IV б
Нарэшце падрыхтоўчыя работы былі скончаны.
Віктар узяў палку між далонямі і пачаў круціць. Але машына спынялася кожную хвіліну: то рукі саслізнуць, то камень, то Мірон занадта прыцісне. Нарэшце Віктару далоні пачалі балець.
- Ды яно нават і не награецца, - з прыкрасцю сказаў ён. - І якім гэта чынам дзікуны робяць? Мы прызвычаіліся з пагардай зваць іх дзікунамі, а самі - дурнейшыя ад іх. Тут патрэбна спецыяльная машына, каб круціць.
Мірон стаяў, апусціўшы галаву, і напружана думаў. Нарэшце ён крыкнуў:
- Успомніў! Успомніў! Трэба зрабіць лук, абкруціць адзін раз палку напятай струной і піліць, як на скрыпцы. Яна тады і будзе круціцца як след. Калісьці я нават і малюнак такі бачыў у адной кніжцы.
- Пачакай яшчэ скакаць, - недаверліва сказаў Віктар. - Мы ўжо рабілі па кніжцы.
- Тое, ды не тое, - упэўнена адказаў Мірон.
Знайсці і зламаць патрэбную галіну было няцяжка. Але што на яе напяць? Азірнуліся навакол, зірнулі на сябе.
- Давай шнурок ад сваіх чаравікаў! - крыкнуў Мірон.
Прыладзіліся. Падрыхтавалі губу, драбнюсенькія трэсачкі. Пачалі шморгаць лукам. Справа пайшла іначай. Нават Віктар пачаў спадзявацца.
- Дынама-машына, ды і годзе! - засмяяўся ён.
Сучок круціўся, ямка паглыблялася.
- Поўны ход! Без перапынку! - камандаваў Мірон.
Віктар і без гэтага стараўся ваўсю. Але праз некалькі хвілін лук як тарганецца ды як скокне ўбок!.. Ледзь Віктару вока не выбіў: гэта шнурок перапіліўся і парваўся.
- Вось няшчасце! - усклікнуў Віктар. - Чаму ж ты два шнуркі разам не скруціў?
- А чаму ж ты сам не сцяміў?
- Усё сам ды сам, а твая галава навошта?
- Няўжо ты забыўся, што гэты спосаб і шнуркі я прыдумаў, а не ты?
Тут Віктар убачыў, што даў маху. Але ж не ўступаць жа з-за гэтага! І ён, рыхтуючы шнуркі, усё ж такі бурчаў, абы толькі не маўчаць, абы толькі мець апошняе слова:
- Рана хваліцца новым спосабам - невядома яшчэ, што з яго выйдзе. А шнуркі знайсці на чужых нагах кожны здолее. Я і сам здагадаўся б, каб падумаў...
- ...месяцы са два, - у тон яму прадоўжыў Мірон.
Віктар паглядзеў на яго і... шчыра зарагатаў.
Разарваны шнурок звязалі і скруцілі з цэлым. Але зноў бяда: вузялок перашкаджаў прыладзе рухацца!
Тады хлопцы накруцілі вакол шнуркоў тонкіх карэньчыкаў. Пасля таго ўся вяроўка зрабілася таўсцейшай, вузялок схаваўся і ў дадатак яшчэ наогул магутнасць машыны павялічылася ў шмат разоў.
Зноў пачалі шморгаць лукам. Цяпер ужо цягаў Мірон, а Віктар прыціскаў палку каменем. І калі ўжо здавалася, што вось-вось пакажацца дымок, камень саслізнуўся і машына павалілася набок.
На гэты раз ужо Мірон не вытрымаў:
- Выходзіць, на які ўчастак цябе ні паставіць, заўсёды там будзе аварыя.
- Ды хіба ж я хацеў? - пакорна апраўдваўся Віктар.
Мірон і сам ведаў, што Віктар не вінаваты, таму нічога болей не сказаў.
Зноў пусцілі машыну. І вось, нарэшце, паказаўся дымок!..
- Ура! Давай, давай яшчэ! - закрычалі хлопцы, як вар'яты. Дымок павялічваўся, апілкі зачарнеліся і... бліснула іскра!
- Падгарні падпал! Дзьмухай! Дзьмухай!..
Праз хвіліну хлопцы сядзелі ля агню. На тварах іх свяцілася такое шчасце, якога яны ніколі не адчувалі яшчэ ў сваім жыцці. Надыходзіў вячэрні змрок, і ад гэтага яшчэ ўтульней было каля агню.
- Нездарма першабытныя людзі пакланяліся агню, - разважаў Мірон, - нездарма і рэлігіі вядуць пачатак адсюль. Мне самому хочацца маліцца на яго. Усе мы так прызвычаіліся да агню, нам так лёгка здабываць яго, што нам здаецца, нібы гэтак заўсёды было і іначай быць не можа. Толькі ў такім становішчы, як мы, можна добра адчуць, што такое агонь, можна ўявіць, як жылі тыя людзі, што не ведалі яго.
Ён пяшчотна падкладаў трэскі і сачыў, як языкі полымя лізалі іх. Змрок згушчаўся. А разам з гэтым ярчэла святло ад агню.
І Віктар сядзеў нерухома, не зводзячы вачэй з агню. Яны нават на некаторы час забыліся на ежу.
Нарэшце Віктар ускочыў і крыкнуў:
- Навошта ж я тады сырое мяса еў? Ты выкруціўся ад гэтага, а я дарэмна пакутаваў. Не, брат, так нядобра. Ты таксама павінен пакаштаваць.
Ён ухапіў зайца і пачаў соваць яго Мірону ў рот. Пачалася вясёлая тузаніна.
- Пачакай! - крыкнуў Мірон засопшыся. - Ты ж цяпер маеш перавагу. Табе гэта нічога не пашкодзіла, а між тым ты можаш цяпер хваліцца, што ўсё перажыў на сваім вяку, нават сырое мяса еў.
- А што ты думаеш? Яно і сапраўды так, - згадзіўся Віктар. - Ну, давай гатаваць вячэру.
Але зараз жа выявілася, што справа зусім не такая простая: не было нажа! А без яго аніяк нельга было даступіцца да зайца.
- Вось дык задача! - засмуціўся Віктар. - Хоць ты яго цалкам кідай у агонь.
Ён круціў зайца і так і гэтак, пераламаў яму ногі, але больш нічога, вядома, зрабіць не мог.
- Выходзіць, што зноў трэба зубы ў ход пускаць, - сказаў ён. - Але на гэты раз прыйдзецца ўжо табе.
- Пачакай, - адмахнуўся Мірон, - трэба што-небудзь прыдумаць. Можа, які востры камень знойдзецца? Я пашукаю.
Але было цёмна, і можна было шукаць толькі каля сябе.
- Цяпер і я табе магу лекцыю прачытаць, - важна сказаў Віктар. - Вострага каменя ты тут не знойдзеш, бо ўсе каменні нанесены сюды ледавікамі і талай вадой з далёкай поўначы. Па дарозе яны або перацерліся ў пясок, або адшліфаваліся ў круглыя галачкі. Нават больш-менш вялікіх каменняў тут не знойдзеш: яны засталіся далей на поўнач, напрыклад, у Полаччыне.
- Ведаю я гэта, - адказаў Мірон, але ўсё ж поўзаў на каленях і капаўся ў пяску. - Не можа быць, каб аніводнага, нават невялікага каменьчыка не было. А калі ён будзе круглы, дык яго можна разбіць на кавалкі.
Віктар аж засаромеўся: яму ў гэты момант зусім не прыйшла на думку такая простая рэч, што камень можна пабіць. Віктар тады і сам узяўся шукаць.
Доўга прыйшлося ім папоўзаць, пакуль знайшлі невялікі гладкі, крыху сплюшчаны камень. А калі захацелі пакрышыць - дык не было чым і аб што!
- Вось табе і на! - сказаў збянтэжаны Мірон. - Трэба, значыцца, шукаць другі.
Але знайсці другі камень цяпер не было надзеі. Віктар усміхнуўся:
- Не выкруцішся, брат, - грызі зайца!
- А вось паглядзім! - упарта сказаў Мірон, адшпіліў рэмень і ўзяўся за жалезную спражку. - Гэтая штука выратуе. Асабліва, калі яе яшчэ павастрыць аб камень.
- Вось хітры, чорт! - прамовіў Віктар.
Мірон пачаў вастрыць сваю прыладу аб камень, але ён быў зусім гладкі і жалеза коўзалася без жаданых вынікаў. Тады Віктар падбег да балота, зачарпнуў у жменю вады, змяшаў з пяском і прынёс Мірону.
- Вось табе рацыяналізацыя, - сказаў ён.
«Рацыяналізацыя» трошкі дапамагла. Хоць навастрыць спражку, як нож, і нельга было, але канты зняць удалося. Тады выявілася новая бяда: гладкі, закруглены край спражкі так ёмка слізгаў па скуры, што не пакідаў знаку.
- Зноў не тое! - з прыкрасцю вымавіў Віктар.
- Тады зробім, каб было тое, - спакойна адказаў Мірон.
- Якім чынам?
- Пастукаем аб камень, зробім насечкі, каб не слізгала. Так сказаць, па прынцыпу пілы.
- Па прынцыпу пілы-ы! - з жартаўлівай павагай паўтарыў Віктар. - Гэта я разумею.
Спражка пачала драпаць скуру і пакідаць сякі-такі след. Але тут выявіўся новы недахоп: «лязо» было надта кароткім і больш прыходзілася пароць рогам, чым рэзаць ці піліць рабром. А рог акурат быў зусім тупы, прыйшлося цяпер завастрыць яго.
Адным словам, кожны раз выяўлялася, што трэба і можна яшчэ і яшчэ палепшыць прыладу. Нарэшце Віктар сказаў:
- Чаму было нам адразу так не зрабіць? А то цэлую гадзіну ўсё патрошкі выдумваем.
- Відаць, адразу з галавы, без практыкі, не надта выдумаеш, - адказаў Мірон. - Я думаю, мы за гэтую гадзіну прайшлі шлях, які першабытны чалавек праходзіў гады, стагоддзі...
- ...тысячагоддзі! - жартаўліва падказаў Віктар.
- І тысячагоддзі! - сур'ёзна сказаў Мірон. - Першабытны чалавек еў сырога зайца гэтак жа, як і ты. А колькі часу прайшло, пакуль ён здабыў агонь? Першабытны чалавек не меў ніякай прылады, як і мы. А колькі часу прайшло, пакуль ён надумаўся скарыстаць камень? А колькі часу прайшло ад каменя да жалеза?..
- Пачакай, пачакай, - перапыніў Віктар. - Тут ужо ты няправільна разважаеш: жалеза ты не выдумаў, а гатовае ўзяў.
- Ну добра, - згадзіўся Мірон. - Але апрацоўку і прыстасаванне яго першабытны чалавек прыдумаў, напэўна, не за гадзіну. Вось разам і набяруцца не толькі тысячы год, а нават мільёны. А ў нас з табою і дня не прайшло.
- Няма чаго задавацца, - зняважліва адказаў Віктар. - Твае вынаходствы не твая заслута, а ўсіх папярэдніх пакаленняў, у тым ліку і першабытных людзей. Твайго тут і макавінкі не знойдзецца. А каб не было нікога да нас, то мы з табою таксама выдумлялі б мільёны гадоў.
Гэтыя размовы мелі тую карысць, што на некаторы час адцягнулі думкі хлопцаў ад голаду. Затым прылада была пушчана ў ход. Які гэта быў «ход», лепш ужо не гаварыць... У кожным разе, роля прылады зусім не адпавядала той навуковай дыскусіі, якая вялася вакол яе. Аднак з дапамогай трэсак, сучкоў, пальцаў абодвух хлопцаў яна выканала сваю задачу: атрымалася некалькі бясформенных кавалкаў мяса, якія Мірон і закапаў у жар.
- А можа, лепш над агнём? - сказаў Віктар. - Я чытаў, што гэтак робяць.
- А я чытаў, што ў попел кладуць, - адказаў Мірон. - Другі раз паспрабуем над агнём. Паспеем яшчэ вывучыць розныя спосабы.
Калі мяса пачало скварыцца і сіпець, пакуты хлопцаў яшчэ больш павялічыліся.
- Цягні, досыць будзе! - крычаў Віктар кожную хвіліну.
Нарэшце выцягнулі.
Што за смажаніна выйшла, які смак мела, - невядома, бо з'едзена яна была ў адзін міг. І толькі пасля гэтага пайшлі розныя заўвагі:
- А здаецца, мы яго недатрымалі.
- Шкада, што солі няма. Была б зусім іншая рэч.
- Эх, каб хоць малюсенькую лустачку хлеба!
Затое тыя кавалкі мяса, што засталіся на заўтра, былі дасмажаны добра. Палажылі іх на трэсках пад дрэвам і пачалі рыхтавацца да сну. Настрой хлопцаў быў ужо зусім іншым.
- Закурыць бы цяпер, - сказаў Віктар і пайшоў шукаць сваю махорку.
Але ў цемры не знайшоў. Узяў тады галіну з агнём - і ўбачыў, што ўся махорка параскіданая і патаптаная.
- Гэта ты зрабіў?! - крыкнуў ён на Мірона.
- Навошта яна мне здалася? - паціснуў плячыма Мірон. - Мусіць, і твая праца тут ёсць. Памятаеш, як мы тады дужаліся...
Пачаў быў Віктар збіраць драбінкі, потым раззлаваўся і плюнуў.
- Вось і добра, - заўважыў Мірон. - Калі-небудзь падзякуеш, што так здарылася.
Назапасілі нанач галля.
- Каб нам не звесці агню, - трывожыўся Мірон. - Можа, па чарзе пільнаваць.
- Ну, не. Ад добрага вогнішча заўсёды застаецца пад попелам жар да раніцы.
Спаць класціся не спяшаліся. Абодва адчувалі сябе так спакойна і ўтульна, нібы яны былі ў самым звычайным становішчы.
- Толькі два дні мінула, - разважаў Мірон, - а мне здаецца, нібы некалькі тыдняў мы тут жывём. Але што мы будзем есці, калі прыйдзецца тут чакаць тыдзень ці два?
- Звяроў будзем лавіць, рыбу, птушак, - весела адказаў Віктар. - Цяпер, калі ёсць агонь, я ўжо нічога не баюся.
- Яно так, але як будзеш лавіць? - задуменна пытаўся Мірон.
- А як жа розныя дзікуны жывуць? - храбрыўся Віктар.
Праз гадзіну хлопцы смачна спалі, адчуваючы пяшчотную цеплыню ад свайго ў поце здабытага агню.