IX б
Хутка згатавалі сабе абед і не марудзячы ўзяліся за змяіную скуру. Але зараз жа і апусцілі рукі... Ну як было парэзаць яе, ды яшчэ на тонкія пасачкі, без нажа?
Віктар ледзь не заплакаў.
- Гэта ж вечная пакута! - скардзіўся ён. - Усё ідзе добра, з кожнага становішча можна знайсці выхад, усё можна абярнуць на сваю карысць, і на кожным кроку адна перашкода - нож! Які дурань трымае нож у торбе? Каб я ведаў гэта, дык сам палажыў бы сабе ў кішэню. Праз цябе ўся пакута!
- Чаго заскуголіў? - агрызнуўся Мірон. - Я сам заўсёды трымаю нож у кішэні. Але ж ці не звычайная справа, адрэзаўшы хлеб, палажыць разам з ім і нож? І я, каб ведаў, што праз цябе перакулімся, дык таксама ўзяў бы нож у кішэню. Ды і позна ўжо пра гэта казаць - нічога не паможа. Лепш набяромся цярплівасці ды пачнём калупаць чым можна. Часу хапае.
І пачалі «калупаць». І спражкай, і трэскай, і касцямі рыб, і вострым гузікам. А Віктар дадумаўся яшчэ распаліць сваю спражку на агні ды ёю смаліць. Усё разам, - а больш за ўсё цярплівасць, - пачало даваць вынікі. А першыя вынікі надалі бадзёрасці, упэўненасці і яшчэ раз цярплівасці. Спачатку яны разрэзалі змяіную скуру ўздоўж напалам, а тады ўжо кожны працаваў над сваёй паловай. Шэсць гадзін карпелі яны над гэтай працай і, нарэшце, зрабілі тое, што было ім патрэбна.
- Гэта ж самыя дасканалыя сілы ў свеце! - цешыўся Віктар са свае працы.
Зараз жа і панеслі іх на месца. Цікава было папільнаваць, як пойдзе справа, але раздумаліся, што не варта пакутаваць усю ноч.
- Дапамагчы справе мы нічым не можам, - казаў Віктар, - а спудзіць можам. Толькі каб устаць заўтра як мага раней.
Параскладалі сілы сярод палянкі, замацавалі канцы, вярнуліся назад і паляглі спаць.
Віктар прачнуўся апоўначы і чакаў раніцы каля вогнішча. Ледзь зашарэлася на ўсходзе, ён разбудзіў Мірона, яны ціхенька накіраваліся ў лес.
Яшчэ здалёк пачуліся ў тым баку гоман, плясканне, балбатанне, нібы там сабраўся нейкі натоўп. Потым выразней пачуліся гукі - чуфф-фы, чушш! Чуфф-фы, чушш!
Хлопцы паўзлі наперад не дыхаючы, сэрцы іх калаціліся.
Падпаўзлі. Зірнулі. На палянцы білася некалькі пар цецерукоў ды так, што толькі пер'е ляцела ва ўсе бакі. Асабліва вызначаўся стары такавік, чорны з белымі палосамі на крылах. Навакол, па галінах, сядзелі рабыя цяцёркі і глядзелі на гэтае спаборніцтва, якое адбывалася выключна дзеля іх.
Яны крыкамі падбадзёрвалі байцоў, а тыя стараліся з усіх сіл, каб паказаць сябе перад красунямі.
Усё гэта хлопцы заўважылі адным зіркам, а калі прыгледзеліся пільней, то ўбачылі, што ў двух цецерукоў ужо заблыталіся ногі і яны бездапаможна бараніліся ад сваіх ворагаў. Вось зачапіўся і стары такавік, трывожна закрычаў, забіў крыламі і вырваўся.
- Бяжым! Каб і тыя не вырваліся! - шапнуў Віктар.
Лопат крылаў аглушыў хлопцаў. Спалоханыя птушкі мігам зніклі. А ў руках таварышаў засталіся два добрыя цецерукі, кіло па два вагою.