Выйсце крыніц 3-3
Алесь пасунуўся блiжэй да агню. Сказаў:
– Чаго ж тады нiхто не пайшоў на Недабылiху? Гэта ўжо свiнства, не памагчы.
– Анiхто не ведаў, – сказаў Андрэй. – Дарогай ля Недабылiхi ўначы пайсцi, гэта трэба каменнае сэрца мець. I вось зусiм ужо нядаўна Пятрок Кахно затрымаўся ў дзяўчыны i iдзе недабылiцкiм раздарожжам акурат у поўнач. Толькi стаў на скрыжаваннi – як заплача нешта над шлавою. Ды так заплакала – адразу зразумець можна, апошнiя днi лётае душа. I нiзка лётае, аж шолах крылаў чуваць. Пятрок спалохаўся, але перахрысцiўся ды i кажа: "Васiль! Васiль будзе тваё iмя".
Так i сказаў? – з павагаю запытаў Кандрат. – Ну, я цяперака з Петруся нiколi жартаваць не буду.
– Так i сказаў. Як заплача тут душа, ды яшчэ больш жаласна, як паляцiць кудысць. Не ўгадаў Пятрок сказаць iмя. I так яна жаласна крычала, што Пятрок прыпусцiўся дахаты. Прыбег i ўсё дзеду расказаў. Дзед Кахно не спалохаўся, а ўзяў i ноччу пайшоў на раздарожжа, каб якраз у поўнач патрапiць. I апынуўся на скрыжаваннi якраз тады, калi на Раўбiчавай званiцы звон пачаў бiць дванаццаць.
– Што ж гэта ён так спяшаўся? – спытаў Алесь.
– А ён зразумеў, што гэта душа павiнна лётаць апошнюю ноч. Iначай чаго б ёй ледзь не ў твар Петрусю кiдацца i так страшна галасiць… I вось ледзь ён пачуў удары – як застогне, як заскуголiць нешта над iм. Як хворае дзiця. Дзед нават павеў крылаў адчуў на твары. I тады дзед перахрысцiўся ды i кажа: "Нiна. Нiна будзе тваё iмя. А ты памянi жонку‑нябожчыцу, Нiну. Скажы, што i я ўжо хутка…" Тут нехта застагнаў, быццам з палёгкаю. А потым душа ўздыхнула. I паляцела далей, i толькi далёка ўжо стала паўтараць: "Нi‑iна, Нi‑i‑на". Панесла iмя да госпада.
– Трэба будзе старому рыбы налавiць i прынесцi, – грубавата сказаў Павал. – Няхай душою пацешыцца. Ён стары, яму бруха напiхаць абы‑чым нельга.
– Добра зробiш, – сказаў Андрэй. – Толькi ты яму не напамiнай. Не любiць. Скажы, што цябе хутка ў падлеткi стрыгчы будуць i ты грахi павiнен акупляць.
– Якiя гэта ў мяне перад iм грахi? – буркнуў Павал.
Андрэй мякка ўсмiхнуўся:
– А грушу ягоную хто латашыў?
Усе засмяялiся.
Ноч ляжала над вогнiшчам, над спакойным недалёкiм Дняпром. Мяккая цеплыня гэтай ночы зрабiла Андрэя гаваркiм, а хлопцаў маўклiвымi. I гэта было зразумела i добра, як шолах лазы, як песня жаб, што гулi ў пустыя бутэлькi па ўсiм абшары затокi. I таму нiкога не здзiвiла, калi ў свеце нарадзiлася пакуль што яшчэ цiхая песня.
А ўжо човен вады повен, з чаўна вада свiшча.
Ой, там хлопец дзеўку клiча, не голасам – свiшча.
Магутны, мяккi, як гэта ноч, тэнар пачаў з нейкiх асаблiва патаемных, глыбокiх таноў. I, здавалася, нiчога прыгажэйшага за гэтую песню не раджала глухая ноч i цiхая плынь Дняпра. А голас лёгка пералiваўся, плакаў i малiў кагось:
Няма вёслаў, вецер човен ад берага ўносiць.
Выйдзi, ясачка, на бераг, кiнь любаму косу.
Лiлася, лiлася песня, i гэта было падобна на дзiва. I радасна стала ўсiм, калi хлопец выйшаў на бераг i абое пайшлi дахаты, а дзяўчына сказала:
Пi, матуля, тую ваду, што я нанасiла.
Шануй, мацi, таго зяця, што я палюбiла.
Голас замоўк, але ўсiм здавалася, што ўсё яшчэ адказваюць, адгукаюцца яму i паплавы з шолахам дубоў, i Дняпро, што пялёскаўся ля берага. А Андрэй, не даючы iм апамятацца, заспяваў зноў:
Ад усходу да заходу
Вятры павяваюць,
А там голуб галубачку
З слязамi шукае.
А дзе ж тая галубачка,
Што з намi лятала?
Аддаў бы я свае жыцце,
Каб мяне нахала.
I зноў мякка сарваўся, заплакаў голас:
Не я цябе, сэрца, суджу,
Судзяць на нас людзi,
Што з нашага каханейка
Нiчога не будзе.
Песня раптам абарвалася. Алесь убачыў насцярожаныя, утаропленыя ў змрок за вогнiшчам Андрэевы вочы. Хлопец павярнуўся i глянуў туды.
Амаль за яго спiною, кронак у пяцёх ад вогнiшча, узвышаўся чалавек на вараным канi. Менавiта ўзвышаўся, бо конь быў ледзь не ў два разы вышэйшы за гэтых коней, якiх пасвiлi хлопцы. Так, ва ўсякiм разе, здавалася.
Коннiк гэты ўзнiк, як здань, быццам сама цемра спарадзiла яго якраз на тым самым месцы, дзе ён стаяў цяпер. Магчыма, мяккая трава прыглушыла конскую ступу, магчыма, хлопцы, заслухаўшыся, проста не звярнулi ўвагi i палiчылi ступу варанога за тупат сваiх коней…
Конь быў вараны. Пад iльснянай скурай пералiваўся кожны мускул. Цуглi адцягвалi маленькую галаву трохi ўбок, i дзiка бялеў у цемры бялок вока, падобны на аблупленае яйка. А коннiк сядзеў на канi, i дарожны плашч, таксама чорны, падаў з яго плячэй на крыж каня ледзь не па самую рэпiцу хваста. Доўгi чорны плашч. Як абвiслыя вялiзныя крылы.
– Добра спяваеш, хлопчык, – сказаў чалавек, усмiхнуўшыся.
Алесь бадай што перапалохана глядзеў на яго. Больш страшнага твару яму яшчэ нiколi не даводзiлася бачыць. Шырокi i загарэлы ледзь не да гарчычнага адцення, ён увесь быў папаласаваны i зрэзаны страшнымі шнарамi[1], якiя толькi нейкiм дзiвам не закранулi носа i вачэй. Тоўстага гарбатага носа i бязлiтасных блакiтных вачэй пад чорнымi брывамi. Вусы былi таксама чорныя i доўгiя, але нават яны не маглi схаваць ганарыстых, напышлiва падцiснутых вуснаў. А вось чорныя кудлы на галаве нехта густа перавiў сiвым павуцiннем. Павуцiнне ляжала цэлымi жмутамi, чаргуючыся з чорнымi пасмамi, i падала на плечы коннiка, на каўнер карычневага паляўнiчага адзення, калiсьцi багатага, а цяпер пацёртага i там‑сям нават запэцканага.
Вышываныя саквы[2], якiя носяць аўчары, былi перакiнуты спераду цераз збялелую ад часу скуру сядла. З адной саквы, ля самай рукi, што сцiскала павады, тырчала дзяржальна пiсталета, вiдаць, вельмi дарагога, панскага.
– Добра спяваеш, хлопчык, – паўтарыў чалавек.
Алесь устаў. Ужо каму iншаму, а яму не выпадае цяпер хаваць вочы толькi таму, што другi сядзiць на панскiм канi.
– Хто вы? – спытаў ён больш цiха.
Чалавек не адказаў. Проста працягнуў руку i кончыкам нагайкi прыўзняў падбароддзе хлопца.
– У зрэб'i, – сказаў ён. – Але гэта не тое. Памаўчаў i ўладна спытаў:
– Чый?
– Загорскi, – адказаў замест Алеся Андрэй,
– Гм, – усмiхнуўся чалавек, – не вывеўся, значыць, яшчэ звычай. Што ж, Загорскiя, пазней трапiце да д'ябла ў лапы. I, жорстка ўсмiхнуўшыся, дадаў:
– Не думаў, што ў некаторых хрыбцiна ёсць… Хлопцы маўчалi, цесна прыцiснуўшыся адзiн да аднаго. Маўчаў i чалавек.
– Хто скажа, як праехаць на Раўбiчы? – сказаў ён нарэшце. – Разводдзi, дарогу там‑сям залiло. Блытаў паплавамi.
Дзецi вагалiся.
– Ну? – сказаў чалавек.
– I тады Алесь узняў руку.
– Туды, – сказаў ён. – Проста туды, цераз паплавы.
– Бачыце, iскра, – дадаў Андрэй, – дык гэта якраз акно ў Раўбiчавым доме.
– Акно ў Раўбiчавым доме, – пакiваў галавою чалавек. – Важна. Што ж, буду кiравацца туды… А ты спявай, хлопчык. Спяваць добра… Спявай, пакуль даюць.
Ён рушыў каня i пачаў агiнаць вогнiшча, але раптам спынiўся. I на твары яго Алесь пабачыў няўмелую i таму нават вартую жалю ўсмешку.
– Гэй, – няголасна сказаў ён, – гэта вам.
I, дастаўшы з сакваў, кiнуў да ног Алеся… змяю. Змяя варухнулася пару разоў i замерла.
Алесь не адскочыў. Яму ўпершыню вось так падымалi нагайкай галаву. З хвiлiну ён i коннiк глядзелi адзiн аднаму ў вочы. Потым чорны адвярнуўся i шэнкелямi крануў каня з месца.
Праз якую хвiлiну i каня i коннiка паглынула цемра. Быццам iх нiколi i не было. Быццам змрок нарадзiў iх i змрок адразу ж забраў.
Дзецi яшчэ нейкую хвiлiну стаялi аслупянелыя i глядзелi ў цемрыва. Потым Алесь нагнуўся.
– Укусiць, – з жахам сказаў Павёлка. – Не бяры яе.
Алесь адмахнуўся i падняў змяю, трымаючы каля галавы.
Падышоў да вогнiшча. I толькi тут Кандрат здзiўлена цмокнуў языком.
Змяя была вырабам. З тых вырабаў, што майструюць людзi, якiм вельмi доўга i люта няма чаго рабiць. З доўгай цэльнай палкi, рассечаная амаль наскрозь глыбокiмi выразамi – праз кожную чвэрць дзюйма – i ўмацаваная па баках, спiне i жываце жыламi на ўсю даўжыню, яна нават пафарбаваная была. Спiна i бакi стракатыя, жывот жоўты. Сям‑там бакi i разяўленая пачала былi крануты густым кармiнам.
Хлопец варухнуў рукою, i змяя начала выгiнацца, зусiм як жывая.
Падабенства было такое поўнае, што Павал грэблiва сыкнуў.
– Дай, – кiнуў Алесю Андрэй.
Яны зноў паселi вакол вогнiшча i пачалi разглядаць пачвару.
– Нават джала ёсць, – сказаў Кандрат. – I вочы. Во, поскудзь!
_
[1] Шнар – шрам.
[2] Саквы – перамётныя сумы.