Паўстанне Тадэвуша Касцюшкі
Чалавек, які стаў правадыром паўстання нашых прадзедаў супраць расейскага панавання, добра вядомы ва ўсім свеце. Ён лічыцца нацыянальным героем не толькі Беларусі і Польшчы, але і Злучаных Штатаў Амерыкі. Гэтаму чалавеку стаяць помнікі ў польскіх гарадах Кракаве і Лодзі, у швейцарскім горадзе Салюры, а таксама ў Вашынгтоне, Чыкага, Кліўлендзе ды іншых гарадах Амерыкі. Ягоным імем названыя самая высокая гара Аўстраліі, горад у адным з амерыканскіх штатаў і астравы на Алясцы. У Беларусі імя паўстанцкага камандзіра маюць вуліцы ў Берасці, Горадні і Косаве. Ягоная памяць ушанаваная некалькімі мемарыяльнымі знакамі. А вось помніка нашаму герою ў Беларусі дагэтуль няма. Напэўна, таму, што гэтага не хочуць ворагі нашай незалежнасці. У іх Касцюшка выклікае страх і праз дзвесце гадоў пасля паўстання.
Правадыр змагароў
Тадэвуш Касцюшка належаў да старажытнага беларускага роду. Ягонае дзяцінства прайшло ў бацькоўскім маёнтку Мерачоўшчына паблізу ад мястэчка Косава (цяпер Івацэвіцкі раён Берасцейскай вобласці). Сям'я Касцюшкаў жыла ў сціплым драўляным доме пад саламянай страхой. Шмат вандруючы па свеце, Тадэвуш потым часта ўспамінаў прыгожыя беларускія краявіды вакол ракі Шчары, у якой у дзіцячыя гады любіў купацца і вудзіць рыбу.
Спачатку хлопчык засвойваў навуку ў недалёкай ад роднага дома навучальні манахаў-піяраў. Тут ён вывучаў гісторыю і лацінскую мову, матэматыку і фізіку, красамоўства і культуру паводзінаў.
Пасля вучэльні Касцюшка паступіў у Варшаўскі кадэцкі корпус. Такія корпусы рыхтавалі афіцэраў для войскаў Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага. У тыя гады сябры празвалі Тадэвуша “Шведам з-пад Берасьця”.
Такую незвычайную мянушку ён атрымаў за тое, што хацеў быць падобным да выдатнага палкаводца — шведскага караля Карла XII. Беручы з яго прыклад, Касцюшка штодня падымаўся а чацвертай гадзіне раніцы. Каб не заснуць, ён апускаў ногі ў пастаўленую пры ложку балею з ледзяной вадой. Так ён загартоўваў сваю волю.
Вайсковую навуку Тадэвуш працягваў у Парыжы. Грошай ён меў мала, і часта сняданак і вячэра ў яго былі аднолькавыя — булка і шклянка кавы. І ў кадэцкім корпусе, і ў Парыжы Касцюшка займаўся яшчэ і маляваннем. З яго мог бы атрымацца добры мастак, але лёс склаўся іначай.
У Амерыцы
Сталася так, што, прыехаўшы з Парыжа, Тадэвуш пражыў на радзіме вельмі мала. Якраз у тыя гады Паўночная Амерыка ваявала з Англіяй за сваю незалежнасць. Касцюшка сеў на карабель і выправіўся за акіян. У Амерыцы ён стаў у шэрагі змагароў за свабоду і дзевяць гадоў ваяваў на іх баку. Ён удзельнічаў ва ўсіх буйных бітвах з англічанамі, атрымаў чын генерала і стаў ганаровым грамадзянінам Злучаных Штатаў Амерыкі.
У тым часе Тадэвуш Касцюшка найбольш праславіўся як таленавіты ваенны інжынер. Пад ягоным кіраўніцтвам былі пабудаваныя некалькі моцных фартэцаў. Яны дапамаглі амерыканцам атрымаць важныя перамогі.
Самая магутная з гэтых фартэцаў была ўзведзеная ў Вест-Пойнце. Яна стаяла на рацэ Гудзон. Каб англічане не здолелі падысці да Вест-Пойнта па вадзе, Касцюшка “замкнуў” раку велізарным жалезным ланцугом даўжынёю на паўкіламетра.
Наш знакаміты суайчыннік сябраваў з Томасам Джэферсанам, які склаў Дэкларацыю незалежнасці Злучаных Штатаў Амерыкі. За выдатныя заслугі ў змаганні за свабоду Касцюшку ўзнагародзілі ордэнам Цынцыната. Гэтую высокую ўзнагароду нашаму земляку ўручыў сам Джордж Вашынгтон, першы амерыканскі прэзідэнт. Ордэн Цынцыната атрымалі ўсяго тры іншаземцы.
Амаль усю заробленую ім у Амерыцы маёмасць Касцюшка перадаў свайму сябру Джэферсану. Ён папрасіў, каб той пусціў грошы на выкуп чарнаскурых рабоў.
Калі Касцюшка вярнуўся дадому, у Беларусі адбываліся трывожныя падзеі. Расея, Аўстрыя і Прусія ўжо дзялілі Рэч Паспалітую і ўводзілі на захопленых землях свае парадкі. Беларусы, палякі, летувісы — усе, хто любіў Бацькаўшчыну, не маглі змірыцца з гэтым здзекам.
Пачатак паўстання
Збройнае змаганне за свабоду пачалося ў сакавіку 1794 года ў старажытнай сталіцы Польскага Каралеўства — Кракаве. Касцюшку абвясцілі начальнікам паўстання. Змагары хацелі выгнаць захопнікаў са сваёй зямлі і аднавіць незалежную Рэч Паспалітую ў яе ранейшых межах.
Неўзабаве ўзялася за зброю і Беларусь. У адну з красавіцкіх начэй паўстанцы вызвалілі ад расейскіх войскаў сталіцу Вялікага Княства Літоўскага Вільню.
Разам з іншымі змагарамі біліся з царскімі войскамі ўзброеныя косамі беларускія сяляне. Іх называлі касінерамі.
Паўстанцы спявалі «Песню беларускіх жаўнераў»:
Помнім добра, што рабілі,
Як нас дзёрлі, як нас білі.
Докуль будзем так маўчаці?
Годзе нам сядзець у хаце!
Нашто землю нам забралі?
Пашто ў путы закавалі?
Дочкі, жонкі нам гвалцілі.
Трэ, каб мы ім заплацілі!
Коней нам пазаязджалі,
Што хацелі, то і бралі.
Пойдзем жыва да Касцюшкі,
Рубаць будзем маскалюшкі!
Маскалюшкамі або маскалямі называлі звычайна расейскіх салдатаў-карнікаў.
Да паўстанцаў перайшла ўлада ў Горадні, Берасці, Наваградку, Слоніме, Пінску, Ваўкавыску, Браславе, Лідзе, Ашмяне ды іншых беларускіх гарадах і мястэчках. У сярэдзіне траўня былі вызваленыя ўжо амаль усе землі Вялікага Княства.
Якуб Ясінскі
У Беларусі паўстаннем кіраваў палкоўнік Якуб Ясінскі, якому тады было трыццаць тры гады. Ён хацеў вызваліць сялянаў ад прыгону, пісаў па-беларуску адозвы, дзе заклікаў змагацца за свабоду, роўнасць і братэрства. Ясінскаму верылі простыя людзі. Пад час бою з царскімі войскамі каля вёскі Паляны да яго далучыліся семсот сялянаў-касінераў.
Пад камандаваннем Якуба Ясінскага ў Беларусі дзейнічалі некалькі дзесяткаў
паўстанцкіх аддзелаў. На чале аднаго з іх стаяў наш зямляк кампазітар Міхал Клеафас Агінскі. Кожны беларус ведае ягоны славуты паланез. Сярод твораў Агінскага ёсць і «Марш паўстанцаў 1794 года».
Сам Ясінскі ўзначальваў аддзел з чатырох тысяч ваяроў. Ён атрымаў над расейскімі карнікамі некалькі важных перамогаў. Касцюшка прысвоіў паўстанцкаму камандзіру чын генерала.
Царскія карнікі
Расейская царыца Кацярына II паслала супроць паўстанцаў вялікае, добра вымуштраванае войска. Яго вёў генерал Аляксандр Сувораў.
Вы, напэўна ж, шмат чулі пра гэтага чалавека. Ён сапраўды быў здольны палкаводзец. Але ўсё сваё жыццё Сувораў аддана служыў расейскім царам. Ён не ўдзельнічаў ні ў воднай справядлівай вайне — толькі ў захопніцкіх.
Сувораў заліў беларускую зямлю крывёю. Ён загадваў расстрэльваць палонных паўстанцаў, паліць вёскі, якія ім дапамагалі. Таму для Беларусі Сувораў — карнік і камандзір захопнікаў. За здзейсненыя тут ягонымі салдатамі крывавыя подзвігі ён атрымаў ад царыцы 13 з лішнім тысяч беларускіх сялянаў.
Паўстанцы не маглі доўга змагацца з расейскай арміяй, якая была выдатна ўзброеная і загартаваная ў захопніцкіх паходах. Апрача таго, царскім генералам удалося падмануць беларускіх сялянаў, паабяцаўшы ім адабраную ў “паноў-бунтаўнікоў” зямлю.
Улада паплечнікаў Якуба Ясінскага пратрымалася ў Вільні ўсяго толькі тры месяцы. Беларускія паўстанцкія аддзелы пачалі адыходзіць у Польшчу. Быў разбіты і аддзел Міхала Клеафаса Агінскага.
Перад тым як надоўга пакінуць родныя мясціны, Агінскі напісаў у сваім маёнтку Залессе пад Смаргонню свой знакаміты паланез. Гэты музычны твор так і называецца — «Развітанне з Бацькаўшчынай».
Апошні бой Касцюшкі
У кастрычніку паўстанцкі камандзір прыняў свой апошні бой. Гэта здарылася ў Польшчы пад Мацяёвіцамі. Там калона паўстанцаў, якую Касцюшка вёў на Варшаву, сустрэлася з царскім войскам.
Бітва доўжылася цэлы дзень. Гарматны агонь ворагаў рассеяў паўстанцкую кавалерыю. Мужныя, але дрэнна абазнаныя ў вайсковай справе касінеры палеглі ад куляў і штыкоў царскай пяхоты.
Касцюшка ў роспачы ездзіў на кані сярод параненых і забітых. Ён таксама хацеў загінуць са сваімі паплечнікамі па барацьбе. Нейкі салдат стрэліў па ім, але трапіў у каня. Тадэвуш Касцюшка вылецеў з сядла на дол, і да яго кінуліся царскія казакі. Каб не трапіць у рукі ворагам, ён хацеў застрэліцца, аднак пісталет даў асечку. Расейскі афіцэр выцяў бяззбройнага паўстанца шабляю па галаве.
Непрытомнага паўстанцкага камандзіра захапілі ў палон, адвезлі ў Пецярбург і пасадзілі ў самую страшную расейскую турму, што знаходзілася ў Петрапаўлаўскай фартэцы. Праз год у Пецярбурзе з'явіўся яшчэ адзін важны вязень — былы кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў. Ягонай дзяржавы ўжо не існавала.
Пасля паланення Касцюшкі камандаваць узброенымі сіламі паўстанцаў быў прызначаны таксама наш зямляк Тамаш Ваўжэцкі.
Аднак сілы змагароў слабелі. Расейскія войскі штурмам авалодалі Пражскім прадмесцем Варшавы. Загадам Суворава ягоныя салдаты вынішчылі ўсіх мясцовых жыхароў, не шкадуючы ні жанчын, ні старых, ні дзяцей.
За ўзяцце Варшавы, якую разам з палякамі абаранялі і беларускія паўстанцы, адданы царскі служака Сувораў атрымаў званне фельдмаршала.
Тадэвуш Касцюшка пасля вызвалення з царскай турмы да скону дзён жыў на чужыне.
Нават у старасці ён амаль кожны дзень выпраўляўся на конную прагулянку. Конік у былога паўстанцкага камандзіра быў рахманы і кемлівы. Калі па дарозе сустракаўся жабрак, конь сам спыняўся, бо ведаў, што ягоны гаспадар абавязкова дасць гэтаму няшчаснаму чалавеку грошай.
* * *
Пасля паўстання дзесяткі тысяч беларусаў мусілі пакінуць заняволеную чужынцамі Бацькаўшчыну.
Шукаючы прыстанку ў іншых краінах, яны думалі пра тое, як вярнуць роднай зямлі незалежнасць.
Шмат хто з іх запісваўся ў войска да маладога французскага генерала Напалеона.
Напалеон неўзабаве стаў імператарам Францыі. Ён рыхтаваўся да вайны з Расеяй.
Беларусы, якія апынуліся ў ягонай арміі, марылі пра тое, што Напалеон дапаможа вярнуць іх радзіме — Вялікаму Княству Літоўскаму — незалежнасць.
Але пра гэта пойдзе гаворка ўжо ў наступным апавяданні.
Пытанні і заданні
1. Раскажы пра дзіцячыя гады будучага правадыра паўстання.
2. Чаму сябры называлі Тадэвуша Касцюшку “Шведам з-пад Берасьця”?
3. За што Касцюшка атрымаў званне ганаровага грамадзяніна Злучаных Штатаў Амерыкі?
4. Раскажы пра пачатак паўстання нашых продкаў супроць расейскага панавання.
5. За што змагаліся паўстанцы 1794 года? Пра што яны спявалі ў «Песні беларускіх жаўнераў»?
6. Хто кіраваў змагарамі ў Беларусі? Раскажы, што табе вядома пра Якуба Ясінскага.
7. Што ты даведаўся пра Міхала Клеафаса Агінскага?
8. Ці ваявалі паўстанцкія аддзелы каля твайго роднага горада або вёскі? Калі ваявалі, то хто імі камандаваў?
9. Каго называлі касінерамі?
10. Раскажы пра апошні бой Касцюшкі. Як ён трапіў у палон?
11. Хто душыў паўстанне Тадэвуша Касцюшкі?
12. Ці ёсць у тваім горадзе або пасёлку вуліца імя Суворава? Калі ёсць, дык ці згодны ты з гэтым?
13. Чаму беларусы не павінны шанаваць Суворава?
14. Як у Беларусі і ва ўсім свеце ўшанаваная памяць Тадэвуша Касцюшкі?