2 / 2
Міс Лавінія была спакайнейшая чым звычайна. Яна пашкадавала, што не можа папрацаваць на свяце ў кіёску - занятая сястрою, - прапанавала значную грашовую кампенсацыю і абяцала купіць партыю сцізорыкаў і дзіцячых шкарпэтак.
Міс Марпл заўважыла, што гаспадыня вельмі добра выглядае.
- Я вельмі ўдзячная Мэры. Я задаволена, што пазбавілася ад той дзяўчыны. Мэры напраўду неацэнная. Добра кухарыць і стол сервіруе выдатна; трымае нашу маленькую кватэру ў ідэальнай чысціні, штодзень выбівае матрацы. І яна такая ўважлівая да Эміліі!
Міс Марпл спыталася пра здароўе Эміліі.
- О, небарака, нядаўна яна зноў захварэла. Вядома, не яе віна, але гэта крыху цяжкавата. Хоча, каб ёй згатавалі што-небудзь, а калі гэта зробіш, гаворыць, што не можа есці цяпер; праходзіць паўгадзіны, і яна зноў просіць тое самае, але ўсё ўжо астыла, і даводзіцца гатаваць зноў. Клопатаў шмат, але, на шчасце, Мэры, здаецца, не звяртае ўвагі на ўсё гэта. Яна гаворыць, што ўжо даглядала інвалідаў і разумее іх. Гэта такая падтрымка.
- Вам пашанцавала, дарагая, - сказала міс Марпл.
- Ага, сапраўды. Мусіць, Мэры нам бог паслаў за нашы малітвы.
- Яна такая добрая, - заўважыла міс Марпл, - што мне проста не верыцца. Я на вашым месцы была б крыху асцеражнейшая.
Лавінія Скінер зразумела гэту заўвагу па-свойму.
- О, будзьце ўпэўнены, я зраблю ўсё магчымае, каб ёй было добра ў нас. Я не ведаю, што буду рабіць, калі яна ад нас пойдзе.
- Не думаю, што яна пойдзе ад вас раней, чым гатовая будзе пайсці, - сказала міс Марпл і ўважліва паглядзела на гаспадыню.
- Калі б не хатнія клопаты, можна было б абысціся без прыслугі, - сказала міс Лавінія. - Як там ваша Эдна?
- Нічога, спраўляецца добра. Можа, не так, як ваша Мэры, але затое я пра Эдну ведаю ўсё, бо яна вясковая дзяўчына.
Ужо ў прыхожай міс Марпл пачула злосны голас хворай.
- Гэты кампрэс зусім высах... Доктар Алертан асабліва папярэджваў пастаянна сачыць за вільготнасцю. Добра, пакіньце яго. Я хачу гарбату і яйцо. Варыць толькі тры з паловай хвіліны, помніце, і папрасіце да мяне міс Лавінію.
Энергічная Мэры выйшла са спальні і сказала Лавініі:
- Міс Эмілія просіць вас наведаць яе.
Сказаўшы гэта, Мэры памагла міс Марпл надзець паліто, падала парасон і адчыніла дзверы. Усё гэта яна зрабіла хутка і якасна.
Міс Марпл упусціла парасон, паспрабавала падняць і ўпусціла сумку, якая адчынілася. Мэры старанна памагла сабраць рэчы, якія выпалі з сумкі: насоўку, разліковую кніжку, старамодны скураны кашалёк, два шылінгі, тры пенсы і пачатую паласатую мятную цукерку.
Калі Мэры падала цукерку, міс Марпл збянтэжылася.
- Ах, гэта, відаць, малыш місіс Клементс. Я памятаю, ён смактаў яе і ўзяў пагуляць маю сумку. Пэўна, ён паклаў. Яна ж вельмі ліпкая, праўда?
- Я выкіну, мадам?
- Ага, ага, вядома. Дзякуй.
Мэры нагнулася, каб падняць апошнюю рэч - маленькае люстэрка, узяўшы якое міс Марпл радасна ўсклікнула:
- Якое шчасце, што не разбілася!
Яна развіталася і пайшла, а Мэры, як і належыць ветлівай служанцы, стаяла ў дзвярах, з абыякавым тварам і недаедзенай паласатай ліпкай цукеркаю ў руцэ.
Дзесяць дзён у Сент-Мары-Мід усім давялося выслухоўваць размовы пра выдатныя якасці новай служанкі міс Лавініі і міс Эміліі.
На адзінаццаты дзень вёска ахнула ад сенсацыі.
Мэры, гэта дасканаласць, знікла! Яе ложак астаўся засцелены, а дзверы ў пакоі былі незачыненыя. Яна ціха ўцякла пад заслонай ночы.
Але прапала не толькі Мэры! Прапалі яшчэ дзве брошкі і пяць пярсцёнкаў у міс Лавініі, тры пярсцёнкі, кулон, бранзалет і чатыры брошкі ў міс Эміліі.
Гэта быў пачатак катастрофы.
У маладой місіс Дыверыкс прапалі брыльянты, якія яна трымала ў незамкнутай шуфлядцы ў стале, а таксама некалькі каштоўных футраў, якія яна атрымала на сваё вяселле. У суддзі і ў яго жонкі таксама былі ўкрадзены такія-сякія каштоўнасці і нейкая сума грошай. У вялікім горы была міс Кармічэл. Прапалі не толькі некалькі вельмі каштоўных камянёў, але і вялікія грошы, якія яна трымала ў кватэры. У той вечар у Жанет быў выхадны, а яе гаспадыня, як звычайна, прагульвалася ў садзе, склікала птушак і карміла іх. Стала зразумела, што Мэры, гэтая бездакорная пакаёўка, мела ключы ад усіх кватэр!
Трэба прызнацца, у Сент-Мары-Мід крыху злараднічалі. Вельмі ўжо многа пахвалялася міс Лавінія сваёй слаўнай Мэры.
- А на самай справе, дарагая, проста звычайная зладзюжка!
Потым адбылося цікавае адкрыццё. Мэры знікла не толькі з вёскі. У агенцтве, якое яе рэкамендавала і паручалася за яе, выявілася, што Мэры Хігінс зусім другая жанчына, якая служыць пакаёўкаю ў сястры настаяцеля сабора. Але гэта сапраўдная Мэры жыве ў Карнуэле.
- Чыстая работа, - вымушаны быў прызнаць інспектар Слэк. - І па-мойму, яна «працуе» з шайкаю. За год да гэтага адбыўся амаль такі самы выпадак у Нортумберлендзе. Рэчаў не знайшлі, злодзеяў не схапілі. Але мы яе знойдзем!
Інспектар Слэк заўсёды быў самаўпэўнены чалавек.
Аднак тыдні ішлі, а Мэры Хігінс заставалася на свабодзе. Дарэмна інспектар падвойваў сваю энергію, якой так не адпавядала яго прозвішча*.
* Слэк - павольны, лянівы (англ. ).
Міс Лавінія, як і раней, бедавала. Міс Эмілія так расхвалявалася і спалохалася за сваё здароўе, што папрасіла прывесці доктара Хайдака.
Усім у вёсцы было вельмі цікава даведацца, што ён думае пра хваробы міс Эміліі, але, вядома, папытацца ў яго не маглі. Звесткі, якія задаволілі цікаўнасць па гэтым пытанні, дайшлі праз містэра Міка, які заляцаўся да Клары, служанкі місіс Прайс-Рыдлі. Стала вядома, што доктар Хайдак выпісаў міс Эміліі супакойлівую мікстуру і валяр'янку, якая, на думку містэра Міка, была выпрабаваным лякарствам для ўсіх сімулянтаў у арміі! Крыху пазней вёска даведалася, што міс Эмілія, незадаволеная існуючай медыцынскай абслугай, заявіла, што па стану здароўя ёй трэба пераехаць у Лондан, бліжэй да спецыялістаў, якія могуць разабрацца ў яе хваробе. Яна сказала, што гэта трэба і Лавініі.
Вызвалялася кватэра.
Праз некалькі дзён міс Марпл, расчырванелая ад хуткай хады і злёгку ўсхваляваная зайшла ў паліцэйскі ўчастак у Мач-Бенхаме і запыталася, дзе знайсці інспектара Слэка.
Інспектару Слэку не спадабалася міс Марпл, але ён ведаў, што галоўны канстэбль, палкоўнік Мэлчэт, думае інакш. Таму вельмі неахвотна ён запрасіў яе.
- Добры дзень, міс Марпл. Чым магу служыць?
- О, прабачце, - сказала міс Марпл, - баюся, вы спяшаецеся.
- Многа работы, - пацвердзіў інспектар. - Але ў мяне ёсць некалькі хвілін.
- О, прабачце, - гаварыла далей міс Марпл, - спадзяюся, я змагу дакладна ўсё расказаць. Ведаеце, вельмі цяжка каму-небудзь тлумачыць сваю думку, праўда? Не, відаць, вам растлумачу. Што зробіш, не атрымала сучаснай адукацыі - толькі гувернантка, ведаеце, якая вучыла дзяцей, каб запаміналі даты ангельскіх каралёў і таму, што вядома ўсім... ну, і як працаваць з пруткамі і ўсё такое. Блытаюся, ведаеце, не навучана гаварыць коратка і ясна. Якраз тое, што я хачу зрабіць. Гаворка ідзе, бачыце, пра Глэдзіс, пакаёўку міс Скінераў.
- Мэры Хігінс, - паправіў інспектар Слэк.
- Гэта другая пакаёўка. А я гавару пра Глэдзіс Холмс. Дзёрзкая дзяўчына, і не кожнаму падабаецца мець з ёю справы, але яна сумленная, а гэта, прызнацца, вельмі важна.
- Наколькі мне вядома, яе ні ў чым не абвінавачваюць, - сказаў інспектар.
- Ага, я ведаю, абвінавачання няма, але ад гэтага не лепей. Таму што, бачыце, людзі ўсё пляткараць. Я ведала, што дрэнна раскажу. Увогуле, я хачу сказаць, што цяпер важна знайсці Мэры Хігінс.
- Вядома, - вырвалася ў інспектара Слэка. - У вас ёсць якія-небудзь меркаванні наконт гэтага?
- Праўду кажучы, ёсць, - сказала міс Марпл. - Можна задаць вам адно пытанне? Ці маюць якое-небудзь значэнне адбіткі пальцаў?
- А, - вымавіў інспектар Слэк. - Вось тут дык яна была хітрэйшая за нас і працавала або ў гумавых пальчатках, або ў простых. Яна была вельмі асцярожная, усё выцерла ў сваёй спальні і ў другіх пакоях. Нідзе не знайшлі ніводнага адбітка пальцаў!
- Калі б у вас былі адбіткі яе пальцаў, гэта памагло б вам?
- Магчыма, мадам. Яны могуць быць вядомыя ў Скотланд-Ярдзе. Я ўпэўнены, гэта не першая яе справа!
Міс Марпл кіўнула галавою. Яна адчыніла сумку і дастала з яе маленькую скрыначку. Усярэдзіне, асцярожна замацаванае на вугалках ватаю, ляжала маленькае люстэрка.
- Маё люстэрка, - тлумачыла міс Марпл. - На ім адбіткі пальцаў пакаёўкі. Па-мойму, яны павінны захавацца: перад тым як падняць люстэрка, яна трымала ў руках ліпкую цукерку.
Інспектар Слэк вылупіў вочы.
- Вы ўзялі адбіткі пальцаў наўмысна?
- Вядома.
- Ужо тады вы падазравалі яе?
- Разумееце, мне здалося, што яна занадта добрая, каб быць сапраўднаю. Так я і сказала міс Лавініі. Але яна проста не захацела зразумець майго намёку! Ведаеце, інспектар, я не веру ў ідэальных людзей. У большасці з нас ёсць недахопы, а ў хатняй прыслугі яны распазнаюцца вельмі хутка!
- Ну што ж, - сказаў інспектар, прыходзячы ў сябе, - я вам вельмі ўдзячны. Мы пашлём адбіткі пальцаў у Скотланд-Ярд і паглядзім, што яны нам скажуць.
Ён змоўк. Міс Марпл схіліла галаву набок і паглядзела на яго.
- А вы не лічыце патрэбным, інспектар, прыгледзецца бліжэй да дома?
- Што вы хочаце сказаць, міс Марпл?
- Гэта вельмі цяжка растлумачыць, але калі вы сустракаеце нешта дзіўнае, вы заўважаеце яго. Хоць часцей за ўсё гэтае незвычайнае - дробязь. Я адчувала гэта заўсёды: я маю на ўвазе Глэдзіс і справу з брошкаю. Яна - сумленная дзяўчына; яна не брала гэтай брошкі. Тады чаму міс Скінер западозрыла яе? Сама міс Скінер не дурная, зусім не дурная! Чаму ж яна так хацела пазбавіцца ад дзяўчыны, якая была добрай служанкаю, калі знайсці новую прыслугу вельмі цяжка? Гэта было незвычайна, разумееце. Таму я зацікавілася. Вельмі зацікавілася. І заўважыла яшчэ адну дзіўную рэч! Міс Эмілія - іпахондрык, але яна - першы іпахондрык, хто адразу не запрасіў хоць якога-небудзь доктара. Іпахондрыкі любяць дактароў. Міс Эмілія - не!
- На што вы намякаеце, міс Марпл?
- Я намякаю на тое, што міс Лавінія і міс Эмілія - дзіўныя людзі. Міс Эмілія ўвесь час праводзіць у цёмным пакоі. І калі яе валасы - не парык, я... я з'ем свой шыньён! І вось што я скажу: вельмі можна худой, бледнай жанчыне з сівымі валасамі, якая ўвесь час хныкае, стаць кругленькай, з ружовымі шчочкамі і чорнымі валасамі. І ніхто, я ўпэўненая, ніколі не бачыў разам міс Эмілію і Мэры Хігінс.
Хапае часу, каб зрабіць адбіткі ўсіх ключоў, хапае часу, каб даведацца ўсё пра другіх кватарантаў, пасля пазбаўляюцца ад мясцовай дзяўчыны. І вось аднойчы ўначы міс Эмілія робіць хуткую прагулку праз вёску і на другі дзень прыязджае на станцыю як Мэры Хігінс. І потым, у зручны момант, Мэры Хігінс знікае і пакідае пасля сябе шум і гвалт. Я скажу вам, інспектар, дзе вам знайсці яе. На канапе міс Эміліі Скінер! Вазьміце ў яе адбіткі пальцаў, калі вы не верыце мне, і пераканаецеся, што я кажу праўду! Пара спрытных зладзеек - вось хто такія Скінеры, і я не сумняваюся, што яны робяць гэтыя справы з тымі, хто хавае крадзенае, не ведаю, як вы іх там называеце. Але гэтым разам яны не знікнуць з крадзенымі рэчамі. Я не магу дапусціць, каб сумленная рэпутацыя дзяўчыны з нашай вёскі была сапсавана. Глэдзіс Холмс з сумленнем чыстым, як крышталь, і ўсе павінны пра гэта ведаць! Добрага вам здароўя!
І пакуль інспектар Слэк апамятаўся, міс Марпл з дастойным выглядам пакінула кабінет.
- Фю! - прысвіснуў ён. - Дзіўна, калі гэта праўда.
Неўзабаве ён пераканаўся, што гэта так.
Палкоўнік Мэлчэт падзякаваў Слэку за хуткае расследаванне, а міс Марпл запрасіла на гарбату Глэдзіс з Эднаю і сур'ёзна пагаварыла з Глэдзіс, параіла ёй знайсці добрую работу і трывала асталявацца.