VI а
VI
Зноў конь! — Падарожжа пешшу. — Няўдалы напад папуасаў.— Катастрофа. — Адзін!..
Ідучы назад, экспедыцыя настраляла яшчэ свіней, якія разбегліся ад пажару, і вярнулася назад са славай і здабычай.
На катэры ўсё было спакойна, толькі зноў бачылі таго самага таемнага каня, які цяпер пад'язджаў крыху бліжэй, і адзін раз нават чулі стрэл. Можа, гэта былі нашыя стрэлы? — сказаў Скот.
— Не, — адказаў Гуд. — Гэта было зусім з другога боку, з левага, і адзін толькі раз.
— А хто ж сядзеў на кані?
— Добра разгледзець нельга было, але ўсё ж такі відаць, што чорны, — адказаў Гуд.
— Гэтага яшчэ не хапала! — ускрыкнуў Брук. — Гэткім чынам мы яшчэ сустрэнем якога-небудзь Мапу ў аўтамашыне.
Як бы там ні было, гэты таемны конь, адзін на ўсю краіну, пачынаў ужо трывожыць падарожнікаў. Каб на ім быў свой чалавек, ён не хаваўся б, ён бы сам пад'ехаў да іх. Можа, ён не ведае пра іх? Можа, выпадкова сустракаецца на дарозе?
Гэтага таксама не магло быць, бо траскатня матора, страляніна ды і наогул усё іх падарожжа не маглі быць незаўважанымі на гэтай пустыннай прасторы, дзе еўрапейцы не бываюць. Асабліва, калі гэты конь, як відаць, ідзе разам з імі на працягу многіх дзён.
Значыцца, коннік хаваецца ад іх і, мусіць, сочыць за імі. А калі так, значыць, ён мае злыя намеры супраць іх.
І нарэшце, хто ён ці яны, бо адзін раз бачылі быццам дваіх на адным кані? Адным словам, гісторыя такая, што ніякага тлумачэння не падбярэш.
У кожным разе, адно толькі ясна, што трэба падвоіць сваю пільнасць.
Мясцовасць тым часам зусім змяніла свой выгляд. Пайшлі ўзвышшы, а на небасхіле ўжо ўздымаліся досыць высокія горы. Бег ракі стаў такі бурны, што катэр пасоўваўся наперад цішэй, як чалавек пехатой. Апрача таго, рака ўсё заварочвалася направа, на поўнач, а падарожнікам трэба было ісці проста на захад.
— Як табе здаецца, колькі кіламетраў нам трэ было б ісці адсюль прама? — запыталіся ў Чунг-лі.
— Не болей як сто, — адказаў ён. — Я пазнаю ўжо гэтую мясцовасць. Адсюль было б найлепш ісці прама.
Пачалі рыхтавацца да пешага падарожжа. Перш-наперш трэба было знайсці зручнае месца, каб пакінуць катэр. Яны лічылі, што адсутнасць іх працягнецца дзён дзесяць. На гэтыя дзесяць дзён трэба забяспечыць катэр і тых некалькі чалавек, што застануцца на ім, ад розных нежаданых выпадкаў.
Але гэта была вельмі цяжкая задача. Рака вузкая, бег яе вельмі хуткі, ды яшчэ берагі стромкія. Калі станеш ля такога берага, дык цябе зверху засыплюць каменнямі, і ты нічога не зробіш.
Кандаракі нават высунуў пытанне, ці не вярнуцца катэру назад, да той выспы, дзе яны начавалі, або наогул стаць на якары пасярод шырокага ціхага месца, бо тут катэр будзе стаяць, як у рове, і нічога нельга будзе бачыць навакол.
Правільнасць гэтай думкі ўсе прызнавалі, але гэта азначала, што назад прыйдзецца ісці пехатою яшчэ лішніх сто — сто пяцьдзесят кіламетраў, што будзе больш небяспечна, як стаяць на месцы і абараняцца. А асабліва, калі ўзяць пад увагу, што на катэры застанецца кулямёт.
— Лепш пакінуць аднаго ці двух лішніх чалавек, чым ісці лішнія сто кіламетраў,— пастанавіў Скот. — Не можа быць, каб тут не знайшлося ніводнага месца, дзе берагі былі б ніжэйшыя.
Але патрэбнага месца не знаходзілася. Праўда, за некалькі кіламетраў вышэй па рацэ была адна досыць шырокая даліна, але туды горныя крыніцы нанеслі шмат пяску, рака падзялілася на многа пратокаў, і ўсе яны былі такія мелкія, што катэр туды нават не мог пад'ехаць. Тады спыніліся на другім месцы. Хоць берагі тут былі і высокія, але на адным з іх уздымаўся ўзгорак, з якога было відна далёка навакол: і на катэр і на процілеглы бераг.
— Калі тут паставіць кулямёт, — казаў Брук, — дык ён будзе абараняць усё навакол на кіламетры тры-чатыры. Гэта будзе лепш, як на тым астраўку, дзе можна падкрасціся з другога боку і дзе нічога не ўбачыш з-за расліннасці. А тут, прынамсі, лесу няма і ўсё відаць як на далоні.
І сапраўды: лепшага месца жадаць нельга было.
Пачалася падрыхтоўка ў дарогу. Перш за ўсё трэба было выбраць, каго пакінуць тут.
Як мы ўжо зазначылі, самай галоўнай бядой у гэтых краінах з'яўляецца жоўтая ліхаманка. З прыезджых амаль няма ніводнага чалавека, які не хварэў бы на яе. Гэтая хвароба можа цягнуцца і год і два.
Чалавек часам адчувае сябе здаровым некалькі дзён і нават тыдняў, але прыступы ліхаманкі зноў паўтараюцца.
Адзіным ратункам служыць хіна. Дзякуючы ёй людзі яшчэ сяк-так трымаюцца, але зусім забяспечыць сябе ад хваробы бадай-што нельга. Толькі прыступы можна зрабіць лягчэйшымі і радзейшымі.
Усе падарожнікі, апрача Файлу, хварэлі на ліхаманку. Толькі адны, як, напрыклад, боцман і сіпаі, у нязначнай меры, а другія, напрыклад, механік Гуд — цяжка.
Слабы быў і Брук. Пасля доўгіх нарад згадзіліся пакінуць яго, Гуда і двух сіпаяў.
Брук пачаў было пярэчыць, але Скот давёў яму, што гэтая справа вельмі адказная, што, апрача Брука, няма каму даручыць яе, што на катэры застаюцца толькі чатыры чалавекі, якім, можа, давядзецца папрацаваць больш за тых, што пойдуць у дарогу.
Паставілі на ўзгорак кулямёт, абгарадзілі яго калючым дротам; зрабілі з дошак павець, прынеслі з катэра нават сёе-тое з абсталявання.
Дзеля лёгкай сувязі з катэрам вырубілі ў гары прыступкі. Адным словам, усё было прадугледжана.
— Пры такіх умовах, — сказаў Брук, — нават сорамна заставацца. Тут досыць было б адной бабы.
— Пачакайце хваліцца, — сказаў Кандаракі,— невядома яшчэ, што будзе.
Потым пачалі збірацца ў дарогу. Спачатку, вядома, узброіліся з галавы да ног. Не забыліся і на ручныя гранаты, якія адразу маглі напалохаць і адагнаць цэлае племя папуасаў. З рэшты ж узялі толькі неабходнае з неабходнага, лічачы, што дзесяць дзён можна пражыць абы-як.
Перад адыходам Скот, Кандаракі, Брук, Файлу і Ханубі зрабілі нараду адносна Чунг-лі. Першае пытанне было — ці даваць яму зброю?
— Мне здаецца, — казаў Кандаракі,— што з ім мы павінны трымацца больш асцярожна, як да гэтага часу. Можа, гэты таемны конь мае дачыненне да кітайца?
— Я хацеў бы лепш паверыць гэтаму, чымся блытацца каля нейкай таямніцы, — сказаў Скот, — але не магу. Вы ж ведаеце, што з таго моманту, як мы яго схапілі, ён не адыходзіў ад нас ні на крок.
— Ведаю, — сказаў Кандаракі, паціраючы сабе лоб, — але штосьці мне гаворыць, што трэба яго вельмі пільнаваць. Напрыклад, я заўважыў, што ён у апошнія дні стаў больш спакойны, бадай-што вясёлы, быццам увесь цяжар падарожжа і небяспекі пагражае толькі нам, а не яму.
— Я таксама гэта заўважыў,— сказаў Файлу, — і цяпер мне ўспамінаецца адно здарэнне, на якое я раней не звярнуў увагі. Калі мы начавалі тады на выспе, мне ўначы здалося, нібы каля Чунг-лі мільгануў нейкі цень. Я ўстаў, агледзеў усё навакол, але нічога не заўважыў. Чунг-лі ж, здавалася, спаў.
Паклікалі сіпая, які ў той час быў на варце.
— Скажы, — звярнуўся да яго Ханубі,— ты нічога не заўважыў тады на выспе, калі стаяў на варце?
Каб хто ў той момант пільна прыгледзеўся да сіпая, то мог бы заўважыць, што той крыху пабялеў і занепакоіўся. Але ніхто так не прыглядаўся да яго, бо нікому не магло прыйсці ў думку, што ён можа мець тут якіясь свае ўласныя інтарэсы.
Сіпай зараз жа прыпомніў, што ён тады заснуў і што зрання не знайшоў сваёй стрэльбы. Але ён і да гэтага часу быў перакананы, што калі збіралі рэчы, то разам з другімі хто-небудзь паклаў у катэр і яго стрэльбу. Апрача таго, да гэтага часу ніякай бяды ад гэтага не здарылася. Стрэльбаў было столькі, што, можа, і самі гаспадары не ведалі ліку іх.
А калі ён прызнаецца, тады пачнецца справа і аб стрэльбе і аб тым, што ён заснуў.
— Не, нічога не бачыў,— адказаў ён упэўнена, і яго адпусцілі.
— Я думаю, — сказаў Скот, — што гэтаму кітайцу няма аніякага сэнсу ўцякаць ці шкодзіць нам. З намі ён лягчэй вернецца і спакойна паедзе дадому разам са сваім золатам.
— Ну, невядома яшчэ, як ён вернецца, — злосна ўставіў Брук.
— І мне самому здаецца, што баяцца яго няма чаго, — сказаў Кандаракі,— але хто можа ведаць, што думаюць яны, гэтыя жоўтыя чэрці.
Адным словам, справа ніколькі не высветлілася. Але на кожны выпадак пастанавілі зброі не даваць, а замест гэтага даручыць несці іншыя рэчы. Умовіліся сачыць за ім наогул, а Файлу даручыць спецыяльнае безупыннае нагляданне.
У гэты самы час Чунг-лі зайшоў у каюту нібы па справе. Там ён узяў кавалак паперы і, азіраючыся, пачаў нешта пісаць. Некалькі разоў ён павінен быў спыняцца і рабіць выгляд, нібы ён нешта шукае, калі хто набліжаўся.
Урэшце ён напісаў цэлую старонку і нават на адвароце намаляваў нейкі план. Потым схаваў паперу пад кашулю і спакойна выйшаў…
На другі дзень падарожнікі развіталіся, пажадалі адзін аднаму ўсяго добрага, і дзесяць чалавек пайшлі на захад, да тых невядомых, таемных гор, якія ледзь сінеліся далёка на небасхіле.
Тыя, што засталіся, доўга глядзелі ім услед і, калі падарожнікі зніклі з вачэй, — цяжка ўздыхнулі. Адразу зрабілася пуста навокал, ціха і жудасна. Здавалася, што на ўсім свеце толькі і засталося, што іх чацвёра.
— Гм, — сказаў Брук, ходзячы ўзад і ўперад, — не вельмі прыемная рэч сядзець так на месцы і лыпаць вачыма.
Доўга і нудна цягнуўся дзень. Ціха і пуста было навакол. Нідзе ніякага следу чалавечага. Цішыня і гарачыня змарылі іх канчаткова, так што ўсе чацвёра паснулі. І добра зрабілі, бо пры малым ліку людзей усім трэба будзе вартаваць кожную ноч.
Увечары размеркаваліся нанач. Гуд з адным сіпаем застаўся на катэры, а Брук з другім — на ўзгорку. Але каб заўважыць ворага раней, як ён з'явіцца перад самым носам, сіпай заняў месца далей, ля дротавай агарожы. Прайшло некалькі гадзін — і Брук пачуў стрэл сіпая. У святле моцнага электрычнага ліхтара Брук убачыў рэдкія шэрыя кропкі, якія паўзлі з трох бакоў.
Затрашчаў кулямёт, але больш для страху, бо трапіць з яго ў кожную паасобную фігуру вельмі цяжка. Апрача таго, асвятляць і абстрэльваць разам усе бакі таксама нельга было.
«Вось чэрці! — казаў сам сабе Брук. — Нібы іх хто навучыў, як трэба наступаць».
Разам з тым загрукала на катэры, пачуўся звон пабітага шкла, потым страляніна. Брук павярнуў ліхтар і ўбачыў, што з другога берага ворагі засыпаюць катэр каменнямі і стрэламі. Пакуль ён накіраваў сюды кулямёт, з катэра кінулі бомбу.