Раздзел першы III 2
Адзін берсерк, не адчуваючы ран, забіваў дзесяткі ворагаў.
У сэрцы Пірмонта кіпела кроў берсерка, і ён біў і біў мячом, не зважаючы на стому, на горкі пот, што выядаў вочы.
Але ён недаацэньваў Вячку, як і наогул усіх мясцовых людзей: палачан, латгалаў і селаў, якіх пагардліва называў сыраядцамі. Ён не ведаў, што крывічы разам з палянамі, вяцічамі, драўлянамі яшчэ за некалькі стагоддзяў да ягонага нараджэння ў баявых лоддзях пераплылі бурны Понт12, прымусілі грэчаскага імператара выйсці са сталіцы з залатым вянком міру ў руках і прыбілі свой баявы шчыт на варотах Царграда. Гэта было земляное племя, ратайнае племя, ды гордае, непалахлівае, бо ў час смяротнай сечы за зброю разам з мужчынамі браліся і жанчыны.
Ужо ў дзесяць летаў Вячка, жывучы ў Друцеску, вучыўся біцца на доўгіх дубовых кіях, а потым на коп'ях з тупымі наканечнікамі. Не адзін шрам насіў ён на целе і заўсёды помніў бацькаў запавет: «Сыне, не падстаўляй пад удар спіну».
Сонца тым часам стрэльнула са свайго залатога лука, густа кінула промні на церам, на царкву, на рысталішча, вакол якога то радасна шумеў, то напружана заміраў агромністы натоўп. Усе зычылі перамогі свайму маладому князю, усе хваляваліся за яго. І ў халодным падзямеллі, у катавальні, Браціла, які дажываў свае апошнія хвіліны, прагна прыслухоўваўся, лавіў усе гэтыя галасы, гэты людскі гуд. Шум рысталішча, шум бою, быў тым адзіным ручаём, які цадзіўся ў цемру ягонай турмы, звязваў яго з жыццём. Яму хацелася, каб паядынак віхурыўся бясконца.
— Дзева Марыя, дапамажы мне! — натхнёна крыкнуў тэўтон і зноў ударыў мячом. І ў гэту хвіліну карміцелька Тадора вынесла з церама князёўну Соф'ю. Вячка ўбачыў маленькі бледны тварык, цёмныя шаўкавістыя броўкі. Дачка спалохана глядзела на яго, яна здавалася безабароннай мяккай вавёрачкай, якая асцярожна выторквае галоўку са свайго сховішча, з дупла, якой так цікава, так край трэба зірнуць на шырокі незразумелы свет, дзе яе могуць забіць, злупіць і кінуць на зямлю яе цёплую шкурку.
Распараныя мокрыя коні сутыкнуліся грудзьмі, шыямі. Коні цяжка, са стогнам і хрыпам, дыхалі.
Вячкаў Печанег заржаў, нібы просячы дапамогі. Вячка ўхіліўся ад удару тэўтона — меч глуха свіснуў за нейкую пядзю ад галавы — і вастрыём свайго мяча кальнуў у вузкую загарэлую палоску шыі, якая на імгненне мільганула перад ім. Тэўтон узмахнуў рукамі, выпусціў меч і потырч паляцеў з каня. Нага зачапілася ў стрэмені. Конь адразу ж спыніўся, асцярожным вінаватым позіркам глянуў на свайго гаспадара.
Вячка саскочыў з Печанега, правай нагою прыдавіў тэўтону грудзі, цяжка ўзвіў над ім чырвоны меч. Светлыя стомленыя вочы без страху глядзелі на князя. Толькі здзіўленне і халодны сум бліснулі на момант у іх.
— Бі,— ціха сказаў тэўтон.
Радасна загуў, закрычаў натоўп, воі ўзмахнулі мячамі, тэўтон сцяўся, скурчыўся на ўзаранай конскімі капытамі зямлі, і тут Вячка пачуў слова. Адно-адзінае слова з мора слоў:
— Татухна!
Гэта ўскрыкнула дачка Соф'я. Ён азірнуўся, глянуў на яе, і меч абвяў у ягонай руцэ. Яму расхацелася абрываць нітку чужога дыхання.
— Князёўна Соф'я даруе табе жыццё, — сказаў ён Пірмонту. — Маліся за яе, тэўтон.
Пірмонт маўчаў, кашляў. Ён быў падобны на чалавека, якога толькі што знялі з крыжа. Яму здавалася, што з нябёсаў, з-за белых воблакаў, глядзяць ягоныя продкі-рыцары і праклінаюць яго за свой растаптаны гонар. Чаму не грыміць, не скрыгоча зубамі гром?
Кукейносцы тым часам крычалі славіцу свайму князю. Натоўп любіць тых, хто перамагае. Самы слабы, самы маленькі і нікчэмны з натоўпу адчувае сябе ў такія хвіліны пераможцам.
— Слава! Слава! — грымела наўкол.
— Рубон! — ускідвалі ўгору мячы дружыннікі князя Вячкі.
— Рубон! — апантана падтрымліваў натоўп.
І ўсё-такі большасць кукейносцаў была незадаволена тым, што князь не прыкончыў чужака. Яны мелі права на відовішча крыві, усе гэтыя рамеснікі і купцы, баярская чэлядзь і смерды з навакольных селішчаў. Яны патрабавалі крыві, бо ад ліваў чулі, што ў вусці Дзвіны тэўтоны праліваюць чалавечую кроў рэкамі.
— Князь, вазьмі ягоны жывот! — ярасна гуў натоўп. — Забі тэўтона!
Вячка зняў з галавы шлем, трасянуў спатнелымі валасамі. Пакрысе супакойвалася ўзбунтаваная паядынкам кроў. Ён сарваў пук травы, выцер ёю меч, з хрустам загнаў меч у похвы.
— Забі! Забі! — роў натоўп.
Ён узняў угору дзясніцу ў баявой пальчатцы.
— Забі! — крычала жанчына, трымаючы на руках дзіця.
— Забіць лёгка, — сказаў Вячка, і адразу замоўк, як знямеў, натоўп. — Жыццё адлятае ад чалавека, як шпачынае пёрка. Чалавечую выю можна перашчыкнуць двума пальцамі. Я не шкадую яго, — глянуў князь на тэўтона, які сядзеў на пяску, абхапіўшы галаву рукамі.— Ён ішоў забіць мяне. А зараз ён як чарвяк, на якога магутным капытом наступіў пушчанскі зубр. Ён ляжыць ля маіх ног, а хацеў сядзець на маіх плячах і абразаць мне вушы. Там, — рэзка махнуўшы рукою, паказаў Вячка на захад, — ягоныя браты востраць мячы, каб адсекчы нашым воям галовы, уюць вяроўкі, каб звязаць і пагнаць у няволю нашых жанок і нашых дзяцей. Там насыпаюць у скрыні зерне, каб пасеяць яго на магілах нашых дзядоў. Я, князь Кукейноса Вячаслаў, кажу: адпусцім яго, захаваем жыццё крываваму тацю, каб там, у Рызе, пачулі нашы словы. А словы нашы такія: мы не хочам вайны ні з рыжскай царквой, ні з ордэнам тэўтонаў. Не мы да іх, яны прыплылі да нас. Хай глянуць на неба, хай убачаць божы прастол. І бог скажа ім: спыніцеся! Спыніцеся, бо анафема чакае вас і геена вогненная. Я адпускаю тэўтона, — махнуў дзясніцай Вячка.
— Слава! — закрычаў натоўп.
— Хай убачыць тэўтон, як мы ўмеем помсціць. Прывядзіце з катавальні мураля Брацілу, — загадаў воям князь.
Знясіленага, знявечанага Брацілу выцягнулі, быццам бервяно, з падзямелля, паставілі перад знямелым натоўпам. Ён ледзьве стаяў, бледны, кволы, як абадраная ліпка. І тут, распіхваючы людзей, выбегла зялейніца Домна.
— Светлы князь, — упала яна ў пясок перад Вячкам, — не губі майго сына. Пашкадуй мяне, тваю чорную рабыню. У цябе ж таксама ёсць дзіцятка. Пашкадуй майго Брацілу. Я ж тваю дочачку лячыла і лячыць буду. Я вечна за цябе, светлы князь, богу маліцца буду. Пашкадуй.
— Твой сын — таць і галаўнік. Ён хацеў забіць мяне, князя, — строга сказаў Вячка. — Ідзі ў церам, зялейніца.
Домна падпаўзла да сына, абвіла ягоныя ногі рукамі.
— Зернетка маё… Сонейка маё… А як жа ты маленькі быў і зубік у цябе першы вырас і потым выпаў, я загарнула зубік у палатно, кінула за печ і сказала: «Мышка, мышка, на табе лубяны, дай мне касцяны…» Сатлеюць твае зубкі ў сырой зямлі…
Яна загаласіла, закалацілася, пачала браць жменямі шэра-жоўты пясок, сыпаць сабе на галаву. Браціла глядзеў на яе, здавалася, не пазнаваў маці, а можа, не хацеў пазнаваць. Голас, што палохаў яго ўначы, калі ён разам з тэўтонам лез цераз кукейноскія забаролы, знік. Лёгка было душы без гэтага голасу.
— Кат, — зычна сказаў Вячка, — вяршы суд і справу.
Кат са сваімі памочнікамі звязаў Брацілу рукі і ногі вяроўкай, сплеценай з конскага хваста. Потым Брацілу ўвапхнулі ў вялікі скураны мяшок.
— Тэўтону даруюць жыццё, а майго сына забіваюць?! — ускрыкнула старая зялейніца. Яна, як раз'ятраная ваўчыца, ускочыла на ногі. Здавалася, гора памаладзіла яе, бо дзіка заблішчэлі вочы, смелымі і рашучымі зрабіліся рухі. З галавой, пасыпанай пяском, яна падбегла да Вячкі, стала насупраць яго, гнеўна загаварыла: — Зашывай у мяшок абодвух. І тэўтона зашывай. Хай рака возьме дзве душы, а не адну. Чуеш, князь?
Вячка маўчаў. Са здзіўленнем глядзеў ён на сваю рабыню. Загаварыў камень. Загаварыла сама зямля. Старая вераб'іха замахнулася кволым абскубеным крылейкам на льва. Цуд, дый годзе! Ды ён зараз загадае вытрасці душу з гэтых старых жоўтых мошчаў. Раб павінен маўчаць, схіліўшы выю, калі гаворыць або думае гаспадар.
— Чуеш, князь? — не адступала зялейніца.
_
12 Понт — Чорнае мора.