Слова на дарогу 2
Як вядома, да Рагнеды адначасова з Уладзімірам, які ў той час княжыў у Ноўгарадзе, сватаўся Яраполк Кіеўскі, і Рагнеда хацела выйсці за Яраполка, кахала яго.
Меркаванні, легенды… Без легендаў гісторыя губляе сваю прывабнасць, таямнічасць. Гэта — як неба без зорак.
Калі ж глянуць вачамі гісторыка-эканаміста, то адасабленню Полацкага княства ад Кіеўскай Русі садзейнічала больш ранняе развіццё феадальных адносін, чым у іншых месцах. Баяры-землеўладальнікі і купцы былі зацікаўлены ў моцнай мясцовай уладзе, якая б надзейна ахоўвала іхнія інтарэсы. Полацк па Заходняй Дзвіне меў свой гандлёвы шлях у Еўропу, жыў у адносным міры са сваімі суседзямі, у той час як на паўднёвыя і ўсходнія рубяжы Кіеўскай Русі адна за адной накочваліся хвалі захопнікаў.
Гісторыя Полацкай зямлі — такое мора, у якім знойдзецца месца і свежы вецер кожнаму ветразю. Упершыню думку аб стварэнні спецыяльна полацкай гісторыі выказаў на пачатку 19 стагоддзя кобрынскі манах ордэна піяраў Мацвей Брадовіч. Потым прыйшлі гісторыкі — Ігнат Даніловіч, Зміцер Леанардаў, Васіль Данілевіч, Аляксей Сапуноў… Ёсць яны і сёння — Георгій Штыхаў, Леанід Аляксееў, Мікола Ермаловіч…
Гісторыкі ёсць, а летапісаў, полацкіх летапісаў няма. Не захаваліся летапісы, зніклі… А яны ж былі, былі! Толькі кавалачкі засталіся нам ад таго вялізнага залатога сасуда, які быў разбіты, раскрышаны бязлітасным часам, — «Жыціе Ефрасінні», твор, прысвечаны дзейнасці Ефрасінні Полацкай, і аповесць аб Святохне, змешчаная Васілём Тацішчавым у ягонай «Гісторыі Расійскай».
Полацкія летапісы былі, бо калі ў час Лівонскай вайны кароль Рэчы Паспалітай Стэфан Баторый 30 жніўня 1579 года штурмам узяў Полацк, ягоныя салдаты, па ўспамінах відавочцаў, хадзілі ў бібліятэцы Сафійскага сабора «па нейкіх дужа старых кнігах».
Полацкія летапісы былі, бо сам Васіль Тацішчаў успамінаў, што бачыў і чытаў іх у бібліятэцы Пятра Яропкіна, рускага дойліда, якога ў 1740 годзе чвартавалі па загаду імператрыцы Анны Іаанаўны. Яропкін склаў галаву за тое, што быў лютым ворагам немцаў, якія забралі вялікую сілу пры двары самадзержыцы.
Яшчэ ў пачатку 19-га стагоддзя частка летапісаў захоўвалася ў Бельчыцкім манастыры. У 1821 годзе рускі бібліёграф Пётр Кепен, які падарожнічаў па Беларусі, бачыў у Бельчыцах «древние грамоты, среди которых одна какого-то Ярослава Изяславича».
Былі… А можа, яны (не ўсе, частка іх) ёсць недзе і сёння, як ёсць у нечай калекцыі славуты крыж Ефрасінні Полацкай? Шасціканечны напрастольны крыж, шэдэўр нашага мастацтва, у 1161 годзе зроблены Лазарам Богшам, роўна праз 780 гадоў, у час захопу фашыстамі Магілёва, бясследна знік. Летапісы паміраюць. Народ жыве.
Цяжка плыць па рацэ, імя якой — Гісторыя. Асабліва цяжка дабірацца да вытокаў, да тых мясцін, дзе ракі, па сутнасці, няма, а ёсць тоненькія ручайкі, вадзяныя ніткі, з якіх праз колькі дзесяткаў кіламетраў спляцецца, сатчэцца шырокі абрус ракі.
Еўрапейская, а разам з ёй і славянская гісторыя, відаць, усёткі бярэ свой адлік з вялікага перасялення народаў і з паходаў, якія сучаснікі назвалі крыжовымі.
Той, хто быў крыжаносцам, лічыў сябе разумнейшым, мацнейшым, адным словам, «звышчалавекам» у параўнанні з жыхаром, тубыльцам той зямлі, куды ён «нёс» крыж. Пад гэтыя амбіцыі падводзілася навуковая база, пісаліся цэлыя трактаты. Народам, расам адмаўлялася ў праве на ўласную гісторыю, на родную мову. Лозунг быў адзіны: «Рабы ды загавораць на мове сваіх гаспадароў».
Большасць з нас крыжовыя паходы звязваюць толькі з Усходам, з Іерусалімам і Палесцінай. Але яшчэ ў канцы 12 стагоддзя германскія феадалы Генрых Леў і Альберт Мядзведзь рынуліся крыжовым паходам на сваіх суседзяў палабскіх славян — бодрычаў і люцічаў. Гэта было не ў пясках Палесціны, а ў самым цэнтры Еўропы. Германцы і англасаксы ўжо тады аб'яўляліся «вышэйшымі» за славян, арабаў, яўрэяў… У часы першых крыжовых паходаў «вышэйшымі» за ўсіх лічылі сябе, вядома ж, рымскія папы. На тых, хто сумняваўся ў гэтым, яны накладалі царкоўнае пракляцце, анафему. Вось яе тэкст: «Адлучаем ад царквы і анафемствуем таго ліхадзея, які завецца (называлася імя «ліхадзея»), і адганяем яго ад дзвярэй святой божай царквы, каб ён аддадзены быў на вечныя пакуты з усімі, хто кажа госпаду богу: «Адыдзі ад нас, бо мы не жадаем ведаць шляхоў тваіх!» Ды будзе ён пракляты ўсюды, дзе б ні знаходзіўся: у доме, у полі, на стайні, на вялікай дарозе, у вадзе, на лесвіцы, у пустыні і нават на парозе царквы. Ды будзе пракляты ён у жыцці і ў час смерці! Ды будзе пракляты ён ва ўсіх справах сваіх, калі ён п'е, калі ён есць, калі ён насычаецца і прагне, калі ён пасціцца, калі ён спіць і калі не дрэмле, калі гуляе і калі адпачывае, калі ён сядзіць або ляжыць, калі ён стаіць або сцякае крывёю! Ды будзе пракляты ён ва ўсіх частках свайго цела, унутраных і знешніх! Ды будзе пракляты волас ягоны і мозг ягоны, мазжачок ягоны, скроні ягоныя, лоб, вушы, бровы, вочы, шчокі, нос ягоны, кісці рук, пальцы, грудзі, сэрца, страўнік, унутранасці ягоныя, паясніца, сцёгны, калені, ногі, пазногці ягоныя. Ды будзе ён пракляты ва ўсіх суставах сваіх ад макаўкі галавы да ступакоў ног! Каб хваробы грызлі яго! Ды пракляне яго дзівосная раць пакутнікаў за веру! Ды пракляне яго хор святых дзеў, якія дзеля славы Хрыстовай пагрэбавалі мітуснёй і тлумам свету! І каб неба і ўсе жывыя сілы абрынуліся на яго, каб пракліналі да таго часу, пакуль не дасць ён нам поўнага пакаяння. Ды будзе так! Амен!»
Як бачыце, пракляццяў не шкадавалі, кожны валасок чалавечага цела аддавалі на пакуты.
На самым пачатку трынаццатага стагоддзя наш народ жыў, павярнуўшыся тварам да Балтыкі, бо адтуль, як ненажэрная саранча, лезлі і лезлі крыжакі. Шмат крыві пралілося ў той час, шмат чалавечых касцей бялелася паміж маўклівых прыморскіх дзюнаў, на берагах Дзвіны і Нёмана. Знікалі цэлыя народы. Дзе сёння прусы і яцвягі? Іх няма. Яны загінулі пад мячамі крыжакоў, пад капытамі рыцарскіх коней, часткова былі асіміляваны. Ад ліваў, магутнага і шматлікага народа, засталося некалькі дзесяткаў чалавек, маленькая этнаграфічная групка, якая жыве на Рыжскім узмор'і. Нашы продкі ўзялі шчыты, узялі мячы і разам з продкамі эстонцаў, латышоў і літоўцаў пайшлі на святую бітву за сваю зямлю, за сваё жыццё. Гэта было на самым золку трынаццатага стагоддзя…