×

We use cookies to help make LingQ better. By visiting the site, you agree to our cookie policy.

image

Меч князя Вячкі, Раздзел трэці I 4

Раздзел трэці I 4

— Святы божа, — ціха загаварыла яна, — у цішыні нябеснага Іерусаліма пачуй мяне, рабу сваю. Дай шчасце роду майму. Дай сілу мужу майму. Дай, каб не ўбачыла я смерць дарагіх дзяцей маіх, папялішча на месцы дома свайго.

Яны стаялі на каленях, князь і княгіня, а за шырокім акном грукатала разняволеная Дзвіна, мокрыя крыгі трашчалі, звінелі, налазілі адна на адну, і не было лёду ніякага паратунку — пад вогненным позіркам сонца ён крышыўся на маленькія кавалачкі, скакаў, як жывы, на бераг і там плавіўся, знікаў, ператвараўся ў срэбныя зіхоткія лужынкі.

Князь Уладзімір кепска спаў усю ноч. Слёзы душылі яго, халодны страх прыліпаў да сэрца. Бачылася яму, як святая Сафія на велізарнай чырвонай крызе — ці не ад крыві чырвань? — адплывае ад яго па Дзвіне. Бег князь берагам ракі за Сафіяю, рукі ў неба працягваў, спатыкаўся, а Сафія растваралася ў тумане, аддалялася, і князь не вытрымаў, упаў, а калі ўзняў ад зямлі галаву, позірк ягоны накалоўся на рыжскага епіскапа Альберта. Стаяў Альберт па калена ў вадзе, рукі распасціраў, смяяўся, чакаў, пакуль Сафія падплыве да яго.

А раніцай ударыў на дзядзінцы вечавы звон. Выходзілі са сваіх палат баяры, спяшаліся з торжышча купцы, рамеснікі тушылі горны, клалі ўбок малаткі, абцугі, стамескі. Усе кіраваліся на дзядзінец, на плошчу перад Сафійскім саборам. Вулічныя хлапчукі таксама джгалі туды, але варта з гарадскога апалчэння адганяла іх ад Сафіі доўгімі арэхавымі кійкамі. Дзіцячыя вушы, як і жаночыя, як і вушы халопаў, не павінны чуць, аб чым гавораць і спрачаюцца мужы-вечнікі. Дзецям, жанчынам і халопам не дадзена мудрасць, іхнія слабыя душы блукаюць у прыцемках.

Князь Уладзімір з бірычом58 Аляксеем, з невялікай аховай на двух чаўнах пераплыў цераз Дзвіну з Бельчыцаў у Полацк. Воі адпіхвалі срэбнашэрыя льдзіны доўгімі шастамі. Сафія глядзела на князя са сваёй недасяжнай вышыні.

Князь ішоў да памосту ў цэнтры плошчы, і народ расступаўся перад ім. Некаторыя крычалі здравіцу, некаторыя, іх было шмат, насміхаліся над князем і бірычом, ледзь пальцамі на іх не паказвалі. Гула плошча. Вароны каркалі, кружыліся над ёй, нібы ў іх, варон, таксама збіралася сваё птушынае веча.

Князь узышоў на невысокі драўляны памост, засланы дарагімі апонамі, зняў шлем, пакланіўся спачатку Сафіі, потым, у чатыры бакі, вечу. На памосце ўжо стаялі епіскап Дыянісій, пасаднік59 Ратша, тысяцкі Жыраслаў, найбольш уплывовыя і багатыя баяры.

Справа ад памосту, у некалькіх кроках ад сябе, Уладзімір убачыў непарушную сцяну баяр — густыя бароды, высокія сабаліныя шапкі, доўгія шытыя золатам і срэбрам кажухі. Злева стаялі рамеснікі, рукадзельныя людзі. Апратка ў іх была бяднейшая, але гонару не менш, чым у баяр.

— Мужы-палачане, — зычна сказаў пасаднік Ратша. — Вялікае Біла сабрала нас усіх перад святой Сафіяй. Няхай мудрымі будуць нашы словы, цвёрдымі — душы. Па закону нашых бацькоў будзем рабіць мы ўсё, што запатрабуе ад нас бог і стольны горад Полацк.

Уладзімір глядзеў на пасадніка і думаў, што той, як і Жыраслаў, як і епіскап Дыянісій, мяккай травіцай сцелецца перад баярамі. А нядаўна ж баяўся ў вочы глянуць яму, князю.

Між тым пасаднік гаварыў, уздымаючы голас, каб пачулі ўсе, далей:

— Тэўтонскія купцы, купцы з Гоцкага берага, Любека і Брэмена просяць мужоў-палачан дазволіць ім пабудаваць на нашай зямлі, у горадзе Полацку, сваю лацінскую царкву. Хочуць яны свайму богу маліцца ў гэтай царкве. Казна ў іх ёсць, дойліды і каменячосы — таксама. Што скажаце, мужы-палачане?

Пасаднік замоўк. Уладзімір наструніўся ўсім целам, адчуў, як пачынае мацней біцца сэрца. Епіскап Дыянісій, вядома ж, ужо расказаў усім, каму лічыў патрэбным, што ён, князь Уладзімір, не супраць лацінскай царквы ў горадзе. Зараз будзе відно, што думае на гэты конт веча. Зараз усе ўбачаць, колькі ворагаў у яго, князя.

— Прэч тэўтонаў! Прэч! — закрычала адразу некалькі соцень галасоў.

— Няхай будуюць! — насуперак гэтым галасам дружна крыкнула левае крыло веча — рукадзельныя людзі і купцы.

Адразу ўзняўся шум, вэрхал. Мужы-вечнікі махалі рукамі, кіямі, кідалі ўгору шапкі.

— Прэч тэўтонаў! — грымела на плошчы.

— Няхай будуюць! — з не меншай сілаю грымела ў адказ.

Здавалася, два віры, дзве бурныя вясновыя плыні сутыкнуліся на вечавай плошчы, і кожная хацела перамагчы, адолець праціўніцу. Баяры справа маўчалі, ды князь ведаў, што зараз не яны крычаць, а крычаць іхнія грыўні, іхняе срэбра крычыць, якое яны шчодра, не скупячыся, раздаюць тым, хто дзярэ за іх глотку на вечы.

— Прэч тэўтонаў і іх заступніка Уладзіміра! Хочам для Полацка трыццаць старых! — загукалі раптам на плошчы.

Спачатку такое крычалі нямногія, але падобна таму, як вецер, уляцеўшы з поля ў лес, кранае і варушыць усё болей і болей дрэў, так і гэты крык паступова авалодваў амаль усёй плошчай.

— Хочам трыццаць старых! Прэч князя! — бушавала веча.

Уладзімір пабляднеў, глянуў на бірыча, маладога рослага хлопца. Той, відно па ўсім, таксама разгубіўся, то расшпільваў, то зашпільваў сваё чырвонае карзно. Тады князь узняў угару дзясніцу ў баявой пальчатцы. Князь прасіў, патрабаваў слова. Веча глядзела на гэтую руку і пакрысе супакойвалася.

— Мужы-палачане, — сказаў Уладзімір, — калі апошні раз гарэў Полацк?

Гэтым, здавалася б, простым пытаннем ён ашаламіў мужоў-вечнікаў. Веча яшчэ не разумела, куды гне князь. Самыя заўзятыя крыкуны прыціхлі на імгненне.

— Калі вораг паліў і руйнаваў вашы сядзібы? Калі плакала Сафія?

Князь паглядзеў на сабор, перахрысціўся. І ўсё веча глянула на Сафію. Залатыя воблачкі плылі над сямю яе вярхамі.

— Не было попелу і крыві? — дапытваўся князь. — Не цягнулі вашых жонак і дачок на ганьбу? А чаму? Чаму? Таму што я і мая дружына стаім на варце Полацка і Полацкай зямлі. Ведаеце, колькі ў мяне на целе ран? Я біўся з яцвягамі і ўграмі, тэўтонамі і свеямі60. Я тапіў каня ў жэмайцкіх балотах. Клянуся магутнасцю нашай маці-царквы, што ніхто не пераломіць кап'ё аб святую Сафію! — Слава князю! Слава Уладзіміру! — дружна выгукнула плошча.

— Прэч баяр-мнагаімцаў! — закрычалі злева, дзе стаялі рукадзельныя людзі і купцы.

Веча захвалявалася, забурліла. Замільгалі кійкі, кулакі. Ужо дралі адзін аднаму бароды, ужо баярская чэлядзь бегла біцца за сваіх гаспадароў.

Уладзімір адчуваў, што перамагае, што яшчэ хвіліна-другая, і ён зноў будзе на белым кані, зноў будзе князем-ваяром. Сафія са сваёй вышыні ўжо ўсміхалася яму, і ён, у глыбіні душы, вырастаў пад аблокі, станавіўся ўпоравень з ёю. За такі міг можна аддаць палову жыцця.

_

58 Бірыч — вяшчальнік, які аб'яўляў на плошчах волю князя, памочнік князя ў судовых і дыпламатычных справах. 59 Пасаднік — намеснік князя, вышэйшая дзяржаўная асоба ў горадзе.

60 Свеі — шведы.

Learn languages from TV shows, movies, news, articles and more! Try LingQ for FREE

_____