1 / 2
Агата Крысьці
Бездакорная пакаёўка
- Прабачце, мадам, ці не магла б я з вамі пагаварыць?
Такое пытанне можна было лічыць недарэчным, бо Эдна, маленькая пакаёўка міс Марпл, гэтым самым зваротам ужо пачала гаворку са сваёю гаспадыняю.
Адзначыўшы гэта, міс Марпл адразу ж адказала:
- Вядома, Эдна. Заходзь і зачыні дзверы. Што здарылася?
Паслухмяна зачыніўшы дзверы, Эдна зайшла ў пакой, скамячыла ражок фартуха і некалькі разоў уздыхнула.
- Ну што, Эдна? - падбадзёрваючы, папыталася міс Марпл.
- О, прабачце, пані, гэта ўсё мая стрыечная сястра Глэдзіс. Бачыце, яна засталася без работы.
- Мне шкада яе, дарагая. Яна служыла ў Олд-Холе, праўда ж, у міс... міс... Скінераў?
- Ага, пані, праўда. І Глэдзіс гэта вельмі засмуціла, вельмі засмуціла.
- Аднак перад тым Глэдзіс даволі часта мяняла гаспадароў, праўда?
- Ага, пані. Яна гэта рабіла, каб не заседжвацца. Яна, пэўна, ніколі не супакоіцца, вы разумееце, што я хачу сказаць. Але, бачыце, яна заўсёды папярэджвала!
- А гэтым разам усё было наадварот? - суха папыталася міс Марпл.
- Але, пані, і гэта вельмі засмуціла Глэдзіс.
Міс Марпл крыху здзівілася. Яна помніла Глэдзіс, якая іншы раз прыходзіла піць гарбату у кухню ў свой «выхадны» дзень, помніла як дзябёлую дзяўчыну-рагатушку, заўсёды з ураўнаважаным характарам.
- Бачыце, пані, усё гэта таму, што міс Скінер не так усё зразумела.
- Як зразумела міс Скінер? - цярпліва папыталася міс Марпл.
Цяпер ужо Эдна выклала ўсе свае навіны:
- О, пані, гэта такі ўдар для Глэдзіс. Бачыце, прапала адна брошка ў міс Эміліі, і такі падняўся вэрхал, што і ўявіць нельга. Вядома, нікому не падабаецца, калі такое здараецца; гэта такое хваляванне, пані, вы разумееце, што я хачу сказаць. Глэдзіс памагала шукаць. Шукалі ўсюды. Міс Лавінія ўжо загаварыла, што пойдзе ў паліцыю, і раптам брошка знайшлася. Яна ляжала ў шуфлядцы ў туалетным століку. Глэдзіс падзякавалі.
А тут на другі дзень разбілася талерка, міс Лавінія вельмі раззлавалася і сказала Глэдзіс за месяц звольніцца. Глэдзіс адчула, што гэта не за талерку і што міс Лавінія проста шукае зачэпку, і гэта, відаць, за брошку; яны думаюць, нібы яна ўзяла яе і паклала зноў, калі сказалі пра паліцыю. Але Глэдзіс не магла гэтага зрабіць, яна б ніколі не рашылася на такое. А што ёй рабіць, калі пра яе пойдуць розныя плёткі, гэта ж вельмі непрыемна дзяўчыне, вы ж ведаеце, пані.
Міс Марпл згодна кіўнула галавою. Хоць яна і не адчувала асаблівай сімпатыі да гэтай дзябёлай самаўпэўненай Глэдзіс, яна верыла ў сумленнасць дзяўчыны і добра ўяўляла, як здарэнне магло ўзрушыць яе.
Эдна спыталася з сумам:
- Я думаю, тут вы нічым не паможаце, пані?
- Скажы ёй, каб не рабіла глупства, - сказала міс Марпл рашуча. - Калі яна не брала брошкі - а я ўпэўненая, што не брала, - дык ёй няма чаго хвалявацца.
- Пойдуць чуткі, - з сумам сказала Эдна.
- Сёння я буду там і пагавару з міс Скінерамі, - супакоіла яе міс Марпл.
- Дзякуй, мадам, - сказала, Эдна.
Олд-Хіл быў вялікі дом віктарыянскага стылю, акружаны лесапаркам. Паколькі выявілася, што яго нельга было прадаць і здаць у наём такім, як ён ёсць, цалкам, нейкі спрытны спекулянт раздзяліў дом на чатыры асобныя кватэры «з цэнтральнай абагравальнай сістэмаю і паркам». Паркам валодалі ўсе кватаранты. Эксперымент удаўся. Адну кватэру занялі багатая старая эксцэнтрычная лэдзі і яе служанка. Гэтая старая захаплялася птушкамі, і кожны дзень яна збірала цэлае птушынае царства на кармленне. Другую кватэру арандаваў суддзя, які вярнуўся з Індыі, са сваёю жонкаю. Маладая пара, якая нядаўна пажанілася, заняла трэцюю кватэру, а чацвёртую два месяцы таму назад нанялі дзве старыя дзеўкі па прозвішчы Скінер. Казалі, што гаспадар быў задаволены. На самай справе ён баяўся дружбы кватарантаў, за якой прыходзіць і адчужанасць са скаргамі адзін на аднаго.
Міс Марпл была знаёмая з усімі, хоць добра нікога не ведала. Старэйшая сястра Скінер, міс Лавінія, была, калі можна так сказаць, цяглавая сіла. Міс Эмілія, малодшая, амаль увесь час ляжала ў пасцелі, пакутуючы ад розных хвароб, якія, на думку жыхароў Сент-Мары-Мід, былі больш выдуманыя. Толькі міс Лавінія шчыра верыла ў пакуты і цярпенне сваёй сястры, з гатоўнасцю патурала ўсім яе капрызам і бегала ў вёску і з вёскі, каб прынесці тое, чаго «раптам захацелася сястры».
На думку жыхароў Сент-Мары-Мід, калі б міс Эміліі прыпала хоць палавіна тых пакутаў, пра якія яна гаварыла, яна б ужо даўно паслала па доктара Хайдака. Але міс Эмілія, калі чула пра гэта, закатвала вочы і мармытала, што яе хвароба няпростая - лепшыя спецыялісты ў Лондане не маглі ў ёй разабрацца - і што адзін вядомы доктар правёў з ёю найноўшы курс лячэння і яна спадзяецца, што гэта паможа ёй. Ніякі звычайны тэрапеўт не можа яе вылечыць.
- І я так думаю, - гаварыла міс Хартнел з мілай прастатою, - што яна вельмі добра робіць, калі не кліча доктара. Паважаны доктар Хайдак з яго вясёлым норавам мог сказаць ёй, што ніякая яна не хворая, што можна ўставаць з пасцелі і не рабіць шуму. Ёй бы гэта пайшло на карысць!
А як што такіх дэспатычных лекаў не было, міс Эмілія валялася на канапе сярод пачкаў невядомых пілюль, адмаўлялася амаль ад усяго, што ёй гатавалі, і патрабавала нечага такога, што звычайна цяжка і складана дастаць.
На званок міс Марпл дзверы адчыніла Глэдзіс, якая была больш прыгнечаная, чым міс Марпл думала. У гасцёўні - чвэрць ранейшага пакоя, падзеленага на кухню, гасцёўню, ванную і пакоік з шафаю для служанкі, - насустрач міс Марпл устала міс Лавінія.
Лавінія Скінер была высокая хударлявая жанчына гадоў пяцідзесяці. У яе былі грубаваты голас і рэзкія рухі.
- Радая вас бачыць, - сказала яна. - Эмілія ляжыць. Сёння яна дрэнна сябе адчувае, небарака. Спадзяюся, яна захоча ўбачыць вас, гэта падбадзёрыць яе. Праўда, часам бывае, яна нікога не хоча бачыць. Небарака, яна - вельмі добрая.
Міс Марпл ветліва загаварыла. Прыслуга была галоўнай тэмаю размоў у Сент-Мары-Мід, таму не цяжка было скіраваць і гэтую размову ў патрэбным кірунку. Міс Марпл сказала, што яна чула, нібыта звальняецца такая слаўная дзяўчына, як Глэдзіс Холмс.
Міс Лавінія кіўнула.
- Пасля серады. Неакуратная з пасудаю, ведаеце. Гэта недапушчальна.
Міс Марпл уздыхнула і сказала, што ў наш час усім нам даводзіцца з чым-небудзь мірыцца. Цяпер так цяжка запрашаць дзяўчат у вёску. Ці напраўду міс Скінер мяркуе, што робіць правільна, звальняючы Глэдзіс?
- Ведаю, як цяжка знайсці служанку, - прызналася міс Лавінія. - У Дыверыксаў няма нікога. Але там, я не здзіўляюся, - заўсёды свары, джаз усю ноч, застолле ў любы час. Гэта дзяўчына нічога не разумее ў хатняй гаспадарцы. Мне шкада яе мужа! Потым Ларкінсы зусім нядаўна засталіся без служанкі. Я не здзіўляюся з іх страты, ведаючы характар суддзі і яго сняданак у шэсць гадзін раніцы - «Чота хазры», як ён яго называе. Да таго ж вечна мітуслівая місіс Ларкінс. Праўда, у міс Кармічэл даўно служыць Жанет... Хоць, па-мойму, яна вельмі непрыемная жанчына і, вядома, запалохвае старую.
- Значыць, вы не можаце змяніць свайго рашэння наконт Глэдзіс? Яна ж слаўная дзяўчына. Я ведаю ўсю іх сям'ю, вельмі сумленную і прыстойную. Міс Лавінія адмоўна пакруціла галавою.
- У мяне ёсць падставы, - важна сказала яна.
- Вы згубілі брошку, я разумею... - ціха напомніла міс Марпл.
- Хто так гаворыць? Пэўна, дзяўчына. Праўду кажучы, я амаль упэўнена, што брошку ўзяла яна. Потым спалохалася і паклала яе ў шуфлядку. Вядома, зараз можна гаварыць усё што хочаш.
Яна перавяла гаворку на другое.
- Пайшлі наведаем Эмілію, міс Марпл. Я думаю, яна будзе радая.
Міс Марпл пакорна пайшла за міс Лавініяй. Гаспадыня пастукала ў дзверы і, дачакаўшыся запрашэння зайсці, завяла госцю ў лепшы пакой у кватэры. З-за прыапушчаных штораў у пакоі было змрочна. Міс Эмілія ляжала ў пасцелі, відаць, цешылася змрокам і сваімі пакутамі.
Слабае святло падала на худую істоту з нерашучым паглядам і кучмай рыжых, сівеючых, з кудзеркамі валасоў, закручаных вакол галавы. Галава яе была падобная на птушынае гняздо, аднак гнёзды птушкі робяць куды больш ахайна. У пакоі пахла адэкалонам, чэрствым бісквітам і камфарай.
Прыплюшчыўшы вочы, Эмілія Скінер сказала, што сёння ў яе «дзень з найгоршых».
- Хворы чалавек ведае, - гаварыла яна далей меланхалічным тонам, - які ён цяжар для другіх. Лавінія вельмі добрая. Лаві, дарагая, я так не люблю турбаваць цябе, але калі б ты наліла маю грэлку так, як я хачу... Яна вельмі поўная і цяжкая, але калі яна не зусім поўная, дык адразу астывае.
- Прабач, мілая. Дай яе мне. Я крыху адалью вады.
- Можа, калі ты адальеш, яе пасля можна будзе зноў напоўніць. Дома няма сухароў. Я думаю... Не, не, гэта не мае значэння. Я магу абысціся і без іх. Крыху нямоцнай гарбаты і цытрынавы скрылік. Няма цытрыны? Не, я не магу піць гарбату без цытрыны. Мне здаецца, раніцай малако было не зусім памяшанае. Я не люблю гарбату з малаком. Гэта не мае значэння! Я магу абысціся без гарбаты. Толькі я вельмі нядужая. Кажуць, вустрыцы памагаюць. Цікава, ці смачныя. Не, не, толькі не сёння, і так турбот хапае. Я магу пачакаць да заўтра.
Лавінія выйшла з пакоя, мармычучы сабе пад нос нешта няскладнае пра прагулку на роварах у вёску.
Міс Эмілія слаба ўсміхнулася госці і сказала, што яна цярпець не можа рабіць каму-небудзь лішнія клопаты.
Вечарам міс Марпл сказала Эдне, што, відаць, місія да Скінераў не дала вынікаў.
Яна ўстрывожылася, пачуўшы, што пагалоскі пра несумленнасць Глэдзіс ужо разнесліся па вёсцы.
На пошце яе спыніла міс Уэтэрбі.
- Дарагая Джэйн, ёй далі пісьмовую рэкамендацыю, у якой сказана, што яна старанная, спакойная і прыстойная, але нічога не сказана пра яе сумленнасць. А гэта, мне здаецца, важней за ўсё! Я чула, была нейкая непрыемнасць з брошкаю. Ведаеце, думаю, у гэтым нешта ёсць, бо ніхто не адпусціць у наш час служанку, калі тут няма нічога сур'ёзнага. Ім будзе вельмі цяжка знайсці каго-небудзь яшчэ. Дзяўчаты проста не хочуць ісці ў Олд-Хол. Яны вяртаюцца дадому на выхадныя дні нервовыя. Вось пабачыце, Скінеры не знойдуць нікога, і, можа, тады гэта страшная іпахандрычная сястра ўстане і зробіць што-небудзь сама.
Вялікае засмучэнне было для вёскі, калі стала вядома, што міс Скінеры праз агенцтва нанялі новую пакаёўку, якая адпавядала ўсім сястрыным патрабаванням і была бездакорная.
- У рэкамендацыі за тры гады працы яе толькі хваляць. Яна хоча працаваць толькі ў правінцыі і нават зарплату просіць меншую, чым у Глэдзіс. Я ведаю, што нам вельмі пашчасціла.
- Ну, не кажыце, - сказала міс Марпл, з якой міс Лавінія падзялілася гэтымі падрабязнасцямі ў рыбнай краме. - Вельмі ўжо гэта здаецца нечакана добрым, каб быць праўдаю.
Потым у Сент-Мары-Мід чакалі, што «бездакорнасць» зменіць сваё рашэнне і ў апошні момант адмовіцца прыехаць.
Аднак ніводнае прадказанне не спраўдзілася, і ўсе бачылі, як прыслуга-золатка, звалі яе Мэры Хігінс, праехала на таксі па ўсёй вёсцы да Олд-Хола. Усе згадзіліся, што яна прыгожая. Вельмі прыстойная жанчына, сціпла і зграбна апранутая.
Калі другім разам міс Марпл наведала Олд-Хол з выпадку вярбоўкі кіяскёраў на царкоўнае свята, дзверы ёй адчыніла Мэры Хігінс. Яна і напраўду была нібы пакаёўка вышэйшага разраду: гадоў пад сорак, акуратна ўкладзеныя чорныя валасы, ружовыя шчокі, круглявы стан, апранутая ў чорнае з белым фартухом і ў белым каптуры. «Вельмі добрая, старамоднага стылю служанка, - сказала пазней міс Марпл. - Правільнае вымаўленне, голас ціхі і пачцівы, не тое што ў Глэдзіс - рэзкі, невыразны».