×

LingQ'yu daha iyi hale getirmek için çerezleri kullanıyoruz. Siteyi ziyaret ederek, bunu kabul edersiniz: çerez politikası.

image

Палескія рабінзоны, XXII б

XXII б

Хлопцы чулі ўсю гэтую размову і рыхтавалі сябе да апошніх рашучых падзей. Галоўнай іх перавагаю было тое, што іх лічылі загінуўшымі. А калі здагадаюцца, што яны жывыя, тады ім ужо не справіцца з трыма такімі бандытамі, у якіх яшчэ і стрэльба была. Хіба толькі ўдасца схавацца.

Тым часам бандыты знялі скуру і селі адпачыць.

- Трэба было б за гэтага ўзяцца, - кінуў малодшы на палонніка. - Чаго з ім доўга валаводзіцца?

- Але, - устаў чорны.

Палоннік сядзеў на зямлі, апусціўшы галаву. Час ад часу ён торгаў рукамі, але дзе там было вызваліцца!

- Хадзі сюды, сабака! - падышоў да яго чорны, узяў за плечы, падняў і падапхнуў да вогнішча. Потым развязаў хустку.

Хлопцы ўбачылі маладога чалавека гадоў дваццаці васьмі з прадаўгаватым, сухарлявым тварам. Тонкія сціснутыя вусны і зморшчкі на лбе сведчылі аб яго напружанні, але вочы безуважліва глядзелі некуды міма бандытаў.

- Цяпер ужо можаш крычаць колькі ўлезе, - засмяяўся незнаёмы.

Тады падышоў малодшы і звярнуўся да палонніка:

- Слухай! Ты можаш палепшыць сваё становішча, калі скажаш, якім чынам даведаўся пра нас, хто табе ў гэтым дапамог. Назаві чалавека, які выдаў нас.

Палоннік не адказваў, бандыт памаўчаў. Пасля пачаў зноў.

- Геройства тваё ўжо непатрэбнае: ты ў поўнай нашай уладзе. Ніхто цябе не пачуе. Калі скажаш, то значна палегчыш свой лёс. А калі не... дык мы здолеем прымусіць цябе, - прасіпеў бандыт.

Палоннік усё маўчаў.

- Ну! - грозна крыкнуў чорны. - Адказвай!

- Канчайце хутчэй вашу справу, а я нічога не скажу! - нарэшце прамовіў палоннік.

- Канчаць хутчэй? - засмяяліся бандыты. - Не, брат, пачакай яшчэ. Гэта толькі пачатак.

І чорны выцяў палонніка кулаком па твары...

Небарака пахіснуўся і паваліўся на зямлю. З носа і рота паказалася кроў...

У хлопцаў аж заляскалі зубы ад хвалявання.

- Нельга сядзець!.. Не маем права!.. Трэба страляць! - прашаптаў Віктар.

- Пачакаем, пачакаем хоць крыху, - усхваляваным шэптам адказаў Мірон. - Досыць далёка... Не трапім... А тады канец і яму, і нам. Пакуль ён жывы, пачакаем... Можа, будзе лепшы момант.

Чорны ўзяў галаўню і паднёс яе да твару палонніка.

- Можа, агонь прымусіць цябе гаварыць? Апрача таго, у нас і яшчэ знойдуцца добрыя спосабы. Часу хапае. Кажы лепш!

Палоннік адхіснуўся і зноў нічога не адказаў.

- Слухайце, - умяшаўся незнаёмы. - Адкладзём допыт да таго часу, пакуль падыдуць нашы таварышы. Тады зробім гэта па ўсіх правілах мастацтва. А цяпер пойдзем паглядзім наш склад ды будку тых хлопцаў.

- Сапраўды, гэтак будзе лепш, - падтрымаў малодшы.

- Добра, - згадзіўся чорны. - А ты тым часам падумай. І не чакай хуткай смерці. Разбяром цябе на кавалачкі, але прымусім сказаць! А цяпер звяжам цябе так, каб ты спакойна мог праляжаць да заўтрага.

Яны зрэзалі доўгую жардзіну, прасунулі яе палонніку між рукамі і каленямі і звязалі яго так, што ён і паварухнуцца не мог.

Хлопцы былі задаволены. Гэта азначала, што бандыты збіраюцца ісці ўсе трое.

І сапраўды яны ўсе накіраваліся да бабровай хаткі. З вялікім жалем убачылі хлопцы, што чорны ўзяў сваю стрэльбу. Бабровы ручай быў зусім блізка, але, здаецца, адтуль нельга было бачыць палонніка, бо ён сядзеў на зямлі і яго засланяў зараснік, што рос на беразе ручая.

Хлопцам не трэба было дамаўляцца, што рабіць. Абы толькі паспець, пакуль бандыты вернуцца, бо калі яны выявяць недахоп сваіх рэчаў, то ўстрывожацца і зараз жа прыйдуць назад.

Мігам папаўзлі яны да таго месца, дзе сядзеў палоннік. Яны так спяшаліся, што нават не звярталі ўвагі на шолах і хруст, які яны робяць.

Палоннік пачуў і азірнуўся.

- Тсс! - шапнулі хлопцы.

Нібы агонь бліснуў у вачах палонніка. Але болей ён не варухнуўся і застаўся сядзець, як сядзеў.

Мірон падпоўз збоку, зараз жа перарэзаў вяроўкі і сунуў палонніку рэвальвер.

- Уцякайце! - шапнуў ён.

Але, убачыўшы рэвальвер, палоннік застаўся сядзець нерухома.

- У вас ёсць рэвальверы? - спытаў ён, не паварочваючы галавы.

- Ёсць, нават чатыры.

- У такім разе хавайцеся ззаду і чакайце, а я буду сядзець, як сядзеў. Гэтак мы лягчэй справімся з імі. Я сам спраўлюся з двума, а на вашу долю застанецца адзін. Падсуньце пад мяне рэвальвер. Ці зараджаны ён?

- Зараджаны, іхні, - адказаў Мірон і адпоўз назад.

Палоннік паправіў сваю жардзіну, заблытаў на руках вяроўкі і застаўся сядзець.

Хлопцы схаваліся ззаду.

- Чаму ён не ідзе? - здзівіўся Віктар.

Мірон растлумачыў, у чым справа. Хлопцы адразу напоўніліся ўпэўненасцю і нават гонарам. Яны ж пад кіраўніцтвам аўтарытэтнага чалавека прымаюць удзел у ваеннай аперацыі! Сілы цяпер роўныя, ды яшчэ перавага ў тым, што вораг нічога не ведае.

Каля бабровай хаткі пачуліся трывожныя галасы. Потым адзін бандыт выйшаў з-за кустоў і зірнуў на свой лагер. Палоннік спакойна сядзеў з жардзінай. Бандыт зноў схаваўся.

Праз некалькі часу яны зноў выйшлі, пра нешта горача пагутарылі і разышліся. Малодшы з рэвальверам у руцэ накіраваўся да палонніка, а тыя два пайшлі далей, у бок стаянкі хлопцаў.

Цяпер ужо бандыт трымаў сябе іначай. Ён увесь час азіраўся навакол, прыслухоўваўся і, калі падышоў да палонніка, пачаў хадзіць узад і ўперад. Цяпер ён ужо спецыяльна вартаваў сваю ахвяру.

А тыя шукалі хлопцаў. Толькі на гэты раз ужо не гукалі, не стралялі...

Палоннік сядзеў з жардзінай, апусціўшы галаву, і, здавалася, думаў невясёлую думку.

Хлопцы напружана сачылі за ім і стараліся здагадацца, што ён думае рабіць, каб зараз жа дапамагчы.

Калі вартаўнік адышоўся ў другі бок, палоннік крыху павярнуў галаву назад. Хлопцы нават не бачылі яго твару, але сцямілі, што гэта знак да іх. Значыцца, зараз нешта будзе.

Вось вартаўнік набліжаецца зноў да палонніка. Правая рука з рэвальверам акурат з гэтага боку. Момант - і палоннік ухапіўся за руку з рэвальверам.

Бандыт быў так здзіўлены, што некалькі секунд не зварухнуўся, нібы не даваў веры сваім вачам.

А ў гэты момант абодва хлопцы былі ўжо каля яго. Мірон у першую чаргу абхапіў рукою рот бандыта акурат у той момант, калі той збіраўся крыкнуць.

- Малайчына! - пахваліў палоннік.

Пасля таго ўжо нядоўга было звязаць бандыта такім жа спосабам, як раней быў звязаны палоннік. Зразумела, рот быў запхнуты і завязаны.

- Дзякуй, сябры! - паціснуў хлопцам рукі новы таварыш. - А цяпер трэба адцягнуць яго далей, а самім размясціцца гэтаксама, як і раней.

Адцягнулі бандыта за сотню крокаў. Замацавалі так, каб ён ні ў якім разе не мог развязацца, і пакінулі.

Вызвалены таварыш зноў прыладзіў сабе жардзіну, хлопцы зноў схаваліся ў кустах - і ўсё было ў парадку.

Цяпер ужо хлопцы чакалі наступнай сустрэчы без страху. Якая ўжо тут магла быць небяспека?

Але чакаць давялося доўга. Відаць, бандыты шнырылі па ўсім тым востраве.

Нарэшце з-за бабровага ручая пачуліся галасы, потым з'явіліся абодва бандыты.

- Незразумелая рэч! - пачулі хлопцы. - Няўжо гэта яны? Адкуль жа яны маглі ведаць, што ім трэба сцерагчыся?

Падышоўшы да стаянкі, яны агледзеліся, пакруціліся і спыталі ў палонніка:

- А дзе наш таварыш?

- Не ведаю, - буркнуў той.

Яны падазрона зірнулі на яго і падышлі бліжэй.

«Зараз!» - мільганула ў галовах у хлопцаў.

- А ў які бок ён пайшоў? - зноў пачулася пытанне.

- У той, - неахвотна кіўнуў галавой палоннік і паказаў наперад.

Бандыты глянулі ў той бок.

Зараз жа грымнуў стрэл, і чорны дзядзька храснуўся на зямлю, ухапіўшыся рукамі за жывот. Стрэльба яго пакацілася па зямлі. Другі бандыт азірнуўся, і ў яго не толькі вочы, але і рот раскрыўся на ўсю шырыню ад здзіўлення і жаху. Перад ім ужо стаяў палоннік з нацэленым рэвальверам у руках, а з-за яго спіны выбягалі яшчэ двое хлопцаў, таксама з рэвальверамі.

- Рукі ўгору! - грозна загадаў Мірон.

- Рукі ўгору, калі хочаш жыць! - звонкім голасам крыкнуў Віктар.

Трэцяму бандыту нічога не заставалася, як здацца.

На зямлі хрыпеў і курчыўся ў перадсмяротных сутаргах ранены бандыт.

Learn languages from TV shows, movies, news, articles and more! Try LingQ for FREE

XXII б XXII b

Нарэшце з-за бабровага ручая пачуліся галасы, потым з’явіліся абодва бандыты.