Раздзел трэці III 2
Слухаючы суровае гудзенне лясоў, якія з усіх бакоў абступалі Кукейнос і гатовы былі, здаецца, праглынуць яго, навекі пахаваць у сваіх нетрах, маладая княгіня адчувала, як сціскае сэрца трывога. Тады яна запальвала свечкі перад абразамі, доўга малілася. На звязку дня і ночы, калі святлее неба і душы продкаў вяртаюцца ў свае магілы, яна нарэшце засынала. Ды сон быў нездаровы, чорны ад смутку. Сніліся балоты, што засмоктваюць Вячку, злавесныя груганы, што выдзёўбваюць вочы ягонаму каню Печанегу.
Вячка кахаў яе, і яна добра ведала гэта. Жанчыну не падманеш. Ёсць у жанчын таемны ўнутраны голас, які можа да часу спаць, закалыханы мужчынскай пяшчотаю і ўвагай, быць бесклапотным, як вясновы матылёк ці ручаёк, але варта мужчыну ў слове, у руху, у жэсце хоць на драбніцу стаць халаднейшым, сушэйшым, даць адчуць, што ён расчараваўся ў абранніцы або стаміўся ад яе, як голас гэты пачынае біць ва ўсе званы жаночай душы — трывога! трывога! трывога! І тады ціхая жанчына робіцца львіцай, робіцца арліцай.
Аднойчы ўвосень Дабранега з сумам сказала, пазіраючы ў акно церама:
— Лісце аблятае з дрэў… Дождж… Халадэча… Вунь той клянок такі прыгожы быў учора. Лісце свяцілася на сонцы, як залатое. А сёння…
Яна грэбліва зморшчылася. Вячка, які назаўтра збіраўся рушыць з дружынай да князя Уладзіміра Полацкага, прытуліў жонку да грудзей, спытаўся:
— А ты б хацела, каб на дрэвах заўсёды лісце было?
— Хацела і хачу, — усміхнулася Дабранега. — З лісцем дрэва жывое, цёплае…
Ён моцна пацалаваў яе, і ўначы, калі яна спала, павёў дружыну да Полацка. Сумная прачнулася Дабранега, невясёлая. Зноў — адзінота, маўклівыя слугі, вялізны няўтульны церам, шэрыя восеньскія хмары над церамам. Ледзь не плачучы, падышла яна да акна і ўскрыкнула ад здзіўлення — на клянку, пра які ўчора яны гаварылі з Вячкам, было лісце! Дабранега стрымгалоў вылецела з церама, падбегла да клянка і вачам не паверыла — срэбнымі тоненькімі дроцікамі да кляновых галінак былі прыкручаны, прывязаны прыгожыя лісцікі, выкаваныя з жалеза, медзі, а на самым версе — з чыстага золата і срэбра. Наляцеў вятрыска, ускалыхнуў лісцікі, і яны затрымцелі, тоненька-тоненька заспявалі. «Вячка! — аж захлынулася ад пяшчоты і ўдзячнасці Дабранега. — Муж мой каханы!»
А дні цяклі, як цячэ вада ў Дзвіне. Вячкава лісце (так пра сябе назвала незвычайнае лісце Дабранега) звінела на дрэве. Абмываў лісце дождж, гуляў з ім начны вецер… Птушкі зляталіся на клянок, і аднойчы Дабранега бачыла, як невялічкая цікаўная лясная сініца ўспырхнула на галінку і асцярожна, пудліва дзеўбанула залаты лісток.
Ды неяк Вячка, які толькі што вярнуўся з далёкай дарогі, недаўменна спытаўся ў Дабранэгі:
— Дзе гэта лісце з нашага клянка?
— Якое лісце? — як бы не зразумела напачатку Дабранега. — Ты пра тое, што вісела на дрэве? Я загадала яго зняць. Яно ляжыць у куфэрку, што падараваў мне князь Усевалад з Герцыке. Зараз я табе, калі хочаш, пакажу.
— Не трэба, — спыніў жонку, якая ўжо хацела ісці да куфэрка, Вячка. — Навошта ж ты загадала зняць лісце?
— Яго маглі ўкрасці з дрэва церамныя чалядзіны або смерды з вакольных весяў.
— Але я загадаў Халадку вартаваць дрэва. Удзень і ўначы вартаваць. Навошта ж ты загадала зняць лісце, Дабранега?
У голасе ў Вячкі была суровасць. Так ён яшчэ ніколі не размаўляў з Дабранегай. Але маладая княгіня ні кропелькі не збаялася гэтай суровасці, з выклікам глянула на мужа.
— Мне патрэбен ты, а не лісце. Ты!
— Дабранегачка, — узяў яе за рукі Вячка, — што з табою, гаспадынька мая залатая?
— Ты ўвесь час на кані, у сядле. Я ўжо не веру, што ў мяне ёсць муж. Я зраблюся стогадовай бабулькай у тваім Кукейносе, а ты ўсё будзеш ездзіць да эстаў, да семігалаў, да жэмайтаў… Божа мой, куды ты толькі не ездзіш?! Навошта, навошта табе ўсё гэта?
Яна глянула на мужа з пакутай, з адчаем.
— Я хачу не пусціць тэўтонаў на Дзвіну, у наш край, — ціха, але цвёрда адказаў Вячка.
— Хіба ты адзін жывеш на Дзвіне? Навошта ж табе, князь мой, усё браць на свае плечы? Ты зусім занядбаў свае борці, ловы, нівы, свой церам. Шчасце зямное ў тым, каб мужу жыць з жонкай, каб зерне ў раллю кідаць.
— Правільна кажаш, — згадзіўся Вячка. — Але ў грозны час прывёў нас бог на гэты свет, на гэту зямлю. Трэба ахвяраваць, ахвяраваць шмат чым, каб заўтрашнія людзі на нашай зямлі мірна жылі.
— Заўтрашнія людзі,— горка ўсміхнулася Дабранега, — што ім будзе да нас? Яны цябе, князь, нават і не ўспомняць.
— Няпраўда. Некалі ўспомняць. Павінны ўспомніць, бо добрае не забываецца. У тых, хто забывае дабро, хто забывае бацькоў, продкаў, бог высушвае сэрцы, і гэта ўжо не людзі, а балотны трыснёг. Нельга забываць свой род, сваю зямлю, сваю мову. Прабач мне, мая залатая княгінечка, але інакшым я быць не магу.
Ён паспрабаваў прытуліць Дабранегу, ды яна ўпёрлася яму ў грудзі рукамі, сказала:
— Я не з тых, што прывязваюць мужчын да сваёй спадніцы, робяць мужчын прыручанымі сокаламі. Ты як арол, князь мой. А вольны арол мух не ловіць. Арол павінен пад высокім воблакам лётаць, але глянь, глянь адтуль, са сваёй вышыні, на жонку, зразумей, як ёй цяжка.
Яна заплакала і пайшла ў сваю спачывальню. Яна ішла пад няроўным трывожным святлом паходняў, якія заўсёды гарэлі ў цераме, і Вячка пазіраў ёй услед, і яму было шкада, вельмі шкада яе, і жонка здавалася яму чайкай з перабітым крылом.
З напорыстасцю ўзялася маладая княгіня за гаспадарку, за церам, што пасля смерці Звеніславы былі ўшчэнт запушчаны. Некаторых цівуноў, чалядзінаў і чалядніц выгнала з Кукейноса ў загарадную княжую сядзібу, іншых загадала строга пакараць лазою, каб не ленаваліся, больш увішнымі і больш дбайнымі былі, для князя свайго стараліся. Свечкі для пакояў і мяса для кухні, віно для дружыннікаў і даматканае палатно для халопаў — усё праходзіла цяпер праз рукі Дабранегі.
Асабліва крута пачала выхоўваць княгіня маладых чалядніц, якіх шмат было ў цераме і якія, як і ўсе дзяўчаты ў іхнім узросце, любілі паскакаць на ігрышчы, з хлопцамі пагуляць. Нямала слёз дзявочых пралілося ў гэтае лета. Некаторым княгіня ўласнаручна адрэзала косы, некаторых на ўсю ноч голымі каленьмі на цвёрды гарох ставіла. Убачыла адну цяжарную чалядніцу з кухні, адразу вельмі суровы допыт ёй учыніла, пыталася:
— Хто бацька твайго дзіцяці? Скажы! Чалядніца чырванела, хавала вочы, упала на калені перад княгіняй, загаласіла:
— Княгінюхна-матухна наша залатая, не ведаю. Святы крыж — не ведаю. Хай дзіцятка родзіцца. Верным рабом табе будзе.
— Не трэба мне рабоў-бязбацькавічаў! — гнеўна тупнула нагой Дабранега. І адразу строгі загад быў дадзены: распуснай дзеўцы, на страх і навуку іншым, цэлую сядміцу жабіну ікру, жабурынне есці, каб дух балотны забіў, заглушыў жыццё, якое гатова з'явіцца на гэты свет і ад якога нікому радасці не будзе. Кожны дзень Дабранега разам з вернай Кулінай рабіла абход церама і ўсяго княжацкага двара. Чэлядзь загадзя падмятала, чысціла мыла ўсе куточкі вялікага церама. Страх і трапятанне былі ўсюды.
Аднойчы княгіня заглянула ў каморку перапісчыка пергаменаў Клімяты. Чэлядзь называла яго Клімята Аднарук. Клімята, як заўсёды, сядзеў на нізкім услончыку, скруткі пергаменаў жаўцелі перад ім. Але перапісчык быў не адзін. Побач з ім стаяў танклявы русавалосы хлапчук у белай ільняной кашулі, з вялікай цікавасцю глядзеў на Клімяту і на тое, што ён робіць.
Клімята, не заўважыўшы княгіню, звярнуўся да хлапчука:
— Хочаш, Мірошка, загадаю табе загадку?
— Загадвай, — ажывіўся хлапчук і нават губу прыкусіў ад нецярплівасці.
— Слухай. Ходзіць па двары, на нагах кіпцюры, белае каменне нясе. Хто гэта?
Мірошка зморшчыў лоб, пачаў думаць, аж, здавалася, вушы ад напружання круцяцца. Клімята Аднарук з хітрай усмешкаю пазіраў на свайго юнага субяседніка.
— Якое каменне? — перапытаў Мірошка.
— Белае.
Мірошка падумаў-падумаў, сумна ўздыхнуў, прызнаўся:
— Не ведаю.
— Эх ты, Нестар-летапісец, — Клімята весела ўстаў з услончыка. — А яшчэ хочаш разам са мною гісторыю Полацкай зямлі пісаць, Хочаш жа? Прызнайся.
— Хачу, калі навучыш і дазволіш, — кіўнуў галавою Мірошка.