Беларуская Народная Рэспубліка
Першы Усебеларускi з'езд
У 1917 годзе ў Расеi была скiнутая царская ўлада. Вызвалiўшыся з “турмы народаў”, беларусы атрымалi магчымасць стварыць сваю дзяржаву. Каб вызначыць, як далей будзе жыць нашая Бацькаўшчына, у снежнi таго ж года ў Менску сабраўся Усебеларускi з'езд.
На з'езд прыехалi 1872 дэлегаты з усёй Беларусi — ад Смаленшчыны да Беласточчыны. Тады ў свеце iшла вайна. Таму на з'ездзе прысутнiчалi і пасланцы тых беларусаў, якiя служылi ў войску, на флоце, а таксама тых, хто пакiнуў родную зямлю, ратуючыся ад ліхалецця. Такога вялiкага сходу тады не змог сабраць нiводны прыгнечаны народ былой Расейскай iмперыi.
На з'ездзе прагучаў заклiк: “Няхай жыве Беларуская Народная Рэспублiка!”. Дэлегаты з абурэннем гаварылi, што расейскiя камунiсты-бальшавiкi вядуць з немцамi ў Берасцi перамовы пра мiр i згодныя аддаць iм Беларусь. Бальшавікоў таксама запрасiлi на з'езд. Яны не з'явiлiся, але пiльна сачылi за тым, што там адбываецца.
Убачыўшы, што ўсё больш дэпутатаў хочуць, каб Беларусь была незалежная, камунiсты пастанавiлi разагнаць Усебеларускi з'езд. У залу ўварвалiся бальшавiцкiя салдаты. Яны арыштавалi частку дэлегатаў i не дазволiлi з'езду працаваць.
Але планы камунiстаў былi сарваныя. Прытулак з'езду далi менскiя чыгуначнiкi. Пад iх аховаю з'езд абраў кiраўнiцтва — Выканаўчы Камiтэт. На чале яго стаў адзiн з кiраўнiкоў Грамады Язэп Варонка.
Хутка пачаўся наступ нямецкiх войскаў, i камунiсты ўцяклi з Менска. Выканаўчы Камiтэт выйшаў з падполля. Ён абвясцiў, што бярэ ўладу ў свае рукi.
Устаўныя Граматы
Выканаўчы Камiтэт пачаў выдаваць Устаўныя Граматы. Яны паведамлялi жыхарам Беларусi, як будзе будавацца жыццё ў нашай дзяржаве. Быў створаны наш першы ўрад — Народны Сакратарыят.
Аднак неўзабаве Менск занялi немцы. Яны забралi ў Народнага Сакратарыята грашовую касу i скiнулi з ягонага будынку наш бел-чырвона-белы сцяг. Нямецкiя акупанты папярэдзiлi, што не дазволяць беларусам ствараць сваю дзяржаву.
Нягледзячы на гэта, наш урад працягваў працаваць. У новай Устаўнай Грамаце Беларусь была абвешчаная Народнай Рэспублiкай. Абвяшчалася свабода слова, друку, забастовак. Людзі ўсіх нацыянальнасцяў, што жылі ў Беларусi, атрымлiвалi роўныя правы. Зямлю перадавалi тым, хто на ёй працуе. Рабочы дзень у краiне не павiнен быў перавышаць 8 гадзiнаў.
Абвяшчэнне незалежнасцi
Прыхільнікаў беларускай незалежнасці з кожным днём станавілася ўсё болей. Браты Луцкевiчы, Вацлаў Ластоўскi, iншыя нашы палiтыкi бачылi, што спадзявацца на Расею нельга. Не запытаўшыся ў беларусаў, Расея i Нямеччына падпiсалi ў Берасцi мiр i дзялiлi нашу зямлю памiж сабой.
Увечары 24 сакавiка 1918 года пачалося пасяджэнне Рады Беларускай Народнай Рэспублiкi (БНР). Праца доўжылася ўсю ноч i завяршылася ўраннi прыняццем Трэцяй Устаўнай Граматы Рады БНР.
Беларуская Народная Рэспублiка была абвешчаная незалежнай i вольнай дзяржавай. Таму траціла сiлу падпiсаная расейцамi i немцамi ганебная для нас Берасцейская дамова.
Нашая дзяржава павiнна была аб'яднаць усе землi, дзе большасць жыхароў — беларусы: Магiлеўшчыну, Меншчыну, Вiленшчыну, Гарадзеншчыну, Вiцебшчыну, беларускiя часткi Смаленскай,Чарнiгаўскай ды iншых сумежных губерняў.
Беларуская Народная Рэспублiка зацвярджала ўсе дадзеныя раней грамадзянам Беларусi правы i вольнасцi.
Перад нашай Бацькаўшчынай адкрываўся шлях да самастойнага жыцця і ўмацавання сваёй дзяржаўнасці.
Трэцяя Устаўная Грамата, якая абвяшчала Беларусь незалежнай, была прынятая 25 сакавiка 1918 года. Гэты дзень — наша найвялiкшае дзяржаўнае свята. Калi б не Беларуская Народная Рэспублiка, не iснавала б i нашай цяперашняй дзяржавы — Рэспублiкi Беларусь.
Першыя крокi нашай дзяржавы
Усе беларускiя землi былi абвешчаныя адзiнай дэмакратычнай дзяржавай. Першы ўрад незалежнай Беларусi пачаў працаваць з новымi сiламi. У гэты ўрад, якi называўся Народным Сакратарыятам БНР, уваходзiлi самаадданыя людзi: Iван Серада, Васiль Захарка, Аркадзь Смолiч, Пётра Крэчэўскi, Кастусь Езавiтаў.… Вышэй за ўсё яны ставiлi iнтарэсы Беларусi i яе народа. Старшынёй ураду быў Язэп Варонка.
Народны Сакратарыят зацвердзiў дзяржаўную пячатку з нашым старажытным гербам «Пагоняй». Iшла падрыхтоўка да адкрыцця ў Менску Беларускага унiверсiтэта. Адчыніліся курсы беларусазнаўства для беларусаў i людзей iншых нацыянальнасцяў. Наладжваліся сувязi з суседнiмi краiнамi.
Незалежную Беларускую Народную Рэспублiку прызналi Арменiя, Аўстрыя, Грузiя, Латвiя, Польшча, Турцыя, Украiна, Фiнляндыя, Чэхаславакiя, Эстонiя. Ужо нiхто не мог казаць, што Беларусi i беларускага народа не iснуе.
Расейскiя камунiсты былi супроць існавання беларускай дзяржавы. Яны хацелi, каб Беларусь заставалася часткаю Расеi. Але воля нашага народа да самастойнасцi мацнела. Тады бальшавікі далі беларускiм камунiстам дазвол на стварэнне залежнай ад Масквы Беларускай Савецкай Сацыялiстычнай Рэспублiкi (БССР).
Слуцкае паўстанне
Увосень 1920 года Расея і Польшча, якія тады ваявалі між сабой, падпiсалі дамову пра замірэнне. Расейцы прапанавалi палякам забраць сабе Заходнюю Беларусь. Хоць яна была часткаю БССР, кiраўнiкоў Савецкай Беларусi на перамовы з польскай дэлегацыяй нават не пусцiлi. Гэта паказвала, якой у сапраўднасцi была “незалежнасць” створанай камунiстамi БССР.
Але наш народ не хацеў мірыцца з тым, што родную зямлю дзеляць драпежныя суседзi. Беларусы са зброяй у руках баранiлi сваю незалежнасць. Прыклад змагання паказалi iншым жыхары горада Слуцка i ягоных ваколiцаў.
Напачатку сабраўся з'езд Случчыны. Ён праходзiў у вялiкай зале дома Эдварда
Вайнiловiча, багатага беларускага шляхцiча, якi за свае грошы пабудаваў Чырвоны касцёл у Менску. Зала з'езда была ўпрыгожаная нашымi нацыянальнымi бел-чырвона-белымi сцягамi.
Дэлегаты з'езда прагаласавалi за падтрымку Беларускай Народнай Рэспублiкi. Уладу расейскiх камунiстаў яны называлi чужынскай. З'езд пастанавiў узняць паўстанне за незалежную Беларусь. Улада ў горадзе i слуцкiх вёсках перайшла да Рады Случчыны. Ёю кiравалi смелыя змагары Уладзiмiр Пракулевiч i Павел Жаўрыд.
Рада за тры днi стварыла Слуцкую брыгаду стральцоў Беларускай Народнай Рэспублiкi. У брыгадзе было два палкi: Слуцкi i Грозаўскi, у якi ўваходзiлi жыхары мястэчка Грозаў i навакольных вёсак. 10 тысяч случакоў былi гатовыя баранiць беларускую свабоду i незалежнасць ад расейскiх бальшавiкоў.
Паўстанцы пачалi баявыя дзеяннi 27 лiстапада 1920 года. Камандаваў Слуцкай брыгадай капiтан Антон Сокал-Кутылоўскi. Паўстанцкiя аддзелы занялi мястэчкi Семежаў i Вызна i працягвалi наступаць на бальшавiцкія войскі. Слуцкiя сяляне ўсім, чым маглі, дапамагалi змагарам. За гераiзм у баях Слуцкi полк атрымаў ад Рады сцяг залацiстага колеру з дзяржаўным гербам «Пагоня».
Бальшавiкi кiнулi супроць паўстанцаў свежыя добра ўзброеныя палкі, якія ў некалькi разоў пераважалі беларусаў сваёй колькасцю. Паўстанцы мусiлi з баямi адыходзiць на захад. Яны перайшлi раку Лань, за якой стаялi польскiя войскi.
Палякi, як i расейцы, былi супраць незалежнай Беларускай Народнай Рэспублiкi. Яны раззброiлi абаронцаў БНР і некалькi месяцаў трымалi iх пад аховаю ў лагеры. Але адзiн батальён змагароў разам са сваiмi афiцэрамi застаўся на Случчыне. Гэтыя 400 паўстанцаў яшчэ доўгi час не давалi спакою бальшавiкам.
Слуцкае паўстанне паказала ўсяму свету, што беларусы хочуць жыць у сваёй
незалежнай дзяржаве. Таму дзень 27 лiстапада, калi пачалося паўстанне, — гэта наша вялiкае нацыянальнае свята. Яго называюць Днём Герояў i штогод адзначаюць у Беларусi ды iншых краiнах.
Слуцкiя паўстанцы iшлi ў бой з воклiчам “Жыве Беларусь!” Сёння гэтыя словы дарагiя i блiзкiя кожнаму з нас. На святочных вечарынах, на мiтынгах i дэманстрацыях прыхiльнiкаў незалежнасцi нашай дзяржавы зноў i зноў гучыць: “Жыве Беларусь!”
Беларусь абавязкова стане такой, пра якую марылi слуцкiя паўстанцы, — багатай i вольнай еўрапейскай краiнай.
Пытаннi i заданнi
1. Што ты ведаеш пра Першы Усебеларускi з'езд?
2. Чаму расейскiя бальшавiкi разагналi наш з'езд?
3. Пра што гаварылася ва Устаўных Граматах?
4. Калi была абвешчаная незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублiкi?
5. Чаму дзень 25 сакавiка мы лiчым нашым галоўным нацыянальным святам?
6. Раскажы пра першыя крокi незалежнай Беларускай Народнай Рэспублiкi.
7. Як баранiлi нашу незалежнасць слуцкiя паўстанцы?
8. Якi дзень мы называем Днём Герояў?
9. Што ты, твае сябры i бацькi робiце, каб Беларусь была незалежнай еўрапейскай краiнай?