Карціна чацвёртая 2
Кабінет Дабрыяна. Стук у дзверы.
Дабрыян. Уваходзьце!
Уваходзяць Мякішава і Сідаровіч.
Мякішава. Мы ад прафсаюзнай арганізацыі. Маё прозвішча — Мякішава. Ніна Уладзіміраўна. А гэта — наш актывіст, ударнік камуністычнай працы Мікалай Рыгоравіч Сідаровіч.
Дабрыян. Вельмі прыемна. Сядайце, калі ласка.
Мякішава (становіцца ў позу). Дарагі Барыс Пятровіч! Дазвольце горача, ад усяе душы павіншаваць вас, вялікага вучонага, слаўнага сына нашага народа, з адкрыццём закону неўміручасці, якім вы ашчаслівілі чалавецтва. Ад шчырага сэрца жадаем вам добрага здароўя і доўгіх, доўгіх… Прабачце, гэта па прывычцы… Жадаем вам вечнага, шчаслівага, бясхмарнага жыцця і яшчэ большых… Ды якіх яшчэ большых… Адным словам, нізкі, нізкі вам паклон за ваш неўміручы навуковы подзвіг і дазвольце вас пацалаваць. (Цалуе Барыса Пятровіча.)
Сідаровіч паціскае яму руку.
Дабрыян. Вялікае вам дзякуй, Ніна Уладзіміраўна. Вы мяне проста расчулілі. Сядайце, калі ласка.
Усе садзяцца.
Мякішава. Вялікую вы справу зрабілі, Барыс Пятровіч, ды вось бяда — не ўкладваемся мы ў ліміты.
Дабрыян. На жаль, не толькі ў вас такое становішча.
Мякішава. Цудоўныя ж людзі, ударнікі камуністычнай працы, а мы вымушаны ім адмаўляць, дзяліць на вартых і нявартых. А яны ўсе вартыя.
Дабрыян. Дык што ж рабіць?
Мякішава. Вось мы і прыйшлі параіцца з вамі — што рабіць?
Дабрыян. А я таксама не ведаю.
Мякішава. Ці нельга павялічыць ліміт на неўміручых?
Дабрыян. Лімітамі я не распараджаюся, Ніна Уладзіміраўна. Вы гэта самі ведаеце. Я даю толькі рэкамендацыі.
Мякішава. Вось мы і просім рэкамендацыі. Без іх не даюць.
Дабрыян. А вы ведаеце, што такое дэмаграфічны ўзрыў?
Мякішава. Гэта калі людзей расплоджваецца больш, чым трэба.
Дабрыян. Дык вось, калі пусціць на самацёк, дык іх пры неўміручасці за сто гадоў расплодзіцца ў нашай рэспубліцы два мільярды дзвесце восемдзесят сем мільёнаў. Я вас не пераканаў?
Мякішава. Вы мяне даканалі. Каб вы бачылі, што ў калектывах робіцца. Вось няхай Мікалай Рыгоравіч скажа.
Сідаровіч.
Падзяліла неўміручасць людзей, Барыс Пятровіч. Нас, так званых неўміручых, жменька, а іх жа вунь колькі. Ды і крыўда ім вялікая. Каторы больш свядомы, віду не паказвае, а ўсё роўна няма ранейшай цеплыні. А другі і шпільку падпусціць. Ёсць такія, што і не хаваюць свае крыўды. Дае яму майстар дэталь апрацаваць, а ён: «Такая складаная! Гэта не для смертных. Вунь неўміручаму дай». I так няёмка сябе адчуваеш, нібы вінават перад ім.
Дабрыян. Ну, а калі вас, бывае, прэміруюць, а яго не, дык вы таксама вінаватым сябе адчуваеце?
Сідаровіч.
Прэмія — справа іншая. Сёння мяне прэміравалі, другі раз другога. А тут жа навечна. Ну і ў сям'і таксама… Жонка нібы чужымі вачамі глядзіць на мяне. I мяне розныя думкі трывожаць. Пра вечнае думаю. Памрэ жонка, дзеці паўміраюць, а я ўсё буду жыць і жыць. Адзін я буду? Мусіць жа, не адзін. Другая будзе. I дзеці… можа, неўміручыя. А гэтыя? Праз якіх гадоў дзвесце я, можа, і зусім забудуся, якія яны былі. Вось і думаю. Начамі не сплю. Ішоў з Нінай Уладзіміраўнай да вас наконт лімітаў, але як пачуў, што лік на мільярды ідзе, дык і язык не паварочваецца. Вось я і думаю: а нашто мне гэта неўміручасць? Жыў я спакойна, працаваў, людзі мяне паважалі, і ніхто крыва на мяне не глядзеў. Буду я лепш зноў такім, як быў. I дзяцей прытулю, як раней, і жонка не будзе глядзець як на марсіяніна. Як вы думаеце, Барыс Пятровіч, маю я права адмовіцца ад неўміручасці?
Дабрыян. Ну вядома. Але адзін выпадак не вырашае праблемы. Вы адмовіцеся, а іншыя ж не адмовяцца. Ёсць такія, што за горла бяруць: давай неўміручасць, душа з цябе вон. Значыць, усё роўна астануцца ўміручыя і неўміручыя. А з імі і праблемы.
Мякішава. I вы нам нічога не можаце параіць?
Дабрыян. На вялікі жаль.
Мякішава і Сідаровіч устаюць, развітваюцца.
Сідаровіч.
Я для сябе праблему вырашыў. Прыйшоў сюды неўміручым, а выходжу простым смертным.
Дабрыян. Я нават не ведаю, радавацца мне разам з вамі ці смуткаваць.
Мякішава і Сідаровіч выходзяць. Дабрыян садзіцца за стол і нешта запісвае.
Скараспей (уваходзіць. Са штучнай фамільярнасцю). Добры дзень у хату!
Дабрыян (устае з-за стала, ідзе насустрач). Добры дзень, Сцяпан Тарасавіч!
Вітаюцца, паціскаюць рукі.
Прашу вас. Сядайце.
Садзяцца.
Чым магу служыць?
Скараспей. Ну, не так афіцыйна. Якая там служба. Ехаў міма — дай, думаю, завярну на агеньчык, павіншую старога друга. Кажуць, ты тут такога натварыў…
Дабрыян. Дзякую, Сцяпан Тарасавіч. Натварыў… клопату людзям. Вы не ўяўляеце, колькі розных праблем узнікае ў сувязі з гэтым.
Скараспей. Ды што гэта ты: «вы, вас, вам». Мы ж, можна сказаць, старыя сябры.
Дабрыян. Відаць, занадта ўжо старыя.
Скараспей. На брудэршафт, праўда, не пілі, але гэта можна і паправіць. Так што давай без цырымоніі. (Ляпае па плячы.) Мы ж з табой нават вучыліся разам. Праўда, на розных факультэтах. Але гэта не перашкаджала нам быць сябрамі.
Дабрыян. Амаль сябрамі.
Скараспей. Чаму ж амаль? Не амаль, а так яно і было.
Дабрыян. Пасля нашы сцежкі разышліся.
Скараспей. Не ў розныя ж бакі.
Дабрыян. Мая, можна сказаць, па гарызанталі, а ваша па вертыкалі — усё вышэй і вышэй. Вы ж ледзь не міністэрскіх вышынь дасягнулі.
Скараспей. Зноў — вы. Бора! Ну як табе не сорамна! Мы ж ужо дамовіліся наконт брудэршафта.
Дабрыян. Прабач. У мяне неяк не выходзіць.
Скараспей. А вышынь пэўных я дасягнуў. Да міністра, праўда, не дапяў.
Дабрыян. Дапнеш. Яшчэ дапнеш. З тваёй хваткай…
Скараспей. Кажуць, дрэнны той салдат, які не марыць быць генералам. А вось ты мяне, прызнацца, здзівіў. Корпаўся, корпаўся са сваімі пацукамі. Я думаў — што там з таго пацука выкалупаеш. I раптам — неўміручасць! Рад за цябе. Маладзец!
Дабрыян невыразна ківае галавой.
А ведаеш, я думаў пра цябе. Не раз успамінаў. Як ён там, думаю. Можа, цяжкасці якія — дапамагчы што трэба. I не пазвоніць, думаю, дзівак. На кватэру б зайшоў, калі не хоча афіцыйна звяртацца. Сам хацеў выбраць час прыехаць да цябе, ды так і не ўдалося сустрэцца.
Дабрыян. А мы сустракаліся.
Скараспей. Дзе?
Дабрыян. На вуліцы. Проста нос у нос.
Скараспей. I размаўлялі?
Дабрыян. Не. Вы мяне не пазналі.
Скараспей. Не можа быць!
Дабрыян. Адвярнуліся ў другі бок. Нешта ў вітрыне вас моцна зацікавіла.
Скараспей. Хоць забі, не помню. I даўно гэта было?
Дабрыян. Даўнавата. Яшчэ да неўміручасці.
Скараспей. Прабач, калі ласка! Не падумай, што я наўмысна. Галава рознымі справамі забіта. Бывае, глядзіш і нічога перад сабой не бачыш. Каб родная жонка сустрэлася, дык не пазнаў бы.
Дабрыян. Я разумею. Такія маштабы… Дзе там кожнага пазнаеш.
Скараспей. Спадзяюся, ты не пакрыўдзіўся на мяне.
Дабрыян. Гэта так… да слова прыйшлося.
Скараспей. Прабач, што я тут твой час марную.
Дабрыян. У вас жа, напэўна, справа ёсць.
Скараспей. Справа невялікая. Хацеў напомніць, што ў цябе ёсць друг, якому некалі таксама прыйдзе час паміраць.
Дабрыян. А куды дзенешся.
Скараспей. Я думаю, заявы падаваць не трэба.
Дабрыян. Заявы? Нашто тая заява? Заявы не трэба.
Скараспей. I так усё ўладзіцца, кажаш?
Дабрыян. Уладзіцца. У агульным парадку.
Скараспей. Ты, аказваецца, жартаўнік.
Дабрыян. Хіба я сказаў што-небудзь смешнае?
Скараспей. У агульным парадку… Значыць, ты прымушаеш мяне станавіцца ў агульную чаргу?
Дабрыян. Божа барані! У мяне і на думцы не было прымушаць. Як сабе хочаце.
Скараспей. Ты што, мілы друг… Прыкідваешся ці сапраўды такі?.. Не хочацца мне ўжываць моцнае слова.
Дабрыян. Такі. Я такі.
Скараспей. Ну і ну! (Не развітваючыся, выходзіць.)
Антаніна Васільеўна (уваходзіць). Барыс Пятровіч, там Карэспандэнт дабіваецца.
Дабрыян. Які яшчэ Карэспандэнт?
Антаніна Васільеўна. Замежны нейкі. Тэлефон абарваў. Цяпер у прыёмную прыпёрся.
Дабрыян. Ніякіх Карэспандэнтаў! Ад сваіх не адбіцца!
Антаніна Васільеўна ідзе да выхаду і ў дзвярах сустракаецца з абвешаным апаратамі карэспандэнтам.
Антаніна Васільеўна (заступае дарогу). Няможна!
Карэспандэнт (прэцца і крычыць). Карэспандэнт!
Карэспандэнт!
Антаніна Васільеўна (стараецца выпхнуць яго за дзверы). Ніякіх карэспандэнтаў!
Карэспандэнт. «Нью-Йорк таймс», «Вашынггон пост», «Асашыэйтэд Прэс»! (Урываецца ў кабінет.)
Антаніна Васільеўна (адпіхвае яго зноў да дзвярэй). Дудкі, містэр-твістэр! Не на тую напаў.
Карэспандэнт (выцягвае рукі). Містэр Дабрыян!
Містэр Дабрыян!
Адна секунда. Два словы. Я — Гары Болдвін.
Дабрыян (да Антаніны Васільеўны). Пусціце. Ён вас затузае.
Болдвін (аддыхваецца). О, як я рад! Дзякуй! Вельмі дзякуй, містэр Дабрыян! Я першы прадстаўляю вас на ўвесь свет. (Нарыхтоўвае кінакамеру.)
Дабрыян (з жэстам). Не трэба.
Болдвін.
Чаму? Я не разумею. Рэклама — гэта ў ваш інтарэс.
Дабрыян. Гэта не ў інтарэсах справы.
Болдвін.
Я не згодзен.
Дабрыян. Не згодны, дык будзьце здаровы. Сустрэча з вамі ў мяне не запланавана, але раз вы ўжо зайшлі…
Болдвін (хапаецца то за адзін апарат, то за другі). Містэр Дабрыян!
Дабрыян. Злажыце вашу апаратуру вунь туды… у куток.
Болдвін.
Іначай…
Дабрыян. Ніякай размовы не будзе.
Болдвін (знімае апараты і складвае ў кучу). Вось… Я раззброены. Ніякі апарат.
Дабрыян. Я ў гэтым не ўпэўнены.
Болдвін.
Што? (Паказвае на гузікі пінжака.) Мікрафон? Фотаапарат? (Смяецца.) Калі ласка. (Знімае пінжак.) Што яшчэ? Раздзявацца далей, да стрыптыз? Міс дазваляе?
Антаніна Васільеўна. Нахабнік. (Выходзіць.)
Дабрыян. Дык што вас цікавіць?
Болдвін.
Сенсацыя веку! Неўміручасць! Вы ліцэнзія ўжо прадаваў?
Дабрыян. Не, не прадаваў.
Болдвін.
Я магу рэкамендаваць пакупнік.
Дабрыян. Дзякую. У гэтым няма патрэбы.
Болдвін.
Вы ведаў, колькі вы каштаваў?
Дабрыян. Тавар не прадажны, цаны не мае.
Болдвін.
Мільёны! Мільёны долар!
Дабрыян. Ды і долар паў у цане.
Болдвін.
Вы не хацеў сур'ёзна гаварыць пра гэта тэма? Дабрыян. Тэму варта перамяніць.
Болдвін.
Добра. Тады для каго вы рабіў неўміручасць?
Дабрыян. Для добрых людзей.
Болдвін.
А хто добрыя людзі?
Дабрыян. Тут, відаць, нашы погляды не супадуць.
Болдвін.
Камуніст — гэта добра, а капіталіст — гэта не добра. Яму неўміручасць не даваць.
Дабрыян. Капіталіст асуджаны на смерць самой гісторыяй, і ніхто яго не ўратуе.
Болдвін.
На палітграмата я маю імунітэт.
Дабрыян. Гэта так… да ведама.
Болдвін.
У вас, я чуў, неўміручасць размяркоўваць на ліміт. На тысячу галоў дзесяць неўміручыя.
Дабрыян. У нас у неўміручыя могуць трапіць толькі лепшыя з лепшых.
Болдвін.
Камуністы?
Дабрыян. Не ўсе. I не толькі камуністы. Гледзячы чаго чалавек варты. А ў вас, відаць, было б іначай?
Болдвін.
О, у нас таксама глядзяць, колькі чалавек варты. Толькі няма ліміт. Вольны бізнес. Фірма купляе ў вас ліцэнзія, укладвае капітал і наладжвае выраб неўміручасці. Ты мне долар, я табе неўміручасць, ты мне долар, я табе неўміручасць.
Дабрыян. Адзін долар? Дык так у вас усе могуць стаць неўміручымі.
Болдвін.
О, вы наіўна думаў. Не адзін долар. Многа долар. Неўміручасць — гэта дорага.
Дабрыян. А у каго няма многа долараў?
Болдвін.
Той будзе паміраць. Няма долар, няма неўміручасць.
Дабрыян. Значыць, несмяротнымі у вас былі б толькі драпежнікі?
Болдвін.
Якраз па Дарвін. Натуральны адбор: дужы выжывай, слабы памірай.
Дабрыян. Вы ганьбіце імя вялікага вучонага.
Болдвін.
А што? Не?
Дабрыян (глядзіць на гадзіннік). Час — гэта грошы. Так, здаецца, у вас гавораць?
Болдвін.
Я разумеў гэты намёк. А скажыце, ваш гэты, што грызе… як яго… рэт…
Дабрыян. Пацук?
Болдвін.
Басук, басук. Я яго хацеў знімаць.
Дабрыян. Ён адпачывае і прасіў не турбаваць.
Болдвін.
А наконт ліцэнзіі гэта ваш канец?
Дабрыян. Канец. I будзьце здаровы.
Болдвін.
Неўміручасць толькі для камуніст?
Дабрыян. Я не маю часу паўтараць сказанае.
Болдвін.
Вы не ёсць вельмі ветлівы. А рэпартаж будзе. Які трэба… (Выходзщь.)
Дабрыян. Які трэба вашым гаспадарам. Гэта мы ведаем.
Антаніна Васільеўна (уваходзщь з поштай у руках. Ківае на дзверы). Адпрэчылі?
Дабрыян. Ледзь адчапіўся. Спрабаваў таргаваць мяне.
Антаніна Васільеўна. I многа даваў?
Дабрыян. Мільёнамі спакушаў.
Антаніна Васільеўна. Прыдурак. (Кладзе пошту на стол.) Вось вам яшчэ дабаўка.
Дабрыян. I калі ж я ўсё гэта прагледжу? (Садзіцца і праглядае пошту.) Да мяне больш нікога няма?