крыху аслабіць царкоўную дзесяціну, замяніць яе больш лёгкім аброкам. Мясцовыя плямёны, іхнія старэйшыны будуць нам удзячныя, зразумеюць нас, і калі раптам надыдзе час выбару, калі неабходна будзе рашаць, на чый бок стаць, яны стануць на наш бок, бо магістр мечаносцаў Венна на сваіх землях дзярэ з тубыльцаў па тры шкуры.

— Я падумаю, сын мой, — паабяцаў епіскап.

У гэты час увайшоў Імануіл, знакамі, незразумелымі для Генрыха, пачаў нешта тлумачыць епіскапу. Радасць успыхнула на твары ў Альберта, і ён не хаваў яе.

— Кароль кукейноскі Вячка просіць у мяне аўдыенцыі,— весела сказаў ён Генрыху. — Я быў упэўнены, што ён прыбяжыць на мой двор.

— Вячка ў Рызе? — здзіўлена ўскінуў бровы Генрых. — Люты вораг царквы просіць аўдыенцыі? Я нічога не разумею, мансіньёр.

— Ты хочаш яго ўбачыць? — замест адказу спытаўся Альберт.

— Вельмі хачу. Я ніколі не бачыў д'яблаў. — Пакліч Вячку, — загадаў Імануілу епіскап. — І няхай разам з ім зойдзе тлумач83.

Праз нейкі час увайшоў тлумач Фрэдэрык, які часта плаваў у Полацк і ведаў мову полацкіх крывічоў, а за ім і Вячка. Князь Кукейноса быў апрануты ў чорны дарожны плашч, пад якім зіхцела кальчуга. Галава была непакрытая, і густая хваля светлых валасоў падала на высокі смуглы лоб.

— Чаго хоча ад мяне кароль Кукейноса? — патушыўшы ў позірку радасць, строгім халодным голасам спытаў Альберт. Усе тэўтоны, у тым ліку і рыжскі епіскап, называлі полацкіх князёў каралямі.

«Вось ён які,— думаў тым часам Генрых. — Ён, бадай, мой равеснік. Такія ж, як у мяне, светлыя валасы, такога ж колеру вочы. Ён вораг нашай царквы і, значыць, мой вораг. Нічога д'ябальскага ў ягоным вобліку няма. Звычайны чалавек. Прыгожы чалавек. Палачане — прыгожы народ. Было б лепш, каб гэты Вячка меў агідныя д'ябальскія рогі або хвост. Непрыгожых лягчэй ненавідзець».

— Епіскап, твае людзі схапілі маю дачку князёўну Соф'ю і прывезлі яе ў Рыгу, — хвалюючыся, сказаў Вячка. — Вярні мне дачку.

Ён схіліў калена перад Альбертам.

— Я чуў пра князёўну, — пасля некаторага маўчання прамовіў епіскап. — Зараз яна ў манастырскай келлі пад прыглядам абацісы Марты.

— Вярні мне дачку, святы ойча, — зноў ціхім голасам папрасіў Вячка.

— Князёўна хварэе, — быццам не чуў князя епіскап. — І за ўсё, кароль Кукейноса, трэба плаціць. Ты ведаеш гэта.

— Якую ты хочаш плату? — пабляднеўшы, запытаўся Вячка.

Альберт пранізліва глянуў на яго. Сталь была ў позірку.

— Ты вораг царквы, якой я аддаю ўсе свае сілы, — сказаў епіскап. — Ты ў маіх руках. Я магу цябе знішчыць.

— Я прыйшоў добраахвотна, і ў мяне няма зброі. Бог, што бачыць нас усіх, не даруе табе крыві,— сурова ўсміхнуўся Вячка.

— Мне не патрэбна твая кроў і твая плоць, — узяў з алтара Біблію епіскап. — Пра царкву я клапачуся, толькі пра яе. Калі хочаш вярнуць дачку, аддай рыжскай царкве палову сваёй зямлі, сваёй вады і свайго горада, упусці ў свой горад нашых купцоў і нашых воінаў. Вось табе маё епіскапскае слова, кароль Кукейноса.

Тлумач пераклаў Вячку ўсё, што сказаў Альберт. Увесь гэты час Генрых, не адрываючыся, сачыў за Вячкам і ўбачыў, як уздрыгнуў, як пацямнеў з твару кукейноскі князь. Вялікая пакута раздзірала ягоную душу. Загарэлай рукой ён пагладзіў скронь, быццам хацеў гэтым рухам адагнаць ад сябе нейкі жахлівы, толькі аднаму яму бачны прывід.

— Што ж ты маўчыш, кароль? — холадна ўсміхаючыся, запытаўся Альберт. — Я чуў ад сваіх людзей, што ты вельмі любіш дачку.

— Вы, тэўтоны, умееце біць у самае сэрца, — глуха сказаў Вячка. — Так, я люблю сваю дачку. Як павінен любіць адзінакроўнае дзіця кожны бацька. Ды па нашым старым славянскім звычаі, перш чым нешта зрабіць, я павінен параіцца з народам. З гарадскім вечам. Дай мне часу, епіскап.

— Князёўна Соф'я вернецца ў Кукейнос, як толькі ты ўпусціш туды маіх воінаў. — Зразумеў твае словы, епіскап. А сёння дазволь мне сустрэцца з князёўнай, — апусціў галаву Вячка.

— Яна хворая, і ёй патрэбен спакой. Ты глянеш на яе здалёку.

«Ён трымаецца вельмі мужна, з годнасцю, хоць у яго зараз, няма сумнення, кіпіць кроў,— падумаў пра Вячку Генрых.

_

82 Танзура — выбрытае месца цемені ў каталіцкага духавенства.

83 Тлумач — перакладчык.

Learn languages from TV shows, movies, news, articles and more! Try LingQ for FREE

Раздзел чацвёрты I 4 Chapter Four I 4

_____