Раздзел другі II 3
Няўжо не было ніякага сабачкі? Няўжо зноў цэлы сонцаварот чакаць, таемна плакаць? Няўжо не будзе белага вэлюму, а будзе чорны клабук38 манашкі?
Тупат пачуўся з цемры. Зафыркалі коні. Зазвінелі цуглі. Нехта сказаў ціха і радасна, з палёгкаю:
— Прыехалі.
У Дабранегі як бы хто падрэзаў ногі. Яна ўпала ў снег і страціла прытомнасць.
Ачуняла ў сваёй святліцы. Заплаканая маці-княгіня націрала ёй скроні нейкім смуродлівым пякучым зеллем. Князь Рагвалод у разгубленасці стаяў каля ложка. Перапалоханыя чалядніцы бязладным роем снавалі ўзад-уперад: прыносілі цёплую ваду, прымочкі, прыпаркі. Адна з іх трымалася за чырвоную шчаку, пэўна, маці-княгіня адвяла на ёй душу, а рука ў княгіні цяжкая.
— Дзе ён? — адразу ж запыталася Дабранега.
— Хто? — не здагадалася, чамусьці спалохалася маці. Яна, калі палохаецца, робіцца надзіва непрыгожай.
— Ён… — знясілена прашаптала Дабранега, і князь Рагвалод зразумеў дачку.
— Гукніце кукейноскіх вояў,— загадаў князь чалядніцам.
Увайшлі воі. Адзін высокі, сінявокі, з чэрмнымі валасамі, другі ніжэйшы, бялявы. Ужо не было на іх паходнага даспеху, твары былі свежыя, вымытыя, але ўсё роўна пахла ад іх снегам, дымам, дарогай.
— Як клічуць вас, воі? — прыўзняўшыся на локаць, запыталася Дабранега.
— Я — Халадок, — весела адказаў чэрмнавалосы. — Ён — Грыкша. Занядужала, князёўна? Ад нашага гаспадара, ад князя Вячкі Барысавіча, што трымае сталец у Кукейносе на дзвінскім парубежжы, паклон табе, князёўна Дабранега, паклон тваім бацькам-князям. Слава князёў свіслацкіх дакацілася да Кукейноса. Меч моцны плячом, а плячо ў князёў свіслацкіх, як мы чулі і ведаем, заўсёды было моцнае. За зямлю полацкую, за веру дзядоў нашых непарушна стаяць яны на паўдзённых межах, як мы, людзі Кукейноса, стаім на захадзе.
Пры гэтых словах князь Рагвалод Свіслацкі паружавеў ад задавальнення, заўсміхаўся, раздзьмуў сівыя вусы. Любіў ён сечу, любіў хмельны мёд, а яшчэ любіў слова мяккае, ліслівае.
— Бяросту мы прывезлі ад князя Вячкі,— гаварыў далей Халадок, і вочы былі вясёлыя, бліскучыя. — Нізка кланяецца ён тваім бацькам, — тут воі пакланіліся ў пояс, — і просіць іх, каб дазволілі яму злюб39 з табою ўзяць, князёўна. Калі будзе тваіх бацькоў і твая згода, то наш князь на вадохрышча40 сватоў прышле. Сам ён зараз у Полацку, з вялікім князем Уладзімірам перамовы вядзе.
Халадок змоўк, і ў святліцы наступіла цішыня. Усе глядзелі на Дабранегу. А ў Дабранегі душа спявала, вочы свяціліся, нейкі салодкі невядомы голас клікаў яе. Толькі яна чула гэты голас, яна адна.
— Я ведаю князя Вячку, — сказаў Рагвалод Свіслацкі.— І бацьку ягонага, вялікага князя полацкага Барыса Давыдавіча ведаў. Моцнае племя. Добрае семя. Але скажы мне, вой, — дзе жонка князя Вячкі, княгіня Звеніслава?
— Бог паклікаў яе, — ціха прамовіў Халадок. — Памерла княгіня Звеніслава, пакінуўшы ў скрусе князя і дочачку Соф'ю. Пяць сонцаваротаў малады князь сэрца і вусны смутку аддаваў, на белы свет глядзеў без усмешкі. Але жывому — жыць, сонцу — свяціць, дрэву — расці, сэрцу — спадзявацца. І таму князь Вячаслаў Барысавіч, ці Вячка, як кліча яго ўвесь люд кукейноскі, павесялеўшы сэрцам, глянуў, нібы малады голуб, нібы месяц ясны, у ваш бок. За гарамі, за лясамі, казалі нам, што ў вас ёсць галубіца. Дык ці нельга злучыць нашых галубкоў? Колькі б ад іх было галубочкаў, белых, залатых, алмазных! Як будзе ваша згода, князь Вячка гатоў святы крыж цалаваць на сыноўнюю вернасць вашаму дому, на вернасць, да сырой зямлі і дубовай труны, князёўне Дабранезе. Рашай князь Рагвалод Свіслацкі. А пакуль прымі падарунак ад слаўнага горада Кукейноса. Наша мора бурштынам плача. І шле табе князь Вячка бурштын — марскія слёзы. Грыкша, нясі бурштын.
Грыкша прынёс у святліцу вялікі скураны мех, развязаў яго, высыпаў каля ног Рагвалода Свіслацкага і княгіні Мар'і цэлую гару бурштыну. Усе анямелі ад захаплення і здзіўлення. Жоўта-карычневай прамяністай вільгаццю мякка ўдарыла ў вочы. Быў тут і мядовы колер, і чырванавата-буры, і агністы, як восеньскае кляновае лісце. Бурштын зіхацеў, пераліваўся самымі нечаканымі адценнямі, лавіў дзённае святло і хаваў яго ў самую сваю глыбіню. Не холад, не падводны сум выпраменьваў бурштын. Цеплыня смалы, што бліскучым жывым ручайком цячэ па разамлелай ад сонца хваёвай кары, была ў ім.
Дабранега асцярожна ўзяла круглую ружова-залацістую гарошыну, паднесла да вачэй. Унутры празрыстай гарошыны, у самай сарцавіне, быў навекі замураваны зялёны вусаценькі жучок. Нават падалося, таемна блішчыць ягонае вочка — малюсенькая кропелька, іскрынка сонечнага святла, якое ззяла над зямлёй яшчэ да сусветнага патопу. Колькі людскіх пакаленняў знікла, згарэла ў полымі часу, а маленькі жучок, схаваўшыся ў кавалак бурштыну, глядзіць адтуль на людзей і як бы нешта хоча сказаць ім.
«Багата жывуць у Кукейносе», — думаў князь Рагвалод Свіслацкі, не адрываючы вачэй ад іскрыстага бурштыну. І хоць не жадаў, бачылася яму пясчаная нішчымная зямля свайго княства, незадаволеныя хітрыя баяры, якія ўсё часцей шэпчуцца аб нечым за спінаю, абдзёртая дружына, якую можна трымаць у паслушэнстве толькі віном і мясам.
— Я ведаю князя Вячку. І бацьку ягонага, вялікага князя полацкага Барыса Давыдавіча, ведаў,— пасля нядоўгага роздуму паўтарыў князь Рагвалод словы, якія ўсе ўжо чулі. Усе хацелі пачуць новыя словы, і князь цвёрдым голасам сказаў іх:
— Аб табе, дачка мая, думаю. Аб тваім шчасці клапачуся. Хочаш за князя Вячку? Хочаш быць княгіняй Кукейноса?
Усе позіркі скіраваліся на Дабранегу. Кукейноскія воі затаілі дыханне. У князёўны горача ўспыхнулі шчокі. Яна ўспомніла, як сярдзіта і сумна шуміць зімовы начны вецер, як хутка коцяцца дні. Яна зноў глянула на ружова-залацістую гарошыну. Вусаценькі зялёны жучок вечным сном спаў унутры гарошыны. І была гэта гарошына прыгожай бліскучай турмой.
— Хачу за князя Вячку, — дрыготкім голасам сказала Дабранега і стала перад бацькам і маці на калені. Княгіня Мар'я ўсхліпнула, аксамітным рукавом змахнула з вачэй слязу. Рагвалод Свіслацкі радасна і шырока, нібы зерне ў раллю кінуў, перахрысціў дачку.
— Вось вам маё слова, воі,— урачыста абвясціў ён Халадку і Грыкшу. — Князёўна Дабранега згодна ўзяць злюб з вашым князем. Я і княгіня Мар'я даем ёй сваё бацькоўскае благаславенне. Усё ў волі божай. Амінь.
Слова было сказана. Усе з палёгкай уздыхнулі, як камень з плячэй звалілі.
_
38 Клабук — галаўны ўбор манахаў.
39 Злюб — шлюб.
40 Вадохрышча — царкоўнае свята.