Раздзел трэці I 2
О, ён ведае гэтых «старых»! Некаторыя з іх маладзейшыя за яго — баярскія сынкі, багацеі, гарлапаны, усе гэтыя Вітановічы, Шчапановічы, Макрынічы…
Ён цяжка ўзяў уладу — даводзілася хітраваць, чакаць, трываць удары, каб потым нанесці ўдар хутчэй, чым праціўнік. Ён скінуў князя Барыса Давыдавіча, ягоных сыноў Васілька і Вячку зняволіў, потым Васілька прымусіў прыняць пастрыг54. Вячку, малодшага, не ўдалося заперці ў манастырскай келлі. Сядзіць Вячка ўдзельным князем у Кукейносе, шле адтуль даніну, якую бярэ з ліваў і латгалаў, прыкідваецца галубком, але бачыць Уладзімір, што не рахманы галубок, а баявы сокал распасцёр крылы над Дзвіной. Зараз Вячка ў Полацку, два разы прыязджаў у Бельчыцы, ліслівымі словамі падбухторваў ісці вайной на рыжскіх тэўтонаў. Калі ж ліслівасць не дапамагала, крычаў, забыўшыся, што ён толькі ўдзельны, малодшы князь, пра славу полацкую, пра веру праваслаўную, якую трэба зберагчы ад чужакоў. Хоча лбамі сутыкнуць яго, вялікага князя Уладзіміра, з епіскапам рыжскім Альбертам, а праз епіскапа — з папам рымскім. Пракляты род князёў друцкіх! Ніяк не ўціхнуць, захапіць прагнуць сталец полацкі, спіхнуць з яго менскіх Глебавічаў55.
Так думаў Уладзімір, а ўладыка Дыянісій і тысяцкі Жыраслаў усё глядзелі на Дзвіну, усё слухалі гул крыгаходу, нібы забыўшыся пра хворага князя.
Вось ён — лёс князёў полацкіх! На дзядзінцы, каля самай Сафіі, ёсць палаты каменныя, багата прыбраныя. Золата і серабро там, дарагія ўборы і віно заморскае. А ён, князь Уладзімір, павінен сядзець у Бельчыцах і глядзець на горад — свой горад! — праз раку, як глядзіць мокрая курыца на багаты агарод праз частакол. І бачыш, і не ўклюнеш. Дзівосы на смецці, дый толькі!
Пасля Усяслава пачалося гэта. Паміраў ён і падзяліў Полацкую зямлю паміж сваімі шасцю сынамі на шэсць удзелаў: Полацкі, Менскі, Друцкі, Віцебскі, Ізяслаўска-Лагожскі і Лукомскі. Сыны і ўнукі ягоныя з вялікай напругаю змаглі яшчэ болей пашырыць межы, стварылі ўдзелы Себежскі, Слуцкі і Барысаўскі. Вось на сёння і ўся зямля Полацкая, ды яшчэ Кукейнос і Герцыке на Дзвіне.
Цяжка быць князем, а хочацца. Прывык ён ужо да княжання. Калі баяры тлустыя выі схіляюць у паклоне, калі народ крычыць, славіць, калі ідзеш Дзвіною па даніну, быццам нешта спявае ў душы, быццам вогненная рука з неба на цябе паказвае і незямны захмарны голас абвяшчае зямлі, вадзе і ўсяму люду: «Ён — князь! Ён — князь!» Хлапчуком-княжычам ён ужо адчуў салодкі хмель улады і аднойчы нават парэзаў наўмысна палец, захацеў паглядзець, якога колеру ў яго кроў,— блакітная ці чырвоная.
Пясочны гадзіннік, які стаяў на стале, сыпаў і сыпаў у пузаты сіняга шкла сасуд танюсенькі струменьчык пяску. Цячэ пясок… Цячэ жыццё…
Уладзімір глядзеў на вузкую спіну епіскапа, прытушыўшы ў сэрцы злосць, але ведаў адно: як толькі зноў акрэпне, возьме ў рукі Полацк, адразу ж вытурыць гэтага пса з епіскапаў. Не такія духоўнікі патрэбны яму, вялікаму князю.
— Хай ставяць лаціняне царкву, хай будуюць, — зычна сказаў Уладзімір.
Епіскап Дыянісій і тысяцкі Жыраслаў адразу ж перасталі глядзець у акно, павярнуліся да князя, і ён з радасцю бачыў у іхніх вачах здзіўленне і разгубленасць.
— Хай будуюць, — паўтарыў Уладзімір. — Крыж наш ад суседства з крыжам лацінскім плесенню не пакрыецца. А вышэй Сафіі тэўтонам храм усё роўна не ўзвесці.
— Вышэй Сафіі? — аж задыхнуўся Дыянісій і адразу надзеў на галаву свой клабук. — Ды як ты можаш так гаварыць, князь?
— Полацкія князі гавораць тое, што думаюць, — спакойна глянуў на яго Уладзімір. — Хай збудуюць свой храм за попрышча ад нашай царквы. А ты чаго крычыш, ойча? Забыўся, як пад Гольмам нас тэўтоны камянямі пачаставалі? Хочаш зноў пад камяні лоб падставіць?
Епіскап слухаў князя і бляднеў, задыхаўся ад гневу, але Уладзімір, помсцячы за ўсё, не даваў яму рот раскрыць, гаварыў далей:
— Дзвіну ўсё роўна не перагародзіш. Будзе цячы, як цякла. А да мяне ўчора ганец прыехаў з Суздаля, ад вялікага князя. І просіць князь суздальскі, наш з табою брат па веры, каб далі мы вольную дарогу ягонаму ячменю, воску і салу, якія людзі суздальскія ў Рыгу вязуць і далей, за мора Варажскае, у Любек і Брэмен.
Кажучы ўсё гэта, Уладзімір адчуў такую сілу бадзёрую ва ўсіх членах, што ўстаў без старонняй дапамогі, дайшоў да акна, каля якога міг назад стаялі епіскап з тысяцкім. «Хай цяпер яны на маю спіну паглядзяць», — помсліва думаў князь.
На Дзвіне гуў крыгалом. Рака, быццам спяшаючыся забыць пра доўгія месяцы зімовага маўчання, трашчала льдзінамі, злавесна шумела зеленавата-белай вадой.
Праз акно Уладзімір бачыў высокія чырвоныя сцены Барысаглебскага манастыра, які быў пабудаваны ў Бельчыцах дойлідам Іаанам. Там жа ўзвышалася царква Параскевы-Пятніцы, і там былі магілы князёў полацкіх.
— Ваша прэасвяшчэнства, — за спінаю ў князя звярнуўся да епіскапа тысяцкі Жыраслаў,— мужы-палачане заўтра веча склікаюць. Там і пра лацінскую царкву рашаць будуць.
— Я прыеду на веча, — адказаў Дыянісій. Як і многія свяшчэннаслужкі таго часу, ён не любіў хадзіць пешшу, а ездзіў верхам на кані.
«Не за мяне тысяцкі,— зразумеў Уладзімір. — Не мой чалавек. Баярскі пёс. Трэба асцерагацца яго».
Веча! Зноў — веча. Як бяльмо яно на княжым воку. Рукі князю вяжа, волі ягонай крылы падсякае.
Цярпі, князь. Усміхайся баярам, але не забывай пра купцоў і рамеснікаў. Яны — твая апора. Ім трэба гандляваць, у моры цёплыя і ледзяныя плаваць. Ім трэба свой тавар прадаваць, і яны з табою супроць баярства пойдуць, якое сядзіць у сваіх вотчынах, адгарадзіўшыся ад белага свету, гноіць хлеб у свірнах.
З тэўтонамі трэба змірыцца. Епіскап Альберт абяцаў плаціць Полацку даніну за ліваў. Хай плоціць. Тэўтоны ўмеюць даніну выкалочваць. Галоўнае — мір з імі. Будзе мір з Рыгай — будзеш ты, князь, на залатасёдлым кані сядзець. Пойдзеш ваяваць, паслухаўшыся гарлапана Вячкі з Кукейноса — уладу страціш і галаву.
— Пра лацінскую царкву трэба падумаць, князь, — прымірэнча, міралюбна сказаў Дзяніс.
Ага, і гэты абскубены певень зразумеў, што баяры і з яго могуць клабук садраць, у манастыры свечкі ляпіць прымусяць. Ну што ж, епіскап з тых храбрацоў, што толькі на ўласным ложку могуць кулакамі махаць, а ледзь прыпячэ, адразу ў іх заечыя ногі вырастаюць.
— Мыта56 плоцяць тэўтоны? — спытаўся ў епіскапа Уладзімір.
— Спраўна плоцяць, — адказаў за епіскапа тысяцкі Жыраслаў.
— Храмы святыя пустуюць, — са скрухаю ўздыхнуў Дзяніс. — На ігрышчах бывае болей народу, чым у храмах. Пойдзеш іншы раз туды і бачыш: адны на дудках іграюць, другія скачуць, трэція барукаюцца між сабою. А ў іншых яшчэ большы д'ябал пасяліўся — сядзяць, падаюць адно аднаму знакі, пераміргваюцца, шчыкаюцца… — Дык і ты, святы ойча, на ігрышчы ходзіш? — зрабіў выгляд, што здзівіўся, Уладзімір. Епіскап злёгку пачырванеў, засоп маленькім носам.
Як толькі Дзяніс і Жыраслаў паехалі з Бельчыцаў, у святліцу да князя Уладзіміра ўвайшоў ягоны верны халоп-саглядатай Станімір. У Станіміра не было носа — князь адрэзаў у хвіліну гневу. Станімір нізка пакланіўся, застыў на парозе святліцы.
— Што чутно пра князя Вячку, бязносы? — пранізліва глянуўшы на халопа, спытаўся Уладзімір.
_
54 Пастрыг — абрад абразання валасоў на галаве тых хто прымае манаства.
55 Глебавічы — князі, нашчадкі князя Глеба Усяслававіча Менскага.
56 Мыта — падатак, які браўся з купцоў пры перавозе тавараў.