Забойства ў Лабернэм-Катэджы 2/3
- Муж зрабіў гэта, сэр.
- Вы так думаеце?
- Упэўнены. Вы толькі зірніце на яго. Па ім не відаць, каб ён бедаваў ці перажываў. Вярнуўся дахаты, ведаючы, што жонка забітая.
- Ён так і не паспрабаваў іграць ролю забітага горам мужа?
- Дзе яму, сэр? Занадта задаволены самім сабой. Некаторыя джэнтльмены не могуць іграць. Як я разумею, яна яму проста абрыдла. У яе былі грошы, і яна была дакучлівая жанчына - вечна займалася нейкімі «ізмамі» і ўсялякім іншым глупствам. Ён спакойна вырашыў прыбраць яе і зажыць, як душа жадае.
- І трэба было выбраць зручны момант.
- Праўда, ён чакаў зручнага моманту. Старанна распрацаваў план. Прыдумаў, каб яму пазванілі па тэлефоне і выклікалі спецыяльна з дому...
Мэлчэт перапыніў яго:
- А званок вы праверылі.
- Не, сэр. І дурню ясна, што або хлусіў, або званілі з тэлефона-аўтамата. У вёсцы толькі два тэлефоны-аўтаматы: на станцыі і на пошце. З пошты ніхто не званіў. Місіс Блад бачыць кожнага, хто ўваходзіць. А вось са станцыі мог быць званок. У дзве гадзіны двацаць сем хвілін прыходзіць цягнік, і ў гэты час тут такая мітусня. Але галоўнае ў тым, што ён запэўнівае нас, быццам яму званіла менавіта міс Марпл. Мы праверылі. З яе дома ніхто не званіў, і сама яна была ў інстытуце.
- Вы не дапускаеце магчымасці, што той, хто забіў місіс Спэнлаў, спецыяльна выклікаў мужа па тэлефоне, каб адвесці такім спосабам ад сябе падазрэнне?
- Вы маеце на ўвазе маладога Тэда Герарда, так, сэр? Я ўжо разбіраўся з ім, але ён тут ні пры чым. Ён нічога не выйграе.
- Хоць ён - фігура цёмная: вялікая растрата даручаных яму грошай.
- А я і не кажу, што ён бязгрэшны. Аднак ён прыйшоў да свайго боса і прызнаўся ў гэтай растраце. І яго работадаўцы не даведаліся пра гэта.
- Сябра «Оксфардскай групы»*, - сказаў Мэлчэт.
* Адна з рэакцыйных рэлігійных груп, што існавала ў 20-я гады. Яе крытэрыі: сумленнасць, чысціня душы, любоў да людзей, бескарыслівасць.
- Так, сэр. Прыняў другую веру і адразу апраўдаў свой учынак - прызнаўся, што ўкраў грошы. Заўважце, я не кажу, што гэта не магло быць хітрасцю, - здагадаўся, што яго падазраюць і вырашыў спекульнуць на шчырым раскаянні.
- У вас скептычны розум, Слэк, - сказаў палкоўнік Мэлчэт. - Між іншым, вы мелі гаворку з міс Марпл?
- Якое яна мае дачыненне да гэтай справы, сэр?
- Ніякага. Але ж яна чуе, што гавораць. Чаму б вам не пайсці і не пагаварыць з ёй? Яна вельмі назіральная жанчына.
Слэк перавёў гаворку на іншае.
- Хачу папытацца ў вас, сэр, вось пра што. Нябожчыца пачынала сваю працоўную кар'еру служанкай у доме сэра Роберта Аберкромбы. Там былі ўкрадзены каштоўныя камяні - смарагды - каштоўныя пацеркі. Іх так і не знайшлі. Я пацікавіўся гэтым, прапажа, відаць, здарылася, калі там працавала місіс Спэнлаў, у той час яна была яшчэ дзяўчына. Ці не думаеце вы, сэр, што яна замяшана ў гэтай справе? Спэнлаў, знаеце, быў адным з тых дробных ювеліраў, якія не грэбавалі скупкай крадзенага.
Мэлчэт паківаў галавой.
- Не думаю, што ў гэтым штосьці ёсць. Яна тады яшчэ не ведала Спэнлаў. Гэту справу я помню. У паліцыі палічылі, што тут замешаны сын гэтай сям'і - Джым Аберкромба - малады марнатраўца. У яго былі вялікія даўгі, і амаль адразу пасля крадзяжу іх пагасіла, казалі, нейкая багатая дама. Праўда, гэтага я не ведаю дакладна - стары Аберкромба не даў ходу гэтым чуткам, у паліцыю таксама не звяртаўся.
- Гэта толькі меркаванне, сэр, - сказаў Слэк.
Міс Марпл сустрэла інспектара Слэка ветліва, асабліва калі пачула, што яго прыслаў палкоўнік Мэлчэт.
- Сапраўды, гэта вельмі прыемна, калі цябе яшчэ помняць.
- Вядома, ён помніць вас. Сказаў мне, калі вы чаго не ведаеце пра тое, што робіцца ў Сент-Мары-Мід, дык і не варта ведаць.
- Вялікае дзякуй яму, але я сапраўды нічога не ведаю. Я маю на ўвазе гэта забойства.
- Як вы зразумелі, гаворка ідзе пра забойства.
- Канечне, інакш не варта было б марнаваць часу.
Слэк лагодна дадаў:
- Бачыце, гэта не афіцыйная размова, а, калі можна так сказаць, канфідэнцыяльная.
- Вы, відаць, хочаце ведаць, што людзі гавораць. І ці ёсць у гэтым хоць доля праўды?
- Менавіта.
- Канечне, многа розных размоў і плётак. Утварыліся як бы два лагеры. Адны лічаць, што гэта зрабіў муж. У такіх выпадках звычайна падазраюць мужа або жонку, праўда?
- Звычайна так, - асцярожна адказаў інспектар.
- Такія блізкія адносіны, ведаеце. Потым, часта яшчэ грашовы аспект. Я чула, што ў місіс Спэнлаў былі грошы, і, выходзіць, містэр Спэнлаў мае нейкую выгоду з яе смерці. У наш час, бывае, апраўдваюцца злосныя злачынствы.
- Ён атрымлівае ў спадчыну кругленькую суму, гэта без сумнення.
- Сапраўды. Здавалася б больш верагодным для яго - задушыць яе, пакінуць дом, выйсці з другога хода, прайсці полем да майго дома, спытаць мяне, прыкінуцца, быццам яму пазванілі па тэлефоне ад мяне, потым вярнуцца і знайсці сваю жонку забітую, спадзеючыся, канечне, што злачынства прыпішуць якому-небудзь злодзею ці валацугу.
Інспектар кіўнуў у знак згоды галавой.
- Калі вы лічыце, што гэта грашовы аспект... і яны былі ў дрэнных адносінах апошні час...
Міс Марпл перапыніла яго:
- Але яны былі ў добрых адносінах.
- Вы ўпэўнены ў гэтым?
- Калі б яны сварыліся, дык пра гэта ўсе б ведалі. Пакаёўка Глэдзіс Брэнт адразу раззваніла б па ўсёй акрузе.
- Яна магла і не ведаць, - слаба запярэчыў інспектар. І ў адказ атрымаў паблажлівую ўсмешку.
- І потым, тут ёсць яшчэ адзін аспект. Тэд Герард. Прыгожы малады чалавек. Ведаеце, я лічу, што прывабны выгляд больш уплывае на людзей, чым нам здаецца. Наш памочнік прыходскі свяшчэннік - ну проста магічнае ўздзеянне. Усе дзяўчаты хадзілі ў царкву як на вячэрню, так і на ютрань. І многія пажылыя жанчыны пачалі актыўней працаваць у прыходзе... А пантофлі і шалікі якія спецыяльна яму робяць! Вельмі няёмкае становішча для маладога чалавека. Але пачакайце, да чаго гэта я? Ага, гэты малады чалавек, Тэд Герард. Канечне, і пра яго гаварылі. Ён часцяком заходзіў да яе. Місіс Спэнлаў сама расказвала мне, што ён быў сябрам нейкай групы, здаецца, яе называлі Оксфардскай. Яны вельмі шчырыя і сур'ёзныя, і, я мяркую, місіс Спэнлаў усё гэта ўражвала.
Міс Марпл перадыхнула крыху.
- І я ўпэўнена, што няма прычыны лічыць, быццам у гэтым было нешта большае, але вы ведаеце, якія ёсць людзі. Большасць людзей лічаць, што місіс Спэнлаў ашукаў гэты малады чалавек, а яна яму пазычыла вялікую суму грошай. Праўда і тое, што яго бачылі ў той дзень на станцыі. У цягніку, які прыбывае ў дзве дваццаць сем. Ну, канечне, было б вельмі лёгка, праўда, - саскочыць з другога боку цягніка, пералезці цераз канаву і плот, прайсці ўздоўж плота і такім чынам незаўважана абысці ўваход на станцыю?